Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Пастухоў: забараняць журналістам кантактаваць з пацярпелымі нельга


Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў камэнтуе дзеяньні Аляксандра Федарцова, які старшынюе на працэсе Кавалёва і Канавалава.

15 верасьня Федарцоў пад пагрозай крымінальнага перасьледу забараніў журналістам браць інтэрвію ў пацярпелых ад тэракту ў менскім мэтро. Федарцоў сказаў, што такія дзеяньні будуць расцэненыя як спроба ціску на суд.

Пастухоў: "Судзьдзя — кіраўнік працэсу. І ён можа паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу вызначаць абмежаваньні. Але гэта магчыма, толькі пакуль ідзе само паседжаньне, у самой залі. Калі будуць перапынкі альбо калі працэс скончыцца, журналісты маюць права зьвяртацца па інтэрвію да ўдзельнікаў судовага паседжаньня.

На мой погляд, такія інтэрвію нельга лічыць узьдзеяньнем на ўдзельнікаў судовага працэсу.

Іншая рэч, што самі ўдзельнікі паседжаньня ня могуць разгалошваць матэрыялы судовай справы, зь якімі яны знаёміліся раней. Вось калі такая інфармацыя будзе надрукаваная, то да журналістаў і СМІ можа быць ужытае пакараньне.

Я ня згодны з тым, што можна ўводзіць такія абмежаваньні. Судзьдзя кіруе на працэсе, але ягоныя паўнамоцтвы сканчаюцца гэтым працэсам.

Я таксама ня бачу падставаў для крымінальнай адказнасьці для журналістаў. Забараняць журналістам кантактаваць з удзельнікамі працэсу нельга, на мой погляд. Тут можна казаць, што гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў".
XS
SM
MD
LG