Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: горад-муляж


Адзін анёл толькі застаўся над Горадняй, другога няма, зьнялі і больш не паявіўся. Парачка іх высока ў небе — над Катэдрай на званіцах моўчкі дзьмула ў свае трубы гарадзенскія. Пяць гадоў таму плошча перад касьцёлам ператварылася ў вялікую будаўнічую пляцоўку. Людзі жартавалі: дбаюць пра горад два ягоныя ахоўнікі — “мэр” і “губэрнатар”. Ая-яй — гэта на анёлаў-то нашых! Вось бязбожнікі! Хоць шлюб бяруць у храме, як зноўку стала модна. Што да чыноўнікаў, то першы падняўся яшчэ на прыступку, а вось “губэрнатара” сапраўды вельмі раптоўна пазбавілі месца. Анёла таксама — даўжэзныя лескі пажарныя прыставілі, адважнік узьлез на вышыню… Як было патлумачана: адзін анёл трымаўся кепска, мог упасьці на галовы.

89 камяніц — пад нож?


Новым айцам нашым запала ў душу жаданьне адсяліць амаль усю старую Горадню, а з дамоў — у сьпісе іх ажно 89! — зрабіць “обшчэпітаўскі” рай: кавярні-рэстарацыі, пабы, румачныя, катлетныя, абавязкова чабурэчныя, піцэрыі-спагетэрыі, ледзь не вустрычныя. Ва ўрадзе пачыналі прасіць было нават фінансы на кватэры для адсяленцаў. Уяўляеце: кляндайк які намячаўся? Затым дамы прадаюць грашовым мяшкам і рабіце, хлопцы, што хочаце! Пачакайце, а прычына якая, навошта? Нікуды ня вартыя, кажуць, камяніцы, састарэлыя, лядашчыя… Вось маеш: увесь Стары горад аварыйны ў іх!

Мары пра бульдозэр колішняга начальства адкладзеныя ўбок, усё адбудзецца ціп-топ, па-сучаснаму, камар носу не падаткне, разбураць Горадню старасьвецкую па дамку, паасобку, акуратна і складуць з блёкаў сілікатных муляж-горад “на заглядзеньне”.
Сьцяна, якая засталася ад рэстарана “Беласток”

Прыклад: сьвежаразбураны зухава адзін з самых адметных помнікаў, нядаўні рэстаран “Беласток”, засталася толькі сьцяна вулічная літарай “г”, якраз завяршылі да зімы, калі яна згніе і пачне развальвацца. Счакаюць, а тады зруйнуюць канчаткова і прывязуць будматэрыялы “харошыя”, ледзь ня плакаў мой знаёмы архітэктар… Калі я іду, асабліва ўвечары міма, вецер трывожна распахвае вокны-форткі ў сьцяне “Беластока”, тузае вялізную шату, апраненую на мур, даўно падзёртую бязгодаю, на якой намаляваная прыгожая камяніца, якой яна была, пакуль улада не збыла з палёгкай помнік з плеч.
Экскаватар працуе ўнутры рэстарана “Беласток”

На другі сьвежы прыклад паглядзець ужо не атрымаецца зусім, толькі на здымках. На суседняй вуліцы нейкага Ўрыцкага стаяла камяніца, якую айцы прадалі ў прыватныя рукі, фірма прыехала і разбурыла цагляны двухпавярховы дом. Што праўда, пакінуўшы сьцяну. Айцы рэклямавалі новага “рачыцельнава” гаспадара, паказвалі малюнак — як прыгожа будзе ўпісаная пашкадаваная сьцяна ў новы офісны будынак.
Вывозяць камяні з падмуркаў камяніцы на вул. Урыцкага

Мінулі паціхеньку чатыры гады, сьцяна, напэўна, сапраўды згніла. Прыйшлі будаўнікі, зруйнавалі, выкапалі катлаван і павесілі на плот шыльду: “рэканструкцыя”. Рэканструкцыя чаго — паветра?! А не даставайся ж ты, Горадня, нікому, прападай, лядашчая, нягеглая! Хоць ня мы цябе будавалі, але ты ў нашых цяпер абцугах, у нашых кайданах, нікуды ня дзёрнесься, не ўцячэш ні да якіх палякаў, ні да каралёў сваіх і рыцараў! Граніца на крэпкім замку!

Молатам па купалах


Савецкая ўлада, яна махаць малойца молатам, молатам, ды па галовах, па руках, па купалах, па крыжах, па мурах, па статуях! Прафэсія ў яе такая — разбураць, таптаць нацыянальныя кляйноты, забіваць нацыянальную памяць. На яе месца — калі ласачка — сьвежы набор падарункавы ў вітрыне: пяць пляшачак па дзьвесьце грамаў гарэлкі “Франтавая песьня” за трыццаць адну тысячу. На кожнай этыкетцы — асобная назва шлягера ваенных гадоў. Усё, кропка, іншай гісторыі ў нас, беларусаў, не было, не прадугледжана…

Добра, я спакойны, я талерантны і памяркоўны… Што дагэтуль палохае: савецкая ўлада не хацела проста будаваць у Горадні свае сталінкі-хрушчоўкі, ёй собіла пасадзіць іх на галаву храму, кляштару, палацу. Пры Сталіне марылі замяніць шэраг старых камяніц паміж двума касьцёламі на “Дом саветаў”. Перадумалі: свой гмах уладзе заманулася паставіць ці на месцы “дома Стэфана Баторыя”, ці насупраць яго — збурыўшы самы вялікі ў Беларусі каталіцкі храм. Начальства не засмучала, што тады за сьценкай будзе турма. Урэшце проста ўзарвалі другі — гатычны касьцёл, а дзеля выканкаму зруйнавалі цэлы квартал у іншым месцы.

Пры Хрушчове гэнплян “штурм і націск”: разбурыць самую архітэктурна каштоўную вуліцу і ўсё вакол яе, забудаваць хрушчоўкамі, а на пагорку над Нёмнам — замест касьцёла з кляштарам паставіць трохпавярховы кафэтэры “чаі ганяць”… Вуліца нейк ацалела, кляштар — не, там цяпер сучасны “гмах Мэльпамены”, кафэтэры партыя палічыла неабавязковай раскошай, насупраць — каля муроў іншага храма паставілі піўную, каб адцягнуць гарадзенцаў ад “рэлігійнага дурману”.

Міжволі крыўдна робіцца за горад, што Сталін не аддаў яго Польшчы, выбачайце, патрыёты. Быў бы горад-цукерка, а не хрушчоўка, як цяпер.

Адзін стары архітэктар мне апавядаў, як на яго ціснулі, каб шэрую скрыню “дома сувязі” пасадзіў абавязкова на помнік архітэктуры ХVІІ ст. — кляштар брыгітак. Былі і тады такія, хто хацеў заставацца чалавекам, хоць гэта каштавала нэрваў: кляштар і пошта стаяць побач. Але гэты чалавек памятаў свае карані, што ён мясцовы, што продкі былі уніятамі.

Густ у савецкай улады заўжды быў не абы-які: выбірала самыя ласыя кавалкі, самыя заўважныя, моцныя будынкі зьнішчыць карцела. Цяпер наракае, што горад-то, маўляў, лядашчы зусім стаў, хоць у дамавіну яго адразу. Але хто ёй вінаваты? Хто разбураў? Шпіёны, дывэрсанты?

Нашыя камяні


Колькі я бачыў разбураных падмуркаў, на якіх стаяла Горадня! Экскаватары мэханічна выдзіралі зь зямлі вялізныя камяні, укідалі ў кодаб і “МАЗы” вывозілі нашыя падмуркі к чорту, за горад. Нашыя продкі з ХІІ стагодзьдзя старанна зьбіралі камяні і цягнулі іх сюды, каб будаваць на высокім рачным беразе слаўны горад. Нямалых высілкаў каштавала гэта, але муры расьлі.

Ня ўсё гладка выходзіла: войны здараліся, зьнішчальныя пажары, але горад аджываў, камяні працягвалі зьбіраць для яго ўмацаваньня. Сёньня камяні гэтыя раскідаюць, у галовах пуста, няма ў іх памяці пра нашых продкаў.

Старая Варшава з новай цэглы


Дзіўнае адчуваньне: старыя сьцены, вежы, брамы, а ня можаш пазбыцца думкі, што гэта горад-муляж. Аднак муляжы бываюць розныя. Муляжы ад любові і муляжы ад пагарды… Здавалася б, камуністы ўсе аднолькавыя: рукі сьвярбяць разбурыць увесь сьвет, каб набудаваць хрушчовак, новых турмаў, баракі і казармы. Ажно не! Польскія камуністы заставаліся палякамі, нашы ўсяго беларускага шугаліся як чорт ладана. Ганталь у галаве сядзеў: камуністы-беларусы ўсе з адтулінай у патыліцы даўно. Мазгі цаніліся маскоўскай штампоўкі.
Стары горад з каралеўскім палацам, адноўленыя пасьля вайны

Будзеце ў Варшаве, паглядзіце выставу, называецца “Адбудова Варшавы ў 1945-52 гадох”. Так, менавіта, Стары горад, каралеўскі палац, усё аднавіла камуністычныая ўлада. Што хаваць: дзіўна гэта, што варшаўская “Старувка” у сьпісах спадчыны ЮНЕСКО. Стары горад, ад якога засталіся адно падмуркі.
На Кракаўскім прадмесьці запрашаюць на выставу “Адбудова Варшавы”

У нашым разуменьні, сапраўдным рэчам, не падробкам робяць такі гонар. А Варшава, яна не аўтэнтычная, але падробкай яе назваць язык ня зможа, бо яна цяперашняя — копія той, што была да разбурэньня нямецкай артылерыяй і авіяцыяй. Крыж Эўфрасіньні цяперашні, ён жа — копія, не падробка?!

Будзеце ў Горадні, наведайце выставу, прысьвечаную разбураным пасьля вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старасьвецкім камяніцам, касьцёлам, палацам. Адчуйце розьніцу.

Маліцца-не журыцца


Гэты тэкст вярэдзіў душу некалькі месяцаў. Ніяк ня мог закончыць яго, горад не спынялі рэзаць па-жывому, прылады разбурэньня не здавалі ў пераплаўку. Сасьніў чыноўнікаў нашых: яны па адной чамусь цагліне несьлі на плошчу, складалі ў стосы, доўгай чарадою. Я не магу ўцяміць, а яны нясуць і нясуць, дамачкі выканкамаўскія нават. І нехта мне паказвае — на плоце шыльда: рэстаўрацыя Фары Вітаўта пад праваслаўны сабор усіх мучанікаў. Так і напісана — “рэстаўрацыя”. Таго, чаго няма. Але чаму касьцёл — у царкву? А той нехта адказвае грубым голасам: “А рэскрыпт хіба не чытаў? Яшчэ цар падпісаў наш праваслаўны. Якая розьніца — дзе маліцца? Бог — гэта любоў!”

Бог? Любоў? Пры чым тут гэта? Паварочваюся, а ў адваротны канец мужчыны бюракратычнага выгляду — у нямодных пінжаках, пад пажаванымі гальштукамі — коцяць вялікія камяні: назад, у горад.

Постскрыптум:


Будаўнікі пачалі сёньня бурыць апошнюю сьцяну рэстарана “Беласток”, пабудаванага сто гадоў таму як гатэль “Раяль”. Праўда ламаюць без дапамогі экскаватара, “хірургічным чынам”. Прагноз майго знаёмага архітэктара наконт таго, што чапаць ня будуць да зімы, ня спраўдзіўся.

Апошнюю сьцяну “Беластока” пачалі “рэстаўраваць”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG