Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства прамысловасьці Беларусі не выключае правядзеньне адкрытага конкурсу па выбары стратэгічнага інвэстара для продажу акцый Менскага аўтазаводу.

Пра гэта паведаміў журналістам міністар прамысловасьці Беларусі Дзьмітрый Кацярыніч.

Цяпер экспэртная група праводзіць "незалежную міжнародную" ацэнку актываў МАЗу, якая павінна завяршыцца да канца году.

Міністар адзначыў, што Беларусь пакуль не вызначылася з інвэстарам.
"Мы зусім ня вызначыліся, хто будзе нашым партнэрам – КАМАЗ альбо ГАЗ. Я думаю, будзе конкурс, які дапаможа вызначыць стратэгічнага інвэстара", – цытуе Дзьмітрыя Кацярыніча РИА Новости.

Як паведаміў журналістам гендырэктар КАМАЗу Сяргей Кагогін, КАМАЗ разьлічвае да канца году закрыць угоду для стварэньня холдынгу зь Менскім аўтамабільным заводам, ацэнка МАЗу будзе гатовая 19 верасьня.

Паводле Кагогіна, нават прыблізна складана сказаць, у колькі аўдытар ацэніць МАЗ. Дзяржкарпарацыя "Ростехнологии", якая валодае 49,9% акцый КАМАЗу, зімой прапанавала аб'яднаць КАМАЗ і МАЗ. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка ў пачатку чэрвеня казаў, што праекты дакумэнтаў па стварэньні холдынгу з удзелам КАМАЗу і МАЗу плянуецца падрыхтаваць да канца году. Аднак у канцы чэрвеня кіраўнік "Ростехнологий" заявіў, што перамовы зацягваюцца з палітычных прычынаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG