Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пратакол пакаралі, ілжэсьведчаньня не заўважылі


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны
Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны атрымаў на свой зварот у міліцыю адказ за подпісам намесьніка начальніка УУС аблвыканкаму Валера Лявонава.

Праваабаронца прасіў разабрацца з ілжэсьведчаньнем спэцназаўцаў у судзе і зь неахайным афармленьнем у Цэнтральным райаддзеле міліцыі адміністрацыйнага пратаколу, паводле якога Анатоль быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак нібыта за лаянку, хоць насамрэч, паводле ягоных слоў, фатаграфаваў беспадстаўныя затрыманьні, якія чыніла міліцыя пасьля акцыі маўклівага пратэсту.

У лісьце палкоўнік Лявонаў паведаміў, што на падставе звароту праводзілася службовая праверка. Упраўленьне ўнутраных спраў пагадзілася, што пры складаньні пратаколу ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі ў дачыненьні да праваабаронцы «дапушчаны парушэньні адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства, за што вінаватыя службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці».

Разам з тым, як піша палкоўнік Лявонаў, «у ходзе праверкі фактаў, якія паказваюць на ілжэсьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі ў судовым пасяджэньні, не ўстаноўлена».

Са свайго боку, спадар Паплаўны лічыць, што ўпраўленьне ўнутраных спраў прыняло палавіністае рашэньне. Пакаралі ўчастковага, які неахайна склаў пратакол, а ілжывыя сьведчаньні міліцыянтаў, якія абвінавачвалі затрыманых на акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў лаянцы, прызнаваць ня хочуць.

Варта дадаць, што абласны суд адмяніў пастанову судзьдзі Цэнтральнага раёну Алены Цалковай на пакараньне Анатоля Паплаўнага адміністрацыйным арыштам.

Адміністрацыйную справу накіравалі ў раённы суд на новы разгляд. За гэты час супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСу склалі ў дачыненьні да праваабаронцы новы пратакол. Ён мае быць неўзабаве разгледжаны нанова ў Цэнтральным судзе Гомеля з выклікам міліцэйскіх сьведак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG