Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі інтэлігенцыі патрабуюць спыніць ціск на Дашкевіча


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў адмысловым звароце да начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў палкоўніка Барсукова патрабуюць спыніць ціск на палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.

Зварот у абарону палітвязьня падпісалі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэт Рыгор Барадулін, паэт Ніл Гілевіч, археоляг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Алесь Краўцэвіч, музыкі Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі.

Лідэр "Маладога фронту" адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №9 у Горках. 17 верасьня ён павінен выйсьці з штрафнога ізалятару.

"На маладафронтаўца чыніцца пастаянны ціск з боку адміністрацыі калёніі, у сувязі з чым Зьміцер аб’явіў галадоўку, якая можа мець сур’ёзныя наступствы для ягонага здароўя (трэба ўлічыць, што Дашкевіч мае шэраг хранічных захворваньняў)", – гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары патрабуюць забясьпечыць нармальныя ўмовы ў штрафным ізалятары, дзе Дашкевіч апынуўся адразу пасьля выхаду з памяшканьня камэрнага тыпу.

"Ён мае знаходзіцца ў камэры круглыя суткі, пры гэтым тамтэйшая тэмпэратура не перавышае вулічнай. Дашкевічу забаранілі браць якія-колечы цёплыя рэчы, акрамя летняй робы для наведнікаў штрафнога ізалятару, уначы няма нават чым накрыцца", – адзначаюць аўтары звароту.

Таксама яны патрабуюць вярнуць Дашкевічу Біблію.

У абарону Зьмітра Дашкевіча ў жніўні выступаў былы старшыня беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч. Вядомыя беларусы таксама зьвярталіся да генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем спыніць ціск на Дашкевіча, паведамляе прэс-служба "Маладога фронту".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG