Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі Беларусі зноў спрабуе абмежаваць цэны на некаторыя сацыяльна значныя тавары. Пастановай № 144 вызначана , што да 14 сьнежня будуць рэгулявацца цэны на вараную каўбасу, сасіскі, селядцы, іншыя харчовыя тавары, а таксама на імпартную садавіну.

Упершыню падобныя абмежаваньні сёлета ўвялі яшчэ ў траўні. Аднак цэны на харчы працягвалі расьці. Пра гэта сьведчылі сёньня пакупнікі, зь якімі гутарылі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» на рынках і ў крамах.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Нізкіх цэнаў цяпер не бывае»

Мяса, сала й лекі становяцца ўсё менш даступнымі. Асабліва востра гэта адчуваецца на гарадзкой пэрыфэрыі.

Любускі міні-рынак у Магілёве. Ад цэнтру гораду — далёка. Як і на іншых гарадзкіх рынках, пакупнікі таўкуцца ля павільёнаў мясцовых мясакамбінатаў. Харчы тут крыху таньнейшыя, чым у крамах. Чэргі — па каўбасу і кураціну. Пра цэны на іх гавораць наведнікі рынку:

Спадарыня: «Куры ўжо дзевятнаццаць тысяч кіляграм. Сардэлькі былі. Купіш чаго, калі прывоз. Тады хапае крыху. Бліжэй да вечара няма нічога».

Маладая спадарыня: «Ну, чарга, але дзевятнаццаць тысяч курыца. Мне ўсё дорага. У мяне даход маленькі, таму мне ўсё дорага».

Спадарыня: «Цэны! Толькі ўсьміхацца даводзіцца. Па-мойму, нізкіх цэнаў цяпер не бывае».

Зь мяснога шапіка выходзіць спадарыня сталага веку. Хацела, кажа, мяса таньнейшага ўзяць, ды вось няма такога тут:
Пра мяса цяпер мы толькі марым, дзетка. Не па грашах нам.

«Пра мяса цяпер мы толькі марым, дзетка. Не па грашах нам. Сюды во зь мясакамбінату рагу прывозяць. Растуць цэны й на лекі хутка. Возьмеш сёньня, а праз тыдзень пойдзеш — ужо другая цана. Лекі ж нам кожны дзень патрэбныя, а яны кусаюцца».

Яшчэ адна спадарыня абышла ўсе павільёны. Скардзіцца:

«Тут мяса не купіць. Яно кепскае. А ў горад трэба восем ці дзесяць прыпынкаў праехаць. У мяне здароўя няма. Я туды ня ежджу».

У гутарку ўмешваецца пэнсіянэр. Ён набыў курыцу. Абурана заяўляе:

«Лёгікі ў цэнаўтварэньні няма. Нешта на сто працэнтаў вырасла ў цане, нешта на трыста. То бок адзінага сэнсу ў цэнаўтварэньні не відаць».

У мясным павільёне гутару з прадаўцом. Пакупнікоў няма. На вітрыне мяса ды сала. Чаму пакупнікоў няма, пытаюся, і што найбольш ахвотна бяруць людзі?

«Цэны высокія. Больш бяруць сала. Яго на даўжэй хапае. А мяса — паглядзіце, якая цана на яго. Бяруць цяпер тое, што таньней. Каўбасу бяруць, рагу, рэбры. Калі раней пэнсіянэр мог сабе дазволіць мяса купіць, цяпер — прыйдзе, паўздыхае й пойдзе. Цэны растуць і не спыняюцца. Тое, што кажуць па тэлебачаньні, — гэта адно. А ў рэальнасьці зусім іншае».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Куды яшчэ яны нас завядуць?..»

Цэны на харчы ў крамах і на рынках Горадні сталі недаступнымі, асабліва для сталых жыхароў. Шмат хто папросту ў роспачы.

Рынак «Цэнтральны» ў Горадні, як звычайна, шматлюдны. Кідаецца ў вочы, што за лета паменела прылаўкаў. Асабліва гэта відаць там, дзе прадаюць сьвежае мяса. Рады апусьцелі, мяса няшмат, а цэны на сьвіную выразку сягаюць за 50 тысяч.

Вось спадарыня прыглядаецца да цэнаў і толькі круціць галавой. Пытаюся: што думае пра такія цэны?

Спадарыня: «Я думаю, што ўсё гэта немагчыма для нас, пэнсіянэраў, бо я не магу сабе дазволіць набыць нават самыя неабходныя харчы. Добра, што ёсьць лецішча, то хоць гародніну сваю маю».

Малады спадар таксама паглядае на цэны мяса, але нічога не купляе. Кажа, што цяжка цяпер ня толькі пэнсіянэрам.

Спадар: «От, печыва якога яшчэ таньнейшага магу купіць…».

Карэспандэнт: «А мяса?».

Спадар: «Вось паляндвіца — 48 тысяч. Я сабе не магу дазволіць».

Спадарыня: «А каўбасы ўжо каштуюць па 60–70 тысяч, і ня самыя дарагія. Дык гэта не на нашы пэнсіі».

Да нашае размовы далучаецца яшчэ адзін спадар.

Спадар: «А паглядзіце, алей дагналі ўжо да 19 тысяч за 900 грамаў — ну і як гэта можа быць…».

Карэспандэнт: «А мяса вы ўжо набылі?».

Спадар: «Ды з гэтым наагул падурэлі — 40–50 тысяч просяць за мяса, але ж гэта немагчыма нават уявіць сабе! Што той урад робіць? Я атрымліваю пэнсіі 850 тысяч і хаджу па рынку, каб купіць дзе што таньнейшае».

Маладая спадарыня побач выбірае мяса і, пачуўшы нашу размову, кажа:

Спадарыня: «Усё дорага — пераходзім на расьлінную ежу, а мяса наагул дарагое. Зрэшты, і садавіны меней сталі есьці».
Купіў мукі і гароху, каб хоць нечым страўнік свой утаміць…..

Пытаюся ў спадара — ці купіў ён нешта сёньня на рынку?

Спадар: «Купіў мукі і гароху, от яшчэ прайдуся, можа недзе чаго таннага набуду, каб хоць нечым страўнік свой утаміць. Дрэнна, вельмі дрэнна, ня ведаю, да чаго яны нас давядуць… Мы ўсё жыцьцё працавалі, думалі, што будзе лепей, а тут з кожным днём горай…».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Не пэнсіянэркі пакуль, а заробак — усяго 500 тысяч рублёў»

Берасьцейцы кажуць, што кожны паход у краму або на рынак выклікае нэўроз. І дадаюць, што гэта яшчэ й не мяжа крызісу:

Спадарыня: «Вось зараз пачнецца ацяпляльны сэзон, і мы ўвогуле будзем…».

Пэнсіянэры абураюцца, што цэны на каўбасы на рынку часам сягаюць ледзьве не да 100 тысяч. Яны кажуць, што такія цэны для іх непрымальныя:

Спадарыня: «Няўжо мы ў стане купіць гэтую каўбасу па 50, па 60, па 70 тысяч? У нас заробак у дзяўчат — не пэнсіянэрак — 500… Не пэнсіянэркі яны яшчэ — у іх заробак 500! Ня ведаю, цяжка будзе выжываць. Што з нас будзе…».

Другая спадарыня: «Ну, кошты, вядома, кусаюцца. Увогуле ўсе кошты ў нас цяпер нерэальныя… Усё дорага».

Заўважаю на Калгасным рынку чаргу да гандлёвай кропкі саўгаса-камбіната «Белавескі». Уразіла, што ў зачынены шапік стаіць чарга з пары дзясяткаў чалавек. Аднак чакальнікі патлумачылі, што цяпер прымаюць тавар, а людзей сюды заўсёды больш стаіць, бо каўбасы й мяса «Белавескага» на пару тысяч таньнейшыя.

У сытуацыі дарагоўлі многія берасьцейцы старэйшага веку ізноў ускладаюць свае спадзяваньні на ўласныя лецішчы, прысядзібныя надзелы:

Спадарыня: «Я зараз бягу на лецішча. У мяне малінаў колькі хочаш, клубніц — колькі хочаш, памідоры — усё сваё… Але ж трэба дадаткова працаваць, не сядзець на лаўцы, а працаваць трэба. Таму трэба жыць. А каб жыць… Як кажуць: хочаш жыць, умей круціцца…».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG