Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ даручыла аказаць прававую дапамогу работнікам заводу ў Сьветлагорску


Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі лічыць парушэньнем працоўнага заканадаўства Беларусі выданьне на заводзе зборнага жалезабэтону № 11 у Сьветлагорску загаду аб аб’яўленьні 16 верасьня адпачынкам без захаваньня заробкаў.

Як гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні ФПБ, такое рашэньне адміністрацыя можа прымаць толькі са згоды саміх работнікаў, а яе, як вядома, атрымана не было.

У намесьніка старшыні рэспубліканскага камітэту прафсаюзу работнікаў будаўніцтва і прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў Мікалая Бунаса адбылася «сур’ёзная размова» з адміністрацыяй прадпрыемства адносна выкананьня калектыўнай дамовы.

Разгледзеўшы пісьмовую скаргу работнікаў завода зборнага жалезабэтону № 11 ФПБ даручыла сваім юрыстам ў выпадку неабходнасьці аказаць прававую дапамогу па абароне інтарэсаў працоўных.

Сёньня ў Сьветлагорску на заводзе зборнага жалезабэтону № 11, які належыць мясцоваму домабудаўнічаму камбінату, быў вымушаны выходны дзень. Працавалі толькі дапаможныя службы, а рабочыя вытворчасьці буйнапанэльнага домабудаваньня адпачывалі. Напярэдадні яны наагул адмаўляліся працаваць. Гэта быў ужо другі страйк на тыдні. 12 верасьня зранку не працавалі рабочыя бэтоназьмешвальнага вузла. Прычына тая ж — адсутнасьць цэмэнту, неспрыяльныя ўмовы працы й нізкія заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG