Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вымушаны выходны на заводзе ў Сьветлагорску


Сёньня ў Сьветлагорску на заводзе зборнага жалезабэтону № 11, які належыць мясцоваму домабудаўнічаму камбінату, быў вымушаны выходны дзень.

Працавалі толькі дапаможныя службы, а рабочыя вытворчасьці буйнапанэльнага домабудаваньня адпачывалі. Напярэдадні яны наагул адмаўляліся працаваць. Апавядае адзін з працаўнікоў заводу:

«Усе цяпер незадаволеныя заробкамі. Людзі з цэху вырабаў буйнапанэльнага домабудаваньня з раніцы адмаўляліся працаваць. Мала таго, што невялікія заробкі, дык яшчэ й не прывозяць цэмэнт. А ў іх жа пляны, якія не выконваюцца з-за таго, што не прыходзіць цэмэнт. Адпаведна зьмяншаюцца заробкі. Людзі незадаволеныя тым, што не па сваёй віне не выконваюць плян, а па віне наймальніка. Плюс да таго ў нас і заробак ня быў выплачаны за жнівень. Вось яны й адмовіліся працаваць».
Людзі незадаволеныя тым, што не па сваёй віне не выконваюць плян, а па віне наймальніка. Плюс да таго ў нас і заробак ня быў выплачаны за жнівень.

Гэта быў ужо другі страйк на тыдні. 12 верасьня зранку не працавалі рабочыя бэтоназьмешвальнага вузла. Прычына тая ж — адсутнасьць цэмэнту, неспрыяльныя ўмовы працы й нізкія заробкі.

У адміністрацыях заводу й домабудаўнічага камбінату лічаць, што шум вакол прадпрыемства ўзьнялі нядобразычліўцы. Ня ўсё так змрочна. З выплатай заробкаў сапраўды была затрымка, але ўжо сёньня грошы людзям пачалі выдаваць. А вымушаны выходны прадыктаваны нястачай цэмэнту высокай маркі.

Гаворыць адзін з намесьнікаў дырэктара:

«У нас сёньня выходны, бо няма цэмэнту маркі 500. Шлякапортлянд ёсьць, а маркі 500 — няма, ён у дарозе. Ня грузяць своечасова. Можа, не хапае яго, я ня ведаю, у чым справа. Бывае, што й мы не праплочваем своечасова. Але ж у асноўным праплочваем».

Суразмоўца кажа, што ня трэба верыць таму, што заробкі на заводзе — 600-700 тысяч:
Каб заробкі ўзьняць, трэба, каб была прадукцыйнасьць добрая.

«Сярэдні заробак — 1 мільён 100 тысяч, а там кажуць — 600-700 тысяч. Гэта самая натуральная брахня. У нас людзі й па мільёну 800, і па 2 мільёны атрымліваюць — бэтоншчыкі, арматуршчыкі, зваршчыкі, фармоўшчыкі. Вядома, не які там бічара альбо алкаш. Прыбіральшчыкі нават атрымліваюць па 500–600 тысяч. І вартаўнікі. У нас заробкі, я вам скажу, годныя — на ўзроўні рэспублікі ў нас нармальныя, добрыя заробкі. Каб заробкі ўзьняць, трэба, каб была прадукцыйнасьць добрая».

На заводзе спадзяюцца, што цэмэнт патрэбнай маркі прыбудзе хутка, і вытворчасьць пачне працаваць у звыклым рэжыме. А сёньняшні выходны рабочыя адпрацуюць пазьней, у адну з суботаў, калі наладзяцца сыравінныя пастаўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG