Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод асноўных тэмаў:

«На «хрэсьбінах» вязьня могуць назваць «пеўнем» і паабяцаць полавы акт» — зь ліста маці асуджанага

«Ці варта рабіць экскурсіі ў беларускія турмы?» Апытаньне мінакоў на гарадзкіх вуліцах

«Уся беларуская літаратура прайшла праз «амэрыканку».
Гутарка з Уладзімерам Някляевым

Што азначае «мазаць лоб зялёнкай»? Турма і здароўе


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.


Свабода ў турмах. 18 верасьня. Ч.1.


Свабода ў турмах. 18 верасьня. Ч.2.


«На «хрэсьбінах» вязьня могуць назваць «пеўнем» і паабяцаць полавы акт» — зь ліста маці асуджанага


Гэты ліст мы атрымалі ад Надзеі Н. — маці асуджанага, які адбывае пакараньне ў Мазырскай папраўчай калёніі № 20. Літаральна некалькі дзён таму жанчына вярнулася зь першага працяглага спатканьня з сынам і, як яна кажа, не магла не напісаць да нас у праграму пра тое, што распавёў ёй сын і што яна ўбачыла на ўласныя вочы.

Як піша Надзея, яна наведала сына, калі летняя сьпякота спала.

«Нават цяпер, у аднапавярховым корпусе, дзе месьцяцца пакоі працяглых спатканьняў, вада ў душы сочыцца халодная, у лепшым выпадку ледзь цёплая. Гарачая вада цячэ або раньнім ранкам, або позьнім вечарам, уначы, калі зьняволеным мыцца не дазволена. У самыя ж гарачыя летнія дні вада ў трохпавярховых карпусах жылой зоны асуджаных пастаянна не даходзіла да трэцяга, а часам і да другога паверху.

У памяшканьнях атрадаў, якія разьмешчаны на трэціх паверхах карпусоў, тэмпэратура ўвесь час трымаецца вышэй за +30 градусаў, гэта пры цеснаце ў гэтых памяшканьнях (да 40-60 чалавек) і поўнай адсутнасьці вэнтыляцыі. У якія толькі інстанцыі не пісалі асуджаныя, аднак начальнік калёніі Збароўскі катэгарычна адмаўляў гэты факт.


Папраўчы дом на тэрыторыі мазырскай калёніі № 20
Ежу ў сталоўцы папраўчай калёніі № 20 вельмі цяжка назваць словам «ежа». Крадуць усе, хто мае доступ да прадуктаў харчаваньня! На шматлікія скаргі асуджаных прыяжджалі розныя праверкі, аднак пра ўсе праверкі адміністрацыю, як правіла, папярэджваюць загадзя. Натуральна, усё для іх прыездаў выдатна падрыхтавана. Таму ў выніку такіх праверак ніякіх парушэньняў няма. Тым ня менш асуджаныя як ня бачылі, так і ня бачаць месяцамі мяса, недаатрымліваюць неабходнай і ўзгодненай Саўмінам нормы алею, малака (усё гэта неміласэрна разводзіцца вадой), незразумела, з чым разьмешваюцца тыя ці іншыя крупы. Асноўная ежа мужчын — капуста. Кіраўнікі сыстэмы МУС заяўляюць, што на ўтрыманьне асуджанага ў месяц ідзе больш за 800 тысяч беларускіх рублёў. Аднак дзе яны? На закуп мяшка капусты, пары кіляграмаў пярлоўкі, сечкі ці проса, аплату электраэнэргіі і вады — зыходжу з прыкладу сына — у месяц можа ісьці сама болей 150 тысяч! Куды ж ідуць астатнія грошы? Дакладней, ня грошы, а тое, што закуплена на гэтыя грошы?

Мой сын таксама вельмі прасіў напісаць, што робяць супрацоўнікі папраўчай калёніі № 20 з тымі, хто дазваляе сабе быць незадаволеным існуючым парадкам. Такіх асуджаных з розных надуманых прычын зьмяшчаюць у ШЫЗА ці ПКТ. Яны робяцца ворагамі адміністрацыі. Супраць іх выкарыстоўваюцца зьдзекі самага рознага кшталту — як фізычнага, так і псыхалягічнага. Нярэдка асуджаных даводзяць да суіцыду.

У калёніі № 20, як і ў іншых калёніях, існуе такі рытуал, як «хрэсьбіны». Яго начальства праводзіць для ўсіх «незадаволеных» перад накіраваньнем у штрафны ізалятар. Падчас «хрэсьбінаў» якіх толькі матных абразаў ды пагрозаў не пачуе зьняволены. Так, начальнік калёніі вельмі лёгка можа назваць вязьня «пеўнем» — гэта адна з самых цяжкіх абразаў у крымінальным сьвеце, паабяцаць, што зьдзейсьніць зь ім полавы акт у самай пачварнай форме! Пасьля такога прыніжэньня асуджанага накіроўваюць у ШЫЗА, дзе зь яго будуць далей зьдзеквацца ды зьбіваць яго іншыя супрацоўнікі калёніі. Нікому няма аніякай справы да таго, што адбываецца ў папраўчай калёніі № 20. Як кажа адміністрацыя калёніі: скардзіцеся, хто вам паверыць!

Дзеля справядлівасьці трэба дадаць, што ёсьць сярод асуджаных папраўчай калёніі № 20 і тыя, для каго створаныя сапраўды райскія ўмовы ўтрыманьня. Гэта тыя асуджаныя, чые сваякі выдзяляюць грошы або будаўнічыя матэрыялы на рамонты ў розных кабінэтах і памяшканьнях калёніі, таксама асуджаныя, у якіх з тых ці іншых прычын, так бы мовіць, зацікаўленыя супрацоўнікі папраўчай калёніі. Такіх зьняволеных называюць «дойнымі каровамі». Яны жывуць у невялікіх памяшканьнях, дзе ня 40—60 чалавек, а, напрыклад, 5—10. Гэты кантынгент ня ходзіць на зарадкі ды шыхтаваньні, ня ходзіць у нарады, затое рэгулярна атрымлівае заахвочваньні ў выглядзе дадатковых спатканьняў, пасылак, бандэроляў, тэлефанаваньняў па-за ўсялякімі графікамі ды чэргамі. Яшчэ заахвочваюцца і тыя, хто даносіць міліцыянтам на сваіх сукамэрнікаў.

Я, вядома, разумею, што нашы дзеці — злачынцы і тэрміны свае яны атрымліваюць за рэальныя злачынствы, але хто дае права супрацоўнікам папраўчай калёніі № 20 ствараць для іх такія бытавыя і маральна-псыхалягічныя ўмовы, якія ня толькі не спрыяюць выпраўленьню, а мэтанакіравана калечаць псыхіку і здароўе нашых дзяцей? Пасьля расказаў сына пачынаеш разумець, што асноўная маса супрацоўнікаў папраўчай калёніі № 20 — такія ж злачынцы, як і нашы дзеці, толькі знаходзяцца яны, на жаль, па гэты бок сьцяны і маюць уладу зьдзеквацца з нашых дзяцей».


«Ці хацелі б вы трапіць на экскурсію ў беларускую турму?»


Такое апытаньне на гарадзкіх вуліцах правёў наш магілёўскі карэспандэнт. У той час як большасьць апытаных выказаліся за арганізацыю падобных экскурсій, бачачы ў іх пэўную карысьць…

Спадар: «Канечне, варта рабіць, каб людзі паглядзелі, што там такое. Каб не паўтаралі памылак, каб разумелі сытуацыю. А там можна будзе гаварыць з тымі людзьмі? Людзі там пагавораць. Усякае ў жыцьці бывае. Не заракайся ад турмы й сумы…».

…некаторыя катэгарычна адмовіліся наведваць гэтую ўстанову.

Дзяўчына: «Навошта звычайным людзям у турме бываць? Я б не хацела апынуцца там наагул. І тым больш без экскурсіі не хацела б там апынуцца».

«Мне хапае турмы ў жыцьці», — заявіла адна спадарыня.

(Цалкам апытаньне можна пачуць у аўдыёвэрсіі праграмы.)

Зваротная сувязь


І яшчэ пара допісаў, у якіх нашы слухачы ды наведнікі сайту абмяркоўваюць тэму суду над двума абвінавачанымі ў выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка — жыхарамі Віцебску токарам Дзьмітрыем Канавалавым і электрыкам Уладзіславам Кавалёвым. Гэты, як яго называюць журналісты, самы гучны за апошнія гады судовы працэс, распачаўся ў чацьвер, 15 верасьня ў Менску. Нагадаем, што ад тэракту загінулі 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.

Якога пакараньня заслугоўваюць забойцы

Аўтары допісаў лічаць, што супраць тэрарыстаў павінна быць ужытае сьмяротнае пакараньне. Пры ўмове, калі яны насамрэч вінаватыя.

Макс піша:

«Ніхто не пераканае мяне, што забойцы заслугоўваюць іншага лёсу, чым сьмяротнае пакараньне. Аднак мянтоў-катаў таксама трэба судзіць, як самых цяжкіх сэксуальных вычварэнцаў! Няма нідзе ў нас закону, які б дазваляў зьдзеквацца зь людзей!

Сустракаў у сваім жыцьці аднаго сьмяротніка. Ён адседзеў у камэры сьмяротнікаў больш за год. Дык ён расказваў, што турэмнікі так і казалі яму: «Усё роўна здохнеш, дык мы хоць на жывой «грушы» патрэніруемся». Білі яго сьмяротным боем. Ад гэтых пабояў у яго ў 30 гадоў ужо два інсульты здарыліся, а колькі чаго выскачыць яшчэ — яму і 40 гадоў яшчэ няма».


А вось допіс Аляксандра:

«Ісьціна суд не цікавіць — толькі вынік. А таму лёс галоўных падазраваных, Канавалава ды Кавалёва, вядомы загадзя: памажуць лоб зялёнкаю. Ведаючы судзьдзю Федарцова, магу меркаваць, што прысуд ня будзе справядлівы».

Судзьдзя Аляксандар Федарцоў, які старшынюе на працэсе, — першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі.

Пра тое, што значыць «мазаць лоб зялёнкай», а таксама пра тое, як выконваецца сьмяротнае пакараньне, — пры канцы праграмы.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У сьнежні 1995 году пры канцы жыцьця ў сваім эсэ «Пісьменьнік у турме» нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры і колішні вязень савецкага ГУЛАГу Ёсіф Бродзкі напісаў пра тое, што ў ХХ стагодзьдзі пісьменьнікаў зьнявольвалі ці не паўсюдна:

«Вы наўрад ці зможаце назваць мову, ня кажучы ўжо пра краіну (хіба што Нарвэгія?), чыіх пісьменьнікаў зусім не закранула гэтая тэндэнцыя. У некаторых мовах і краінах з гэтым справы, вядома, лепшыя, у іншых — горшыя. Расея, як відаць, пераўзышла ўсіх».

Паэт за кратамі

Што тычыцца беларускай літаратуры, дык толькі за адну ноч, з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў менскай «амэрыканцы», тады турме НКВД, расстралялі гонар беларускай літаратуры: Алеся Дудара, Міхася Чарота, Платона Галавача, Міхася Зарэцкага, Янку Нёманскага і яшчэ звыш сотні пісьменьнікаў, навукоўцаў, іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі.
"Амэрыканка", сьледчы ізалятар КДБ

Уся беларуская літаратура прайшла праз «амэрыканку»

Беларускіх творцаў кідаюць у турмы і ў 21 стагодзьдзі. Сярод нядаўніх вязьняў «амэрыканкі» — паэт Уладзімер Някляеў. Калі ён быў кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах у сьнежні 2010 году, яго схапілі, зьбілі і кінулі ва ўнутраную турму КДБ.

На гэтую тэму з Уладзімерам Някляевым гутарыць Сяргей Астраўцоў.

Астраўцоў: Чалавек — істота супярэчлівая. Калі ён свабодны, ён гэтую свабоду ўспрымае як норму, што й павінна быць. Але тое, што, на першы погляд, нічога не каштуе, успрымаецца як звыклая рэч, як паветра, як сонца, часам не ўсьведамляецца як сапраўдная каштоўнасьць і ня цэніцца як мае быць.

Турма — гэта няспынныя думкі: пра свабоду і пра яе, турму, таксама. Але часам туды трапляюць людзі, для якіх асабістая свабода, свабода творчасьці значыць вельмі шмат. Нобэлеўскі ляўрэат Ёсіф Бродзкі памёр пятнаццаць гадоў таму. Пры канцы жыцьця ён напісаў эсэ пад назвай «Пісьменьнік у турме».

Ці параўноўвалі вы, седзячы ў «амэрыканцы», свой лёс зь лёсам славутых беларусаў, рэпрэсаваных Сталіным, а таксама зь лёсам пісьменьнікаў у іншых краінах, за вызваленьне якіх змагаўся міжнародны ПЭН-клюб, беларускую філію якога раней узначальвалі вы самі?

Някляеў: Вядома, калі ты сядзіш у абмежаванай прасторы, ты пачынаеш асэнсоўваць — чаму ты тут апынуўся? Што ты такога зрабіў, нікога не забіўшы, нічога ня ўкраўшы, каб цябе кінулі ў камэру? І пачынаеш узгадваць, а з кім такое яшчэ некалі здаралася. І ўспамінаеш, што ты далёка не адзіны. Мне ня трэба было хадзіць за моры-акіяны: уся беларуская літаратура прайшла якраз празь вязьніцу Камітэту дзяржбясьпекі, тады НКВД — карацей, праз гэтую самую службу. І я часьцяком думаў пра тое, што вось, магчыма, тут, у гэтай камэры, на гэтых нарах, на верхніх ці на ніжніх, мог, скажам, Кузьма Чорны ляжаць і слухаць уважліва-ўважліва ўсе шолахі турмы, асабліва начныя, бо ўначы ў турме ўсё напружваецца. Турма і так на кожным кроку — нечаканка: ці павядуць цябе на допыт, ці павядуць цябе катаваць, вось ня ведаю — што ў наступны момант з табой станецца. Таму ўначы думкі якраз былі пра тых, хто гэта прайшоў, і пра тое, як яны здолелі гэта прайсьці.

Зьняволеньне: за кнігі ці за палітыку?

Астраўцоў: Пісьменьнік часьцей апынаецца за кратамі, калі прымае нейкі з бакоў у палітычнай спрэчцы, падкрэсьліваў у сваім эсэ «Пісьменьнік у турме» Бродзкі. Але ці магчыма, што пісьменьнік у сучаснай Беларусі можа трапіць за краты менавіта за сваю творчасьць, як за небясьпечны занятак, нават калі ня будзе ўдзельнічаць у партыях і рухах?

Някляеў: Па сутнасьці, з творчасьці і пачалося ў гэтых нэрвовых, так іх назавем, адносінах з уладай, з Лукашэнкам. Замяталін, быў такі ідэоляг беларускі, паказаў яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў нейкія мае тэксты Лукашэнку, падаўшы іх так: бачыце, ён як старшыня Саюзу пісьменьнікаў кажа адно, а вось як паэт, як літаратар піша зусім іншае. Так ён дэкляруе неабходнасьць цесных стасункаў паміж літаратурай, мастацтвам і ўладай, а так ён кажа, што з гэтай уладай ні пра што немагчыма дамовіцца і ніякіх стасункаў зь ёю ня можа быць, трэба працаваць толькі на тое, каб яна сышла, гэта пошасьць з нашай зямлі…

Уладзімер Някляеў перакананы, што ягоныя творы, кнігі прычыніліся пазьней да таго, што ён трапіў за краты, у турму КДБ — «амэрыканку»:

Някляеў: Якраз творчасьцю быў забіты першы цьвік у тыя дзьверы, якія пасьля зачыніліся за мной у турме. А калі выйшаў раман «Лабух», то зноў жа, я меў дакладную інфармацыю, Лукашэнка лютаваў, але наўпрост пасадзіць за тое, што чалавек нешта напісаў — канечне, пры ўсёй брутальнасьці гэтай улады, яна не магла гэтага зрабіць. Таму, як толькі падвярнуўся зручны момант, а гэта ўжо было, безумоўна, зьвязана з палітыкай, Лукашэнка гэта зрабіў. Ну, і тут ён усё гэта падаў, вядома, не як літаратуру, не як палітыку, а як нейкі бандытызм, спробу збройнага дзяржаўнага перавароту і гэтак далей. Карацей, калі захацець пасадзіць, то пасадзіш, а прычыны, як у таго ж Сталіна была фраза — «быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца».

Пісаць у турме — тэрапія?

Астраўцоў: Пісаць у турме — гэта можа быць свайго роду тэрапіяй нароўні зь фізычнымі практыкаваньнямі і абліваньнем халоднай вадою, лічыў Ёсіф Бродзкі, які ў свой час паспытаў турэмнага хлеба ў СССР. Ці можна ўявіць сабе такое, што ў беларускай турме доктар выдае паперу, аловак, каб палегчыць вязьню існаваньне?

Някляеў: Што да паперы і алоўка, то я іх адразу прасіў, таксама ў дактароў. Але ніхто, у тым ліку дактары турэмныя, ні алоўка, ні паперы мне не далі. А тое, што нешта там трэба рабіць, каб не звар'яцець ад чаканкі таго, што з табой станецца сёньня ўначы ці заўтра раніцай, то, вядома, гэты занятак, які мае творчы чалавек, асабліва пісьменьнік, якому не патрэбныя ніякія інструмэнты і нават мальбэрт і фарбы, гэты занятак, канечне, дапамагае выжыць. Ну, апроч таго, што ён дапамагае выжыць, ты ў гэтых умовах адчуваеш нейкую інакшасьць самога пісьма.

Уладзімер Някляеў прызнаецца, што раней, да турмы, у ягоных творах пераважаў вымысел, штодзённае жыцьцё не здавалася яму настолькі цікавым, як гэта лічыць большасьць, для якой радасная падзея — напрыклад, выдача авансу…

Някляеў: Для мяне падзеі — толькі тое, што адбываецца ўнутры, у псыхіцы, у душы… А вось у турме дастаткова было рэалій, фантастычных абсалютна, каб не намагацца і нешта яшчэ да іх выдумляць. Першы тыдзень я ня мог пісаць яшчэ чыста зь фізычных прычын, яны зьбілі мяне так, што я ледзь варочаўся, быў увесь лілёвы, як мурын. І ні рукі, ні ногі не падымаліся. А вось толькі як фізычна ачомаўся, стаў адразу нешта пісаць.

«Свабода творчасьці» ў астрогу

Астраўцоў: Ёсіф Бродзкі бачыў розьніцу паміж становішчам вязьня-паэта і вязьня-празаіка. Вершы лягчэй складаюцца, калі вязень ходзіць, яму спрыяе рытм хады. Тым ня менш, асноўнае з напісанага пра турму — гэта проза, зазначаў Ёсіф Бродзкі: «Не таму, што бэлетрысты трапляюць за краты часьцей за паэтаў (на практыцы, мусібыць, якраз наадварот). Адбываецца гэта перш за ўсё таму, што манатонную мову турэмнай вызначанасьці паэзія лічыць варожаю імклівай прыродзе верша». Ёсіф Бродзкі рабіў выснову: «У выніку, калі паэт і важыцца запісаць свой турэмны досьвед, ён, як правіла, зьвяртаецца да прозы».

Някляеў: У турме ёсьць бібліятэка, адабраныя кнігі, творы, але яны ёсьць, і ты можаш іх замаўляць. А тое, што пра турму напісана, я, па-мойму, усё прачытаў: Шаламава і Салжаніцына. Гэта такая проза, якая запамінаецца. І мне дастаткова было ўзгадаць там нейкую назву твора, каб усё ў памяці аднаўлялася і я мог усё гэта перачытваць у самім сабе. Безумоўна, фактура турмы — гэта не фактура паэзіі, не крышталь, тонкі, звонкі. Гэта грубы матэрыял, гарбылі, камяні, цэмэнт груба замешаны. Гэта, вядома, проза. Але ў тых умовах турэмных даволі цяжка прозу пісаць, таму што цябе ўвесь час некуды торгаюць, а адарваўшыся ўжо ад тэксту, ты калі да яго вяртаесься, то пішаш ужо нейкі інакшы тэкст.

У пэўным сэнсе Ўладзімер Някляеў абвяргае Ёсіфа Бродзкага: яму ў «амэрыканцы» якраз лепей удаваліся вершы.

Някляеў: Так што ў асноўным усё-ткі займаўся тым, што пісаў вершы. Дакладней, вершы выпісваліся самі па сабе, яны самаствараліся нейк ува мне. З большай хуткасьцю, значна нейк глыбей я ў іх глядзеў унутр турмы, унутр самога сябе, чым рабіў гэта тады, калі, скажам, чытаў тыя ж самыя творы названых мной пісьменьнікаў нібыта пра тое самае. Досьвед падобны, але ў кожнага іншы, бо гэта залежыць перш за ўсё, вядома, ад асобы літаратара.

Чым больш добрых кніг, тым менш саджаюць

Астраўцоў: Бродзкі пісаў, што трэба абавязкова ратаваць пісьменьнікаў, калі яны апынаюцца за кратамі, не зважаючы, што там ёсьць і іншыя людзі. Бо пісьменьнік зможа напісаць новую кнігу, а чым болей кніг, тым меней саджаюць за краты, сьцьвярджаў Бродзкі. Ці так у беларускай рэчаіснасьці, ці працуе гэтае правіла?

Някляеў: Кнігі самі па сабе ні на што не ўплываюць і ня могуць уплываць. Можна паўплываць на чалавека, каб ён ці чытаў, ці не чытаў гэтыя кнігі, ці думаў пра тое, як ён жыве і што ён у гэтым жыцьці вырабляе, ці ня думаў, карыстаўся ўсім тым, што пад руку трапіцца. Той чалавек, што сёньня пры ўладзе, і ўся ягоная хеўра — гэта якраз людзі, якія карыстаюцца тым, што пад руку трапляецца. Вось трапілася ўлада, і яны кайфуюць ад гэтага. Усё зводзіцца да кайфу, да самых прымітыўных момантаў. Каб хто ведаў, як гэтая ўлада жыве ў сваім побыце, у штодзённым жыцьці, ён бы за галаву ўзяўся, сказаў бы: Божа мой, што ж тут робіцца ў гэтай краіне!

Але я згодны, магу згадзіцца з Бродзкім у тым, што пры большай колькасьці сапраўдных кніг, якія, калі прачытаеш, уздыхнеш на ўсе грудзі, зьдзівісься таму сьвету, які празь іх табе адкрыўся, — тым, канечне, менш ня камэр, ня турмаў, а тых людзей, якія не разумеюць, што такое чалавек, што такое дадзеная яму Богам душа, якая прагне волі, і што такое гэтага чалавека, асабліва ні ў чым не вінаватага, загнаць за краты. Якая гэта трагедыя, унутраная перш за ўсё для гэтага чалавека, што з гэтага вынікае, якую адказнасьць за гэта трэба адчуваць і несьці. Гэта, канечне, проста адсутнічае ў нашай уладзе з той прычыны, што ніколі не прысутнічала.

Турма і здароўе


Экспэрты лічаць: пакуль асуджаны чакае, калі яму вынесуць найцяжэйшы вырак, а потым — калі той вырак прывядуць у выкананьне, ён зазнае цяжкія душэўныя пакуты. Такое чаканьне ў Беларусі можа доўжыцца год-два, у ЗША — пяць-сем гадоў. Працяглае ўсьведамленьне таго, што сьмерць можа прыйсьці кожную хвіліну, вядзе да сур’ёзных фізычных ды псыхічных расстройстваў. Ва ўсясьветнай мэдычнай літаратуры апісаныя выпадкі, калі ў такіх асуджаных адымаліся ногі, зьяўляліся цяжкія ўнутраныя захворваньні. Нярэдка «сьмяротнікі» проста вар’яцелі.

«Намазаць лоб зялёнкай»

Пра ўнутраны стан патэнцыйных «сьмяротнікаў» у турме «Валадарцы» можна меркаваць, бадай, па тых іх лістах, якія трапілі на волю. Некаторыя (пра адзін такі ліст «сьмяротніка» расказаў у мінулай праграме колішні зьняволены Зьміцер Каляда) узрушваюць тым, што чалавек з усёй жудасьцю ўсьведамляе, што хутка яго ня будзе. Некаторыя ж допісы арыштантаў, якім, паводле выразу нашага чытача Аляксандра, могуць «намазаць лоб зялёнкай», уражваюць нейкім надзвычайным аптымізмам. Маю на ўвазе выстаўленыя ў інтэрнэце лісты аднаго з двух падазраваных у тэракце — Уладзіслава Кавалёва. Адрозна ад іншага абвінавачанага, Дзьмітрыя Канавалава, Уладзіслаў за час сьледзтва меў магчымасьць ліставацца, а перад пачаткам судовага працэсу яму нават дазволілі спатканьне з маці. Вось урывак аднаго з апошніх лістоў Кавалёва.

«Прывітаньне, мама! Рады, што ў вас усё нармальна. У мяне па-ранейшаму ўсё добра. Са здароўем таксама ўсё добра. Ні ў чым ня маю патрэбы. Усё ў мяне ёсьць. Я не маркочуся, буду драпацца да перамогі. Тым больш што шанец маю».
Ліст з турмы меркаванага тэрарыста Ўладзіслава Кавалёва

Усё проста і лёгка. Калі ня ведаць выстаўленых супраць аўтара допісу абвінавачаньняў.

Пра «драпаньне» Кавалёва, пра пакараньне, якое, згодна з існуючымі законамі, можа чакаць абвінавачаных у тэракце, пра тое, як яно прыводзіцца ў выкананьне, распавядзе наша віленская карэспандэнтка Тацяна Поклад. Дарэчы, пра падрабязнасьці выкананьне гэтага пакараньня ў Беларусі ўпершыню распавялі менавіта ў Літве. Жыхароў гэтай колішняй савецкай рэспублікі ў часы СССР прывозілі расстрэльваць ў Менск на «Валадарку».

Спачатку пра тое, што на турэмным слэнгу азначае «мазаць лоб зялёнкай». Гэты выраз пайшоў са сталінскіх часоў, калі ў адной з зонаў здарыўся бунт. Галоўным завадатарам намазалі лоб зялёнкай — гэта азначала, што ў іх можна страляць без папярэджаньня. Такую практыку пачалі ўжываць і на астатняй тэрыторыі ГУЛАГу. Паколькі пры стрэле ў сэрца чалавек можа памерці не адразу, асуджаным на сьмерць стралялі выключна ў галаву.

У галаву пры пакараньні сьмерцю страляюць у Беларусі і цяпер. Толькі, як сьведчыць Алег Алкаеў, колішні начальнік «Валадаркі» і ад сьнежня 1996-га па травень 2001-га кіраўнік расстрэльнай каманды, лоб зялёнкай сьмяротнікам насамрэч ніхто ня мажа. Дый расстрэльваюць не ў самой турме, а ў спэцыяльна прызначаным для гэтага месцы.

Чым можна патлумачыць «драпаньне» аднаго з абвінавачаных?

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў, які атрымаў статус палітуцекача ў Нямеччыне, ніколькі не сумняецца ў тым, што лёс галоўных фігурантаў у справе аб выбуху ў менскім мэтро ўжо вырашаны.

«Ня думаю, што справа з вынясеньнем выраку зацягнецца. Вельмі яна заблытаная. Таксама не адыгрывае аніякай ролі, хто будзе старшынём на працэсе: Федарцоў ці нехта іншы. Ролю адыгрывае тое, што скажуць у адміністрацыі прэзыдэнта».

Аднаго з абвінавачаных (Кавалёва), які «спадзяецца на лепшае», спадар Алкаеў называе «вясёлым аптымістам» ды мяркуе, што яму, хутчэй за ўсё, абяцаюць захаваць жыцьцё, а таму ён, верагодна, адыгрывае ролю «станоўчага сьведкі».

Вельмі сымптаматычна, што ў адным з сваіх лістоў Кавалёў напісаў: «Буду драпацца да перамогі».

Алкаеў: «Такое «драпаньне» — гэта стары прыём, калі ад аднаго абвінавачанага патрабуюць здаць іншага і даць адпаведныя паказаньні.

Згодна з існуючымі законамі, абодвум сьвеціць сьмяротнае пакараньне. Улічваючы колькасьць ахвяраў, якіх магло быць і болей, — толькі сьмяротнае пакараньне. Бо людзей у Беларусі расстрэльваюць і за адно забойства. А тут такі крывавы тэракт. Аднак, зразумела, потым прэзыдэнт можа памілаваць ці не памілаваць. Гэта ягонае права».

Што тычыцца самога зьдзяйсьненьня сьмяротнага прысуду, то, паводле былога кіраўніка расстрэльнай каманды, за той час, як ён зьехаў зь Беларусі, у гэтай працэдуры мала што зьмянілася.

Алкаеў: «Ды што можна зьмяніць? Той жа пісталет, тая ж куля, тая ж галава. Што тут можна зьмяніць? Спосаб сьмяротнага пакараньня ў выглядзе расстрэлу прапісаны ў Крымінальным кодэксе. Напішуць «павешаньне» — будуць вешаць. Напішуць «ін'екцыя» — будуць выкарыстоўваць ін'екцыю. Як заканадаўцы напішуць, так і будуць рабіць. Пункт выкананьня выраку — гэта сакрэтнае месца, пра якое я, вядома, гаварыць ня буду. Яно, дарэчы, за гэты час магло і зьмяніцца. Чалавек ведае, куды яго вязуць, але ён ня ведае, чым скончыцца гэтая паездка. Магчыма, у яго ёсьць надзея на тое, што яму абвесьцяць прэзыдэнцкае рашэньне пра памілаваньне… Ён ня ведае гэтага да апошняй сэкунды».

Расстрэльваюць асуджаных з адмыслова пераробленага пісталета Макарава. Ён адрозьніваецца тым, што мае глушыцель ды прасьвідраваны ў многіх месцах ствол. Сіла стрэлу разьлічаная так, каб куля не прайшла навылёт.

Згодна з інфармацыяй, зьмешчанай у свой час на старонках БДГ, цела расстралянага дастаўляюць у морг аднаго зь менскіх шпіталёў. У менскім спэцкамбінаце на вуліцы Альшэўскага замаўляюць труну, у якой і хаваюць на адным з нумарных участкаў разам з бамжамі ды іншымі неапазнанымі асобамі. Сваякам пакаранага выдаюць асабістыя рэчы забітага (звычайна гэта паперы ягонай справы, абразок, нацельны крыжык (большасьць сьмяротнікаў у камэры навяртаюцца ў веру), адзеньне, у якім ён быў да пераапрананьня ў робу сьмяротніка адразу пасьля прысуду, даведка пра выкананьне выраку. Пра дату расстрэлу сваякам не паведамляюць, месца пахаваньня таксама не называюць.

У Беларусі амаль усё, зьвязанае са сьмяротнай карай, — таямніца

Удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня», якая дзейнічае ў Беларусі ад 2009 году, паспрабавалі даведацца пра колькасьць сьмяротных прысудаў у краіне ад пачатку яе незалежнасьці. Справа цягнулася амаль год. Міністар унутраных спраў, генэральны пракурор і старшыня Вярхоўнага суду адмовіліся даць такія зьвесткі. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на запыт пра колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў з 1990 па 2009 год адказала праваабаронцам летась, што, па агульных падліках, за гэты пэрыяд на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі быў асуджаны 321 чалавек, але колькасьць выкананых прысудаў не назвала. Інфармацыйная кампанія БелаПАН, у сваю чаргу, палічыла — за час незалежнасьці Беларусі (ад 1991 году) у краіне пакаралі сьмерцю ня меней як 299 чалавек.

У сваіх падліках журналісты кіраваліся інфармацыяй, здабытай праз уласныя намаганьні, а таксама зьвесткамі «Міжнароднай амністыі».

Каардынатар «Міжнароднай амністыі» ў Беларусі Вячаслаў Бортнік нагадвае, што ўжо ёсьць доказы, што ў краіне выносіліся і выконваліся сьмяротныя прысуды ў дачыненьні да невінаватых людзей. Вячаслаў Бортнік адзначае: міжнародныя праваабаронцы маюць доказы таго, што ў Беларусі ўжываюцца катаваньні:

Бортнік: «Міжнародныя праваабаронцы, у тым ліку «Міжнародная амністыя», маюць доказы таго, што ў Беларусі катуюць і затрыманых, і вязьняў, і на допытах. І таму магчымасьць судовай памылкі вельмі высокая. Хачу нагадаць вельмі гучную «віцебскую справу», калі доўга шукалі маньяка, які гвалтаваў і забіваў жанчын. І вось да таго часу, калі сапраўдны злачынца быў затрыманы, двух невінаватых людзей замест яго асудзілі на сьмяротнае пакараньне і адзін сьмяротны прысуд быў выкананы. Такім чынам, быў забіты невінаваты чалавек. Гэта страшна, калі дзяржава пазбаўляе жыцьця невінаватага чалавека».

Ці можа сьмяротная кара, як думаюць многія беларусы, зьменшыць злачыннасьць? Ці ведае шырокая грамадзкасьць, што катаваньні зазнаюць ня толькі асуджаныя, але і іх сваякі? Катаваньнем прызнана абыходжаньне ўладаў са сваякамі асуджаных да сьмяротнай кары ў Беларусі. Пра гэта — у бліжэйшых перадачах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG