Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Прэзыдэнт здаваўся шчырым”: ліст міністра Младэнава баранэсе Эштан


Мікалай Младэнаў

Мікалай Младэнаў

Беларускі палітоляг Дзяніс Мельянцоў выклаў у сваім блогу
адрасаваны кіраўніцы замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан ліст баўгарскага міністра замежных справаў Мікалая Младэнава пра вынікі яго перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.


Як паведаміў “Свабодзе” Дзяніс Мельянцоў, гэты ліст быў распаўсюджаны сярод чальцоў экспэртнай рабочай групы па Беларусі, якая нядаўна сустракалася ў Вашынгтоне.

Мы папрасілі прэсавую службу Кэтрын Эштан пракамэнтаваць зьмест публікацыі на блогу спадара Мельянцова. Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка Эштан, адказала нам наступнае:

“Высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Эштан атрымала ліст ад баўгарскага міністра замежных справаў Младэнава, які тычыцца Беларусі. Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі на нефармальнай сустрэчы ў пачатку верасьня. Яны зьвярнулі ўвагу на апошнія падзеі, але пры гэтым заявілі, што ЭЗ хоча бачыць вызваленьне і рэабілітацыю ўсіх палітычных зьняволеных”.

Такім чынам, прадстаўніца спадарыні Эштан не пацьвердзіла, але і не зьняпраўдзіла аўтэнтычнасьці зьместу ліста, разьмешчанага на сайце Дзяніса Мельянцова.

Прапануем вам пераклад дакумэнту.

28 жніўня 2011 г.

Дарагая Кэці,

я пішу вам пра некаторыя падзеі ў Беларусі, якія, на мой погляд, маглі б стварыць магчымасьць для Эўразьвязу спрыяць працэсу дэмакратызацыі.

На працягу апошніх некалькіх тыдняў мы прымалі некаторыя сыгналы зь Беларусі, якія сьведчылі пра зацікаўленасьць у паляпшэньні адносінаў краіны з Эўразьвязам. Наш аналіз паказвае, што такая зацікаўленасьць, магчыма, была абумоўленая фінансавымі абмежаваньнямі, зь якімі сутыкаюцца беларускія ўлады, а таксама ўплывам санкцыяў і вонкавага асяродзьдзя ў цэлым.

Падчас маіх першапачатковых кантактаў зь людзьмі з атачэньня прэзыдэнта Лукашэнкі я заявіў, што ня можа быць ніякіх дыскусіяў, пакуль няма бачнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, што зьяўляецца асновай нашай агульнай пазыцыі ў Эўразьвязе. Гэта ўключае ў сябе поўную палітычную амністыю для ўсіх перасьледаваных, абвінавачаных і асуджаных па справе пасьлявыбарных сутыкненьняў у сьнежні 2010 году.

На маё вялікае зьдзіўленьне, рэакцыя зь Менску была станоўчай.

У гэтым прычына, чаму ў пятніцу, 26 жніўня, я прыляцеў у Беларусь і меў гутарку з прэзыдэнтам на працягу 2,5 гадзінаў, падчас якой ён пагадзіўся з наступным:

1. Да канца наступнага тыдня прынамсі чатыры вязьні будуць вызваленыя і справы ў дачыненьні да двух іншых будуць спыненыя безь якіх-небудзь далейшых наступстваў;

2. Да канца верасьня / пачатку кастрычніка ўсе астатнія палітычныя актывісты будуць вызваленыя;

3. На пачатку наступнага тыдня прэзыдэнт павінен выступіць на нацыянальнай канфэрэнцыі настаўнікаў, на якой ён закліча да нацыянальнага “круглага стала” паміж уладамі, грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй. “Круглы стол” павінен забясьпечыць сапраўдны дыялёг, накіраваны на ўзгадненьне палітычнай будучыні і дэмакратызацыі Беларусі. Ён павінен грунтавацца на прынцыпах захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі і разьвіцьця шматпартыйнай дэмакратыі.

4. Падчас абвяшчэньня гэтай ініцыятывы прэзыдэнт зьвернецца да Эўрапейскага Зьвязу з просьбай накіраваць “групу мудрацоў” для кантролю і, магчыма, спрыяньня гэтаму дыялёгу.

Я лічу, што гэтыя ініцыятывы, у выпадку іх рэалізацыі на працягу найбліжэйшых некалькіх дзён, стварылі б магчымасьць для ЭЗ канструктыўна падтрымаць дэмакратызацыю ў Беларусі. Гэта стварыла б для нас умовы, каб працаваць з уладамі і апазыцыяй над распрацоўкай умоваў рэальнай шматпартыйнай дэмакратыі. Ува ўсіх краін-чальцоў ЭЗ, якія пераходзілі да дэмакратыі, ёсьць досьвед і веды, якія можна прапанаваць. Гэта было б у інтарэсах Эўропы і народу Беларусі, калі мы пагодзімся, каб вызначыць групу разумных і дасьведчаных спэцыялістаў, якія маглі б кантраляваць, накіроўваць і спрыяць такому дыялёгу ў Беларусі. Гэта было б знакам нашай гатовасьці ўмацоўваць эўрапейскія прыхільнасьці нашых усходніх суседзяў.

Мая ацэнка сустрэчы была вельмі станоўчай. Прэзыдэнт здаваўся шчырым у сваім імкненьні перагарнуць старонку мінулага такім чынам, каб краіна магла рухацца наперад. Ён казаў аб неабходнасьці новай канстытуцыйнай дамоўленасьці, якая прывядзе краіну да шматпартыйнай дэмакратыі, і пра небясьпеку канцэнтрацыі “занадта вялікай улады”, як ён гэта зрабіў. Ён відавочна лічыць, што захаваньне незалежнасьці Беларусі будзе яго самай важнай спадчынай. Ён пагадзіўся з тым, што найбольш надзейнымі гарантыямі незалежнасьці зьяўляюцца трывалыя адносіны з Эўразьвязам і функцыянаваньне дэмакратычных інстытутаў.

Я спадзяюся, што на наступным тыдні мы можам вітаць такое разьвіцьцё падзей, калі яны будуць разьвівацца так, як было абяцана, і на нашай наступных сустрэчах мець больш глыбокія дыскусіі.

Мікалай Младэнаў, міністар

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG