Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Мінск ізноў мог стаць Менскам


Пратакол Прэзыдыюму ВС БССР з назвай "Менск", 1938 г.

Пратакол Прэзыдыюму ВС БССР з назвай "Менск", 1938 г.

1991-ы вачыма ўдзельніка

Усе гэтыя iPad'ы, iPhone'ы ды іншыя дэвайсы часам толькі ўскладняюць жыцьцё. Сваю памылку з навігатарам я зразумеў, калі замест патрэбнай мне плошчы ў цэнтры Магдэбургу выруліў на вуліцу і аўтамабіль упёрся у кардон паліцыянтаў. У навігатар я ўнёс Адольфгітлерштрасэ, а трэба было – Адольфгітлерпляц. Вуліцу перакрыла паліцыя, бо наперадзе, пад чырвонымі сьцягамі са свастыкай, ішоў нейкі мітынг гітлер'югенду. Заставалася адно: даваць задні ход, выбірацца на Гебэльсштрасэ і, стаўшы на прыпынак ля помніка Загінулым нацыстам, па-новаму ўносіць у навігатар правільны адрас.

Гэта пра сучасную Нямеччыну? Што за маразм? – запытаецца чытач.

Ды ня большы, чым наяўнасьць у гарадах сучаснай Беларусі ўсіх гэтых ленінскіх, урыцкага, калініна ды валадарскага вуліц ды прысягі выпускнікоў школы КДБ ля музэю Дзяржынскага. Бадай, нават меншы: якім бы злачынным ні быў нацысцкі рэжым, колькі б гора ні прынёс ён у выніку немцам, але накіраваны ён быў найперш супраць іншых народаў. Беларускі ж народ дагэтуль жыве з вуліцамі Суворава, Мясьнікова ды Кнорына, якія ў адносінах да яго былі акупантамі.

Разумею, што маё параўнаньне камунізму з нацысцкім рэжымам не зусім карэктнае (за камунізмам ахвяраў значна болей), і захаваньне абсурдных, з пункту гледжаньня здаровага сэнсу, назоваў у сучаснай Беларусі ня тым толькі кепскае, што робіць Беларусь пасьмешышчам у вачах заходніх гасьцей – яно ўплывае на сьветапогляд, на мэнтальнасьць саміх беларусаў. Зрэшты, гэта і было мэтай тых, хто пакідаў старыя назовы ў 1991-м і праводзіў “рэфэрэндум” у 1995-м.

Нам жа, дэпутатам Апазыцыі БНФ, адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці было зразумела, што трэба вярнуць тое, што належала нацыі – сьцяг, герб і гістарычныя назовы.

Пазьней будуць пісаць, што, маўляў, БНФ займаўся толькі “сьцяжкамі” і назвамі. Абвергнуць гэта можна хоць бы падзеямі верасьня 1991-га, калі мы запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі ВС.

Беларусь ужо была незалежнай, але ў кіраўніцтва Прэзыдыюму ВС яшчэ дзейнічаў “саюзны рэфлекс” – на паседжаньні Прэзыдыюму намесьнік старшыні ВС Васіль Шаладонаў паведаміў, што парадак дня сэсіі распрацаваны “з улікам рашэньняў зьезду”.

Шаладонаў меў на ўвазе пазачарговы зьезд народных дэпутатаў СССР, які прайшоў на пачатку верасьня ў Маскве і на якім прысутнічала дэпутацыя Вярхоўнага Савету БССР (у тым ліку і група дэпутатаў Апазыцыі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком).

Зьезд той быў скліканы як пазачарговы, пасьля правалу ГКЧП, адным з ідэйных натхняльнікаў якога быў студэнцкі сябар Гарбачова, старшыня ВС СССР Анатоль Лук'янаў, а кіраўніком – прызначаны на папярэднім зьезьдзе віцэ-прэзыдэнтам СССР Генадзь Янаеў. Зьезд на прапанову Гарбачова прыняў рашэньне пра самароспуск і перадаў свае паўнамоцтвы новаўтворанаму органу, які павінен быў фармавацца з роўнай колькасьці дэпутатаў ад кожнай рэспублікі і абвясьціў "пераходны пэрыяд" для падпісаньня дамовы аб "саюзе сувэрэнных дзяржаў".

Фактычна тое была ціхая агонія – лёс такой дамовы і такога "саюзу" быў перадвызначаны Вярхоўнымі Саветамі большасьці рэспублік, якія прагаласавалі за незалежнасьць.

На зьезьдзе зрабіліся відавочнымі палітычнае фіяска Гарбачова і моцная пазыцыя Ельцына, які недвухсэнсоўна даў зразумець кіраўнікам былых рэспублік, хто ў Маскве цяпер гаспадар.

Аднак гаспадарамі Ельцын і яго каманда хацелі быць ня толькі ў Маскве, але і на абшарах усяго СССР.

Па вяртаньні з Масквы Пазьняк на паседжаньні Апазыцыі БНФ зьвярнуў увагу на відавочнае ў часе зьезду “дамінаваньне Расеі, якая імкнецца накласьці лапу на ўласнасьць". Кіраўнік Апазыцыі БНФ сказаў таксама, што “рыхтуецца нешта накшталт анэксіі Беларусі” і “мы (Вярхоўны Савет – С.Н.) павінны тэрмінова ўсё прыняць”, маючы на ўвазе стварэньне структураў незалежнай дзяржавы.

“Улічваючы, што сытуацыя ідзе не па днях, а па гадзінах, мы спазьняемся”, – казаў Зянон Пазьняк членам Прэзыдыюму.

“Страта трох дзён – справа надзвычайная”, – заклікаў не цягнуць з прыняцьцем патрэбных рашэньняў Пётра Садоўскі.

“Ня трэба нагнятаць”, – супакойваў нас старшыня бюджэтна-фінансавай камісі ВС Раман Унучка.

Як звычайна, у Прэзыдыюму не было нічога – толькі жаданьне выканаць рашэньні маскоўскага зьезду.

Мы ж прадставілі пакет прапановаў.

Прапанова Апазыцыі БНФ на 6-ую нечарговую сэсію ВС, верасень 1991 г.


За дваццаць дзён – з 26 жніўня да 16 верасьня 1991 г. – мы падрыхтавалі і прадставілі ў Вярхоўны Савет 31 законапраект для нечарговай сэсіі ВС. Большасьць зь іх тычылася дзяржаўнага будаўніцтва і абароны – таго, без чаго не магла існаваць толькі што ўтвораная краіна (пазьней нашыя прапановы будуць прынятыя). Мы прапанавалі Прэзыдыюму ВС 16 пунктаў парадку дня – аб грамадзянстве, аб уласнай мытні, аб замежнапалітычянай дзейнасьці, аб прызнаньні права прыватнай уласнасьці на зямлю і ўнясеньні зьменаў у заканадаўства, аб дэнансацыі Саюзнага дагавору 1922 году і інш. Быў і аб’ёмны "вайсковы блёк", за падрыхтоўку якога адказвала Галіна Сямдзянава – ён складаўся з 16 законапраектаў, якія падводзілі юрыдычную базу пад стварэньне ўласнага войска, сыстэмы памежнай аховы, уласнай вайсковай пракуратуры і гэтай далей.

Але першымі пунктамі парадку дня сэсіі мы прапанавалі разгледзіць тое, без чаго ня можа існаваць толькі што ўтвораная краіна – назву, сьцяг і герб.

Было ў нашых прапановах і пытаньне аб вяртаньні беларускай сталіцы яе гістарычнай назвы – Менск.

Нам падавалася, што нашае імкненьне мае неблагі шанец рэалізавацца – бо 5 верасьня 1991 году Менскі гарадзкі савет, дзе была даволі моцная фракцыя БНФ (на выбарах 1990 году сталіца прагаласавала больш дэмакратычна, чым правінцыя) прыняў рашэньне “аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск”:

"Зыходзячы зь неабходнасьцi аднаўленьня гiстарычнай справядлiвасьцi i з нагоды 400-годдзя надання месту Менску герба, Мiнгарсавет лiчыць неабходным вярнуць гораду яго спрадвечнае гiстарычнае найменне – Менск – i пацвердзiць герб, нададзены яму 12 студзеня 1591 г.

Згодна з названым вышэй сесiя Мiнгарсавету прымае рашэньне:

1. Пацвердзiць герб, нададзены гораду 12 студзеня 1591 г. у вынiку атрыманьня Магдэбургскага права ў 1499 г.

2. Зьвярнуцца ў ВС БССР з прапановай адмянiць рашэньне 2-й сэсii ВС БССР I склiканьня ад 29 лiпеня 1939 г., згодна зь якiм горад Менск
быў перайменаваны ў Мiнск".

Рашэньне падпісаў старшыня Менгарсавету Аляксандар Герасіменка.

Герб гарсавет меў права зацьвердзіць, а вось дзеля зьмены назову сталіцы патрабавалася рашэньне парлямэнту.
Прапанова Апазыцыі БНФ аб вяртаньне беларускай сталіцы гістарычнага назову - Менск. Верасень 1991 г.


Нас падтрымала і Камісія ВС па пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам.

Адным з нашых галоўных аргумэнтаў было тое, што сталіца мела назоў “Менск” да 1939 году – гэта значыць, добрая палова дэпутатаў засьпела гэты час (хаця ён мог прыпадаць і на іх маленства).

Пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР аб вынясесеньні на сэсію ВС пытаньня аб пераназове Менску, 1939 г.

Цікава, што некаторыя папросту ў гэта ня верылі – аж пакуль мы не раздрукавалі копіі афіцыйных дакумэнтаў (у тым ліку – пратаколы паседжаньняў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР у 30-я гады). Да пэўнага часу ў друку і ў афіцыйным саправаводзтве на расейскай мове пісалі “Мінск”, на беларускай – “Менск”. Аднак 29 ліпеня 1939 году – у рэчышчы палітыкі русіфікацыі – пастановаю Вярхоўнага Савету 1-га скліканьня “е” замянілі на “і”.

Мы заклікалі сваіх калег дэпутатаў вярнуць гістарычны назоў сталіцы, што было б аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці. На жаль, і ў верасьні 1991-га лёс назвы беларускай сталіцы быў вырашаны арытмэтычна. “За” прагаласавалі 142 дэпутаты – для станоўчага рашэньня патрабавалася 173. Не хапіла 31 голасу.

Вынік галасаваньня аб назове сталіцы паказаў, што страх, які кіраваў камуністамі на сэсіі 24-25 жніўня і які дазволіў нам зламаць іх псыхалягічна і абвясьціць Незалежнасьць – гэты страх сышоў, і Вярхоўны Савет імкліва вяртаеца ў стан, калі прапановы Апазыцыі БНФ набіралі ў найлепшым выпадку 90-110 галасоў (а звычайна – 50-60). Але рэзэрва пакуль што заставалася.

Ды толькі для прыняцьця “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў неабходна было ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, а значыць, нам трэба было дзьве траціны дэпутацкага корпусу – 231 голас.

Было зразумела, што трэба мяняць тактыку.

Прычым мяняць літаральна за суткі – разгляд пытаньня пра дзяржаўныя сымбалі плянаваўся на 19-га верасьня.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG