Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканамічная подбіўка беларуска-літоўскіх адносінаў


Тэрмінал у Клайпедзе

Тэрмінал у Клайпедзе

Рэзкая крытыка на адрас беларускай апазыцыі, якая прагучала нядаўна з вуснаў прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, магчыма, мае пад сабой эканамічную аснову. Менавіта на мінулым тыдні было афіцыйна абвешчана аб найбуйнейшым у гісторыі Літвы транзытным кантракце зь Беларусьсю на перавальваньне нафтапрадуктаў.

Пра плённае ўзаемадзеяньне літоўскага бізнэсу і беларускай дзяржавы піша інтэрнэт выданьне «Заўтра тваёй краіны».


Адносіны «на мазі»


Гістарычны кантракт падпісалі днямі Беларуская нафтавая кампанія (БНК) (пры ўдзеле даччынай кампаніі «Трансхема") і літоўскі нафтатэрмінал Klaipedosnafta.

Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце Klaipedosnafta, на працягу 2011-2012 гадоў БНК і «Трансхема» адгрузяць праз нафтатэрмінал каля 2,5 млн. тон мазуту, вырабленага на Мазырскім НПЗ і Наваполацкім «Нафтане».

Генэральны дырэктар Klaipedosnafta Рокас Масюліс ў камэнтары для літоўскіх СМІ назваў гэты кантракт, які дазволіў літоўскай кампаніі цалкам запоўніць партфэль заказаў на 2012 год, «гістарычным пагадненьнем».

Паводле яго, калі не лічыць адгрузак машыннай алівы з разьмешчанага на тэрыторыі Літвы польскага заводу Orlen, гэта найбуйнейшы кантракт у гісторыі Klaipedosnafta. Аб'ём кантракту Klaipedosnafta і «Трансхемы» на 2010-2011 год склаў 720 тыс. тон мазуту.

Літоўскі бок адзначае, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва БНК і Klaipedosnafta працягваецца ўжо чатыры гады. У мінулым годзе літоўскі тэрмінал выступаў злучным зьвяном для перавалкі ў Беларусь вэнэсуэльскай нафты. Таксама праз Клайпеду вывозіўся выпрацаваны ў Беларусі з вэнэсуэльскай нафты мазут для англа-галяндзкага канцэрну Shell.

Рокас Масюліс выказаў упэўненасьць, што ў будучыні беларускія вытворцы будуць адпраўляць праз Клайпеду не толькі цёмныя нафтапрадукты, але і сьветлыя: бэнзін, дызэльнае паліва.

Зацікаўленасьць Klaipedosnafta ў беларускіх замовах пацьвярджаецца фінансавымі вынікамі. Беларускія партыі нафтапрадуктаў, якія ідуць праз Клайпеду, дазволілі тэрміналу зарабляць нават тады, калі спыніўся на рамонт адзін з асноўных кліентаў - завод Orlen Lietuva. Як сказана ў справаздачы кампаніі за першае паўгодзьдзе 2011 года, даход Klaipedosnafta у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году вырас на 26% (да 18,5 млн. эўра), а чысты прыбытак -- на 58% (да 8 млн. эўра).


Транзытныя варацілы


Супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі прыносіць добры прыбытак не толькі нафтатэрміналу Klaipedosnafta.

Цяпер беларускія тавары складаюць у агульным аб'ёме транзыту праз Літву каля 30% усяго патоку і, у прыватнасьці, забясьпечваюць да 25-30% загрузкі Клайпедзкага порту. Па выніках 2010 году беларускія грузы забясьпечылі 66% усяго аб'ёму транзытных грузаў праз Клайпедзкі порт, што на 30% больш, чым у 2009 годзе.

Выгаду атрымлівае як дзяржава ў цэлым, так і прыватны бізнэс Літвы. Ключавой фігурай беларуска-літоўскага транзыту зьяўляецца літоўскі мільянэр ўладальнік Achemos grupe Браніславас Лубіс. Яго інтарэсы распаўсюджваюцца на дзьве галоўныя пазыцыі беларускага транзыту праз Літву: нафтапрадукты і ўгнаеньні.

Achemos grupe зьяўляецца другім па велічыні пасьля дзяржавы саўладальнікам згаданай кампаніі Klaipedosnafta. У дзяржавы - 70,63% акцый нафтатэрміналу, у Achemos grupe - 9,58%.

Акрамя таго, Achemos grupe - асноўны акцыянэр найбуйнейшай літоўскай кампаніі Klasko, якая займаецца пагрузкай і разгрузкай марскіх судоў. Ёй належыць адзін з двух тэрміналаў у Клайпедзе, празь якія робіцца перавалка беларускіх угнаеньняў.

Пачынаючы з 2007 года, Клайпеда выйшла ў лідэры па перавалцы беларускіх угнаеньняў у суперніцтве з латвійскім Вэнтсьпілсам і захоўвае гэтую пазыцыю да гэтага часу. У 2007 годзе праз Клайпеду прайшло 2,75 млн. тон угнаеньняў, а праз Вэнтсьпілс - 2,46 млн. тон. Калі ў 2008 годзе праз літоўскі порт было адгружана 3,05 млн. тон угнаеньняў, то праз латвійскі - 1,39 млн. тон.

У 2009 годзе Вэнтсьпілс наогул выпаў з плянаў «Беларуськалія», а праз Клайпеду было адгружана 2.437 млн. тон беларускіх угнаеньняў. У 2010 годзе пастаўкі угнаеньняў празь Вэнтсьпілс былі адноўленыя, але ўжо ў пачатку 2011 года прыпыненыя па эканамічных прычынах.

Для Klasko Лубіса «Беларуськалій» - адзін з ключавых кліентаў. У 2010 годзе доля беларускіх грузаў у аб'ём транзыту, які абслугоўвала кампанія, склала 60%. Бізнэсмэн заплянаваў інвэставаць 45 млн. літаў (прыкладна 18 млн. долараў) у тэрмінал сыпкіх грузаў і пачаць у 2012 годзе будаўніцтва менавіта з надзеяй на павялічэньне патоку беларускіх угнаеньняў. Па справаздачах за першае паўгодзьдзе 2011 году, перавалка сыпкіх грузаў на Klasko павялічылася на 36% у параўнаньні зь мінулым годам. Галоўная роля ў станоўчай дынаміцы належала угнаеньням. «Цешыць пазыцыя нашага прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце, што пры ацэнцы Беларусі нельга ставіць знак роўнасьці паміж уладай, народам і эканомікай. Санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі закранулі толькі ўлады, але не закранулі народ і эканоміку. Нашы партнэры ў Беларусі не трапілі ў гэтыя сьпісы і змогуць прыехаць да нас на перамовы», - прыводзіць словы Браніславаса Лубіса літоўскае выданьне Jura 24.

Яшчэ адзін апэратар па перавалцы беларускіх угнаеньняў – кампанія, падкантрольная бізнэсоўцу Ігарысу Ўдавіцкасу, таксама атрымлівае ад гэтага бізнэсу немалыя даходы. Па словах кіраўніцтва, па аб'ёмах першага паўгодзьдзя 2011 году кампанія ўжо працуе з гадавой магутнасьцю 3,7 млн. тон, перавышаючы цяперашнюю магутнасьць тэрміналу.
XS
SM
MD
LG