Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра Народны сход разышлася за 15 хвілін


Сёньня на выхадзе з мэтро "Плошча Якуба Коласа" дэмакратычныя актывісты раздавалі газэту "Народная воля". У ёй надрукаванае інтэрвію са сустаршынём аргкамітэту Народнага сходу Генадзем Фядынічам. Тысяча асобнікаў разышлася літаральна за 15 хвілін.

Людзі ахвотна бралі газэту з рук актывістаў, сярод якіх былі і абодва сустаршыні аргкамітэту Народнага сходу — Віктар Івашкевіч і Генадзь Фядыніч. А ад тых, хто адмаўляўся, даволі часта можна было пачуць: "Я яшчэ ўчора купіў "Волю".

Генадзь Фядыніч раздае газэты са сваім артыкулам у "Народнай волі"

Разам зь іншымі раздаваў інфармацыю пра Народны сход і сябра аргкамітэту ў справе стварэньня партыі "Беларускі рух" Вацлаў Арэшка:

"Я ў прынцыпе чакаў, што людзі будуць браць. Але бяруць нават больш ахвотна, чым я думаў. Ёсьць яшчэ ў некаторых страх браць нават газэту. Аднак зацікаўленасьць ёсьць. І я думаю, недарма пачытаюць яе".

Адзін з арганізатараў Вацлаў Арэшка Народнага сходу раздае газэты непадалёк ад Камароўкі


Раздаючы газэту, актывісты пытаюцца ў людзей, як ім жывецца ці хапае грошай?

Мінакі адказваюць.

Мужчына сярэдняга ўзросту:

"Скуль там?! Даводзіцца падпрацоўваць у іншым месцы".

Юнак:

"Выжываем. Але зараз хоць нешта зрабілі. Я маю на ўвазе бясплатны праезд стаў для студэнтаў у грамадзкім транспарце".

Сівая жанчына на пытаньне, як жывецца сталым людзям, не пасьпела адказаць адразу. Яе апярэдзіў нейкі мінак, які сказаў: дрэнна жывецца. Жанчына толькі дадала:

"Во, ужо адказаў".

Віктар Івашкевіч кажа, што сёньняшняя акцыя далёка не апошняя. А на пытаньне, у якой ступені грамадзтва ўжо інфармаванае пра правядзеньне Народнага сходу, адказвае так:

"Яшчэ слаба. На сёньняшні дзень інфармацыйнай прадукцыі хапае. Аргкамітэт вырашыў гэта пытаньне. Яна ёсьць у неабходнай колькасьці. І цяпер патрэбна яе раздаць. Таму зараз галоўнае – гэта рукі валянтэраў, якія раздадуць яе тым, хто павінны прыйсьці на Народны сход".

Віктар Івашкевіч

Дарэчы, у сёньняшняй акцыі ўдзельнічалі актывісты Рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэтаў па стварэньню партыяў "Беларускі рух" і Хрысьціянскай дэмакратыі, руху "Эўрапейская Беларусь" і прадстаўнікі незарэгістраванай Нацыянал-бальшавіцкай партыі.

Віктар Івашкевіч ня верыць, што ўлады да 8 кастрычніка, а менавіта на гэты дзень прызначаны Народны сход, змогуць эканамічнымі сродкамі ўзьняць настрой насельніцтва:

"Тое, што людзі нарэшце здаюць у абменьнікі валюту, гэта прыкмета трэцяга роўню беднасьці. Спачатку – грошай няма, пасьля – зусім няма і потым – прыйдзецца здаваць даляры. І зараз людзі здаюць свае "заначкі", бо ім не хапае заробка для пражываньня. І ў эканамічным пляне, і ў сацыяльным пляне сытуацыя толькі абвастраецца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG