Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель мацнее: сам ці з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу?


Падчас сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель умацаваўся на 20 пунктаў у параўнаньні з учорашнім днём, а з моманту першых таргоў — на 120. Рынкавы курс зафіксаваўся ў прапорцыі 8480 рублёў за 1 даляр, тым часам як па выніках першых таргоў 14 верасьня быў 8600. Ці выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс дзеля развароту рынкавага курсу да афіцыйнага, дзе вось ужо амаль чатыры месяцы вартасьць рубля застаецца каля 5000?

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку задаволеныя тэндэнцыямі, якія дэманструе рубель падчас біржавых таргоў на дадатковай сэсіі. Кіраўніцтва галоўнай банкаўскай установы запэўнівае, што акрэсьленыя парамэтры паступовага выхаду на раўнаважны курс вытрымліваюцца. Раўнаважнага курсу плянуецца дасягнуць цягам бліжэйшых двух месяцаў.

Між тым, як кажа эканаміст Сяргей Балыкін, размовы пра нібыта пасьлядоўнае «ўмацаваньне» беларускага рубля далёкія ад рэальнасьці. Ён нагадвае, што перад гэтым нацыянальная валюта страціла ў вартасьці амаль 300%, дасягнуўшы крытычнай спэкулятыўнай адзнакі, і цяпер паступова «намацвае» сваю рэальную вагу:
Няма ніякіх падставаў казаць, што рубель умацоўваецца, калі параўноўваць з ранейшым падзеньнем.

«Няма ніякіх падставаў казаць, што рубель умацоўваецца, калі параўноўваць з ранейшым падзеньнем. Так, трошкі мацнее, але ж у параўнаньні з чым? Усе чакаюць, што дзяржава нарэшце легалізуе нейкім чынам валютны рынак, таму спэкулятыўны складнік зьніжаецца. Гэта першае. Па-другое, курс, які дасягнуў амаль 10 000 рублёў за даляр, быў занадта высокі, рынак прайшоў пункт раўнавагі і цяпер лягічна вяртаецца крыху назад».

Карэспандэнт: «Улады асабліва падкрэсьліваюць: рынкавы курс — гэта не дэвальвацыя...».

«Што такое дэвальвацыя? Гэта паніжэньне афіцыйнага курсу рубля. Але тое, што адбываецца на дадатковай сэсіі, гэта ж ня бярэцца за афіцыйны курс. Гэта будзе нейкім іншым курсам, паколькі афіцыйны застаецца. На першай сэсіі, адпаведна, захоўваюцца істотныя абмежаваньні, прымусовы продаж валюты і г.д. То бок усё, што было, і цяпер ёсьць. І ёсьць яшчэ камэрцыйная сэсія, на якой на больш-менш рынкавых умовах ідзе гандаль валютай».

Біржавыя паказьнікі адбіваюцца і на курсах, якія выстаўляюць камэрцыйныя банкі. Пасьля сёньняшняга 20-рублёвага ўмацаваньня рубля абменныя пункты прымаюць даляры ў дыяпазоне 8100–8300 рублёў — пры тым, што 14 верасьня курс быў 8500–8650. Экспэрты не выключаюць падобных тэндэнцыяў і падчас таргоў на наступным тыдні, таму зьвяртаюць увагу: улады павінны праінфармаваць людзей, у якім кірунку будуць разгортвацца падзеі на валютным рынку.
Гэта ўжо даўно інфармацыйная эканоміка, фінансавая эканоміка. А на фінансавыя рынкі, у першую чаргу, уплывае інфармацыя.

Абяцаньні выхаду на адзіны раўнаважны курс азначаюць збліжэньне афіцыйнага курсу з рынкавым, аднак якім чынам будзе зьліквідаваная цяперашняя розьніца паміж імі ў 3000 рублёў? Ці зноў не закарціць увесьці забарону на адхіленьні ад вызначанага афіцыйнага курсу? Прадстаўнікі Нацбанку сьцьвярджаюць, што падчас трох дадатковых сэсій інтэрвэнцыі ў банкаўскі сэктар, каб штучна ўмацаваць вартасьць рубля, не ажыцьцяўляліся. Аднак магчымасьць адпусьціць афіцыйны курс таксама не прадугледжваецца — дзяржаўныя фінансісты сьцьвярджаюць, што курс вызначаны з «матэматычнай дакладнасьцю» і цалкам адпавядае цяперашняй эканамічнай сытуацыі.

Аналітык фінансавага рынку Раман Касьціцын кажа: калі ўлады распачнуць нейкую двайную гульню, то ў выніку толькі нашкодзяць і сабе, і грамадзтву:

«Трэба нарэшце зразумець, што ня толькі нейкія мэханічныя дзеяньні, фінансавыя транзакцыі ўплываюць на стан эканомікі. Гэта ўжо ня столькі рынкавая эканоміка, гэта ўжо даўно інфармацыйная эканоміка, фінансавая эканоміка. А на фінансавыя рынкі, у першую чаргу, уплывае інфармацыя. Таму неабходна наладзіць мэнэджмэнт інфармацыі, паставіць на пэўны ўзровень мэнэджмэнт інфармацыйных плыняў. Вунь у Нацбанку прэс-службу зьмянілі, паставілі новага прэсавага сакратара. Гэта ўсяляе спадзеў, што будуць нейкія новыя падыходы да інфармаваньня насельніцтва. Бо гэта зараз найважнейшы складнік — праца з інфармацыяй. Колькі яшчэ месяцаў падзеньня курсу і пагаршэньня жыцьцёвага ўзроўню было патрэбна, каб гэта зразумець? Я ўжо і ня ведаю».

Тым часам «Беларусбанк» спыняе прыём заявак на набыцьцё валюты пад сацыяльныя мэты па афіцыйным курсе — то бок крыху больш за 5000. Гэта значыць, што цяпер канвэртаваць рублі можна толькі па камэрцыйным курсе, які выстаўляюць банкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG