Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Многія беларускія палітыкі і праваабаронцы лічаць, што галоўным у вызваленьні палітвязьняў стаў эканамічны чыньнік: беларускай уладзе патрэбныя крэдыты з Захаду. Яны прагназуюць, што праз пэўны час улады вызваляць і зьняволеных — былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія пакуль застаюцца за кратамі.

Палітык Віктар Івашкевіч, сустаршыня аргкамітэту Ўсебеларускага народнага сходу, лічыць, што Аляксандар Лукашэнка дзейнічае паводле формулы "ня хочацца, але ж мусіш".

Віктар Івашкевіч

"Катастрафічны эканамічны стан стварае сытуацыю ўсё большай залежнасьці ад магчымага атрыманьня замежных крэдытаў і ўсё большай небясьпекі забурэньняў у грамадзтве. І гэта вымушае ісьці на такія крокі, на вызваленьне палітвязьняў — з мэтай атрымаць замежныя крэдыты, каб зьмікшыраваць катастрафічнае падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, зьбядненьне людзей, якое і ёсьць базай для магчымых народных забурэньняў".

Чаму вызваляюць ня ўсіх? Бо ня хочацца гэтага рабіць, хочацца цягнуць "да апошняга". Бо гэта вымушаныя захады з боку ўладаў, а ня іхні нейкі ўсьвядомлены курс на рэформы".

На эканамічны чыньнік зьвяртае ўвагу і праваабаронца Людміла Гразнова, кіраўніца зарэгістраванага ў Літве "Праваабарончага альянсу".

Людміла Гразнова

"Рэжыму патрэбныя крэдыты, якія мяркуецца атрымаць найперш ад Захаду. А Захад, як вядома, ставіць умовай вызваленьне ўсіх палітзьняволеных. Я думаю, і былыя кандыдаты ў прэзыдэнты будуць вызваленыя, але, можа, трошку пазьней. Аляксандру Рыгоравічу хочацца, каб хтосьці з заходніх палітыкаў закінуў за іх слоўца, каб папрасіў, каб яшчэ патаргавацца".

Людміла Гразнова лічыць, што ў цяперашняй беларускай судовай сыстэме вызваленыя фігуранты справы 19 сьнежня наўрад ці маюць магчымасьць юрыдычна аспрэчыць свае зьняволеньні ці патрабаваць ад дзяржавы нейкай кампэнсацыі.

"Мы маем недаробленую юрыдычную сыстэму, яна ня вольная, не незалежная. Суды за 19 сьнежня былі відавочна палітычна матываванымі, і цяперашнія вызваленьні таксама палітычна матываваныя. Знайсьці нейкую праўду ў беларускім судзе, я думаю, будзе немагчыма".

Палітычны аглядальнік газэты "Белорусы и рынок" Паўлюк Быкоўскі ў вызваленьні палітвязьняў бачыць найперш геапалітычныя прычыны:

Паўлюк Быкоўскі

"Я перакананы, што толькі крэдыты ці палітычныя кампаніі кшталту Ўсебеларускага сходу на сытуацыю з палітвязьнямі наўпрост не ўплываюць. Больш важна тое, што зараз Менску неабходна паляпшэньне стасункаў з Захадам — гэтага вымагае як палітычная, гэтак і эканамічная сытуацыя ў Беларусі. Таму рэжым проста вымушаны такія крокі рабіць.

Чаму ня выпусьцілі ўсіх палітвязьняў? Насамрэч я перакананы, што да саміту "Ўсходняга партнэрства", які адбудзецца літаральна праз два тыдні, выпусьцяць усіх астатніх".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG