Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаны ў тэрарызьме ня згодны быць яшчэ і злосным хуліганам


У Вярхоўным судзе пачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якіх абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні тэрактаў у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, і на афіцыйным сьвяце Дзень рэспублікі ў ліпені 2008 году, а таксама ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку злосных хуліганствах.



Сярод 10 эпізодаў злачынстваў, якія інкрымінаваныя жыхарам Віцебску Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, ёсьць некалькі злосных хуліганстваў, якія, паводле сьледзтва, будучыя тэрарысты зрабілі ў пачатку 2000-ых гадоў. Гэта значыць, што падрываць самаробныя выбуховыя прыстасаваньні ў пад’ездах віцебскіх дамоў Канавалаў і Кавалеў пачалі, калі ім было па 14 гадоў. А закончылі, як мяркуюць у пракуратуры, выбухам у менскім мэтро, калі загінулі 15 чалавек і сотні пацярпелі.

Вынікам першага дня працэсу, які праходзіць у Доме правасудзьдзя, стала тое, што падсудныя агучылі свае пазыцыі адносна выстаўленых ім абвінавачаньняў. Дзьмітры Канавалаў прызнаў сябе вінаватым у тэрактах у мэтро і на праспэкце Пераможцаў, а таксама ў незаконных дзеяньнях са зброяй, але пры гэтым ён ня лічыць сябе вінаватым у выбухах у Віцебску, у тым ліку і тых, якія сьледзтва вызначае як злоснае хуліганства.

Уладзіслаў Кавалёў, наадварот, прызнае хуліганства, а вось пасобніцтва ў тэрарызьме абвяргае, у тым ліку і адносна выбуху ў мэтро. Свае паказаньні падчас сьледзтва у гэтым эпізодзе Кавалёў зараз не пацьвярджае, хаця і прызнае, што раней набываў выбухоўку і перадаваў яе Канавалаву.

Старшынюе на працэсе намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Аляксандар Федарцоў. Федарцоў ужо адхіліў хадайніцтва некаторых пацярпелых пра адкладаньні працэсу, якія прасілі даць ім больш часу на азнаямленьне са справай. Прагучалі заявы, што на гэта давалі ўсяго па 2-3 дні, хаця справа налічвае болей за 500 тамоў.

Аднак судзьдзя Федарцоў заявіў, што на некаторых абмежаваньні былі накладзеныя абгрунтавана — нібыта пацярпелы Саакян цікавіўся ня столькі справай, колькі сакрэтамі вырабленьня бомбы. Пацярпелы Саакян гэта абверг і папрасіў не распаўсюджваць адносна яго недакладныя зьвесткі. Маці абвінавачанага Ўладзіслава Кавалёва Любоў мяркуе, што абмежаваньні ў азнаямленьні са справай невыпадковыя.

«Мяркую, гэта адбылося таму, што падчас дэталёвага вывучэньня справы пацярпелыя, якія былі на станцыі мэтро падчас выбуху, могуць заўважыць нейкія несупадзеньні з тым, што было насамрэч».

Любоў Кавалёва таксама адзначыла, што сына абмяжоўваюць у кантактах сам на сам з адвакатам. На судзе ён рабіў адмысловае хадайніцтва на гэты конт, але, паводле зьвестак маці, пагутарыць сыну з адвакатам бязь сьведак так і не ўдалося.




15 верасьня на працэсе прысутнічаў 121 пацярпелы з болей як паўтысячы. Каля 200 пацярпелых прадставілі дакумэнты, чаму яны ня могуць быць у судзе, астатнія проста не зьявіліся. Суд параіўся з бакамі і пастанавіў весьці працэс, не зважаючы на гэтую акалічнасьць. Таксама суд забараніў фота- і відэаздымку на працэсе. У судовай залі не працуе мабільная сувязь.

Болей за 3 гадзіны выступалі з абвінавачаньнем прадстаўнікі пракуратуры, але назіральнікі адзначаюць, што шэраг прынцыповых пытаньняў застаюцца без адказу. Сярод іх матывацыя падсудных. Пракурор Аляксей Стук заявіў, што віна Канавалава і Кавалёва цалкам даказаная і пералічыў болей як 20 пазыцый доказаў, але праваабаронца Людміла Гразнова кажа, што гэтак і не пачула адказу на простае пытаньне: навошта яны гэта рабілі?

«Безумоўна, жахлівае злачынства, але я пакуль ня ўбачыла злачынцаў. То бок я ня ўбачыла матыву, які б адпавядаў такому памеру злачынства. Адразу згадваецца сытуацыя з нарвэскім тэрарыстам, які сапраўды рыхтаваўся да тэракту, дзейнічаў супраць эмігрантаў, да якіх адчуваў нянавісьць. А тут я ня ўбачыла, чаму гэтыя маладыя людзі, ня здольныя дакладна артыкуляваць свае словы, пайшлі на такое жудаснае злачынства? Чаму яны гэта зрабілі? Для мяне гэта застаецца пытаньнем з пытаньняў».



Судзьдзя Аляксандар Федарцоў адмыслова зьвярнуўся да журналістаў з папярэджаньнем адносна асьвятленьня працэсу. Ён сказаў, што кантакты і інтэрвію з пацярпелымі могуць трактавацца як спроба паўплываць на будучыя рашэньні суду. Таксама судзьдзя перасьцярог супрацоўнікаў мэдыяў ад памылковых ацэнак матэрыялаў справы і падзей на працэсе.

Працэс адновіцца 16 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG