Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У судзе над меркаванымі падрыўнікамі мэтро нічога ня ясна. Немагчыма верыць БТ – “ахраніцельнаму тэлебачаньню”, якое, насуперак законам прафэсіі, асьвятляе падзеі толькі аднабакова. Немагчыма верыць суду, які асуджае нямога за крыкі “Жыве Беларусь!”, а бязрукага за воплескі. Немагчыма верыць уладзе, якая прывучыла нас нічога пра сябе ня ведаць. Немагчыма верыць і адвакатам, якім не далі толкам паразмаўляць з абвінавачанымі. Немагчыма верыць абвінавачаным, бо паказаньні выбіваюцца. Немагчыма верыць і незалежным камэнтатарам, бо адкуль яны могуць нешта ведаць, калі ўсё закрыта.

Словам, спробы згуляць у інфармацыйную гульню ў дзяржаве, якая жыве законамі прапаганды, а не інфармацыі, выглядаюць, як футбол у басэйне ці як заплыў на футбольным полі – як заўгодна, але ў кожным разе неадэкватна. Няма нічога, на што можна было б абаперціся і чаму можна было б адназначна паверыць.
Спробы згуляць у інфармацыйную гульню ў дзяржаве, якая жыве законамі прапаганды, а не інфармацыі, выглядаюць, як футбол у басэйне ці як заплыў на футбольным полі...

У такіх выпадках даводзіцца асэнсоўваць рэчы ўскосныя. Напрыклад, факт, што большасьць беларусаў – за сьмяротнае пакараньне. Пазыцыя эмацыйная, а не прадуманая, тым ня менш гэта факт. Факт і тое, што працэс над меркаванымі тэрарыстамі павінен закончыцца сьмяротным прысудам. Паміж гэтымі двума фактамі прабягае электрычны разрад.

Сытуацыя неабыякавая для ўсяго беларускага грамадзтва, а гэта значыць, што беларускае грамадзтва ўпершыню ў сваёй гісторыі змушанае засяродзіцца на тэме сьмяротнага пакараньня, як на нечым канкрэтным і датычным цябе асабіста. “Мы патрабуем перанесьці працэс да таго часу, калі будзе адмененая сьмяротная кара”, – кажа ў судзе пацярпелая ад тэракту. “Мы за тое, каб караць сьмерцю, але толькі ў тым выпадку, калі на лаве падсудных – сапраўды тыя людзі”, – пішацца ў дзясятках камэнтароў. Ня важныя тут ні суд, ні БТ, ні Лукашэнка – гэта, на жаль, рэаліі. Важна, што ў гэтым месцы мы самі ад прапаганды пераходзім да інфармацыі. Пачынаем па футбольным полі бегаць, а ў басэйне плаваць.

У адрозьненьне ад “ахраніцельнага” прапагандыста звычайны чалавек (і журналіст) ставіць сябе на месца суду і на месца таго, хто на лаве падсудных. Звычайнаму чалавеку (і журналісту) відаць, што на лаве – ня трохгаловы дракон, не замацярэлы забойца і нават ня Брэйвік, хворы на ўсю галаву. Тут – “звычайныя пацаны, якіх тысячы”, “нашто ім гэта было трэба?”, і вось што істотна – “нічога дастаеўскага”...
Адзінае, што тут магло б пераканаць – незалежная псыхіятрычная экспэртыза са станоўчым вынікам – вар'яты. Нічому іншаму людзі проста не павераць, колькі ні заклінай...

А цяпер – на месца судзьдзі. Натуральна, усе гэтыя лепятаньні пра “дэстабілізацыю”, “самарэалізацыю” ды іншыя газэтныя штампы сабе самому і ў галаву ня прыйдуць. У курылцы ў такіх выпадках кажуць проста “не залівай” або складана – “Аркадзій, друг, не гавары красіва”. Адзінае, што тут магло б пераканаць – незалежная псыхіятрычная экспэртыза са станоўчым вынікам – вар'яты. Нічому іншаму людзі проста не павераць, колькі ні заклінай.

Няздатнасьць суперажываць чужому болю – гэта такая самая хвароба, як адсутнасьць ныркі ці вока – таксама органа, толькі ў псыхіцы. І ўчыніць масавае забойства мірных людзей можа толькі вар'ят. Але гэта трэба даказаць. А паколькі ў прапагандзе задача нешта даказваць ня ставіцца (ставіцца задача прымусіць думаць так, а не інакш), ясна, што вынік гэтага суду перадвырашаны і ніякая грамадзкая думка яго ня зьменіць.

Але суд зьменіць грамадзкую думку. Бо ўявіце, колькі народу падумае: трэба караць сьмерцю, калі гэта яны. Сто тысяч? Мільён? А калі іх пакараюць, а перакананьне ў іх злачыннасьці так і ня зьявіцца (бо адкуль яму зьявіцца ў прапагандысцкім футбольным басэйне?), прыйдзе і наступная думка – пра рызыкоўнасьць сьмяротнага пакараньня як такога. Гэта ж заўтра кожнага могуць так запакаваць, як гэтых “звычайных пацаноў”, якіх тысячы. Нарэшце, самы заўзяты эмацыйны прыхільнік сьмяротнае кары дойдзе да трэцяй у гэтым ланцужку думкі: лепш не рызыкаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG