Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласны суд не задаволіў скаргу кіроўцы з Мазыра


Міхась Караткевіч

Міхась Караткевіч

16 верасьня Гомельскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу кіроўцы з Мазыра Міхася Караткевіча на пакараньне 105-тысячным штрафам за запіс на сваёй старонцы "Ўкантакце" пра маўклівыя акцыі пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".

Судзьдзя Васіль Бягун, які разглядаў скаргу, параіў Міхасю рабіць запісы ў блякноце, бо інтэрнат, маўляў, — гэта сродак масавай інфармацыі.

Міхась Караткевіч мае далей аспрэчваць штраф у Вярхоўным судзе. А калі й той прызнае законным пакараньне за запіс на сваёй старонцы "Ўкантакце", то "будзе шукаць праўды ў Камітэце ААН па правах чалавека".

Уладзімер Целяпун

Караткевіч, а таксама праваабаронца Ўладзімер Целяпун, які прысутнічаў у абласным судзе й назіраў за разборам адміністрацыйнай справы лічаць, што пакараньне цалкам заснаванае на "меркаваньнях і дапушчэньнях". У справе няма ніводнага факту ці сьведкі, на які адрас і каму канкрэтна была пераадрасаваная інфармацыя пра збор людзей на плошчы Леніна ў Мазыры.

Невядома, ці скарыстаў гэтую інфармацыю. Не пазначана таксама ў пастанове, якім чынам быў парушаны парадак правядзеньня масавага мерапрыемства і што гэта за масавае мерапрыемства, якое не зафіксавана ахоўнікамі правапарадку.

"Я лічу, што спэцслужбы адсочваюць запісы ў інтэрнэце. І паколькі ў Міхася сапраўды быў запіс на старонцы пра маўклівыя акцыі, то яго й зрабілі арганізатарам", — кажа Целяпун.

Апрача пакараньня штрафам, дырэкцыя Мазырскага машынабудаўнічага заводу, дзе Міхась Караткевіч працуе кіроўцам пагрузчыка, вырашыла не падаўжаць зь ім працоўны кантракт, тэрмін якога сканчаецца 19 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG