Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт спаткаўся ў пятніцу ў Стакгольме з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, паведамляе “Хартыя’97”.

На сустрэчу зь міністрам былі запрошаныя рэдактарка сайту charter97.org Натальля Радзіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, сябра рады праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка, кіраўніца Камітэту дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасьць” Іна Кулей і актывіст кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў.

На пачатку сустрэчы Карл Більт адзначыў: сёньня ўсім відавочна, што Беларусь мае велізарныя эканамічныя праблемы, і ў сувязі з гэтым “мы бачым манэўры з боку Лукашэнкі”.

“З прычыны наяўнасьці палітвязьняў у турмах мы знаходзімся з уладамі Беларусі ў стане тупіку”, – сказаў Більт, падкрэсьліўшы, што аб’яднаная Эўропа чакае вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня. Пасьля вызваленьня 14 верасьня 11 палітвязьняў у турмах працягваюць знаходзіцца былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Дзьмітры Вус, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьміцер Бандарэнка, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, моладзевыя актывісты Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Карл Більт таксама падкрэсьліў неабходнасьць ня толькі вызваленьня, але і рэабілітацыі палітычных зьняволеных.

Міністар выслухаў думкі прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі аб сытуацыі ў краіне і далейшым разьвіцьці дачыненьняў Беларусі з аб’яднанай Эўропай.

Рэдактарка сайту charter97.org Натальля Радзіна падчас сустрэчы адзначыла, што вызваленьне часткі палітвязьняў стала магчымае толькі дзякуючы санкцыям, уведзеным Эўразьвязам і ЗША, і іхняй прынцыповай пазыцыі адносна неабходнасьці вызваленьня з турмаў вязьняў сумленьня.

“У Эўропы ўжо быў неаднаразовы досьвед вядзеньня дыялёгу з уладамі Беларусі. Усё гэта прыводзіла толькі да ўзмацненьня рэпрэсіяў у Беларусі супраць апазыцыі. Дыктатар разумее толькі мову сілы, і ніякім іншым спосабам паўплываць на яго немагчыма. Таму пасьля вызваленьня палітычных зьняволеных канечне трэба працягваць палітыку ціску на рэжым. Неабходна дамагацца правядзеньня новых вольных прэзыдэнцкіх выбараў і ні ў якім разе не забывацца на тое, што Лукашэнка ўзурпаваў уладу”, – адзначыла Радзіна.

Кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна расказала пра масавыя рэпрэсіі, якіх зазналі беларускія незалежныя журналісты пасьля 19 сьнежня, і пракамэнтавала нядаўнюю ініцыятыву Лукашэнкі аб правядзеньні “круглага стала”.

“Гэтая ініцыятыва накіраваная больш на Эўразьвяз і на Расею, але ніяк не на саму апазыцыю. У сувязі з гэтым ужо прыдумалі анэкдот: “Усе прыйшлі на “круглы стол”, а там толькі адно крэсла”, – сказала старшыня БАЖ.

Праваабаронца Тацяна Равяка адзначыла, што “працэс ўзяцьця палітычных закладнікаў працягваецца, і арышт Бяляцкага стаў пацьверджаньнем гэтаму”. Равяка нагадала кіраўніку МЗС Швэцыі, што сустракалася зь ім ужо 2 гады таму і падчас той сустрэчы абмяркоўваліся тыя самыя тэмы. “Не хацелася б праз 2 гады зноў гаварыць з вамі пра тое самае. Ня варта даваць беларускім уладам авансы, як гэта было раней”, – сказала Равяка.

Карл Більт у сваю чаргу адзначыў, што “ў Эўропы не такія вялікія магчымасьці ціску на рэжым Лукашэнкі, але сёньня вельмі зьмянілася эканамічная сытуацыя ў краіне. Лукашэнка выдаткаваў велізарныя грошы на прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня, бо ня быў упэўнены, што пераможа. Эканамічны спад у Беларусі будзе працягвацца. Расея больш ня можа выдзяляць бязьмежныя сродкі, а Лукашэнку неабходныя 8 мільярдаў даляраў для стабілізацыі актуальнай сытуацыі. Але ў МВФ вельмі жорсткія эканамічныя ўмовы выдачы крэдытаў. Сёньня Беларусь знаходзіцца на мяжы развалу. Ня выключана, што Лукашэнка захоча ўцячы. Такія людзі, як ён, заўсёды кідаюць карабель, які тоне”.

Кіраўнік швэдзкага МЗС таксама адзначыў, што пакуль Эўразьвяз ня схільны гаварыць, што будзе, калі Лукашэнка вызваліць палітвязьняў, і што будзе, калі ён іх ня вызваліць.

“Калі ён вызваліць усіх палітвязьняў, мы вернемся да сытуацыі 18 сьнежня 2010 году. Але яна ж не была спрыяльнай. Адной з палітычных умоваў павінна быць правядзеньне свабодных выбараў”, – адзначыў Більт. Міністар таксама паведаміў, што на рыхтаваным у Варшаве саміце “Ўсходняга партнэрства” будуць прадстаўленыя беларускія чыноўнікі, аднак яны ня будуць паўнапраўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG