Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявілася ў банках валюта пасьля першых адносна свабодных таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы і ўсталяваньня новага валютнага курсу — значна вышэйшага за афіцыйны? Як на новую сітуацыю рэагуюць людзі?

Бліжэй да абеду ў некаторых абменных пунктах на таблё зьявіліся новыя курсы валют. Гандлёвы цэнтар «На Нямізе», абменны пункт Франсабанку. Даляр ЗША: 8400 — купля, 8900 — продаж. Эўра — 11 400 купля, 12 200 — продаж. Касірка кажа, што толькі 10 хвілін таму курсы памянялі, таму пакуль нічога не зьмянілася. Валюты няма, і людзей таксама няма. Да абменьніка падыходзяць цікаўныя, глядзяць на новыя лічбы, тэлефануюць знаёмым. Пытаюся ў людзей: «Ці верыце вы, што зьявіцца валюта, што будзе вырашана валютная праблема?».

Спадарыня: «Усё вяртаецца на кругі свае. Гэта ж ужо было ў 1990-х, калі было шмат курсаў. З такім курсам зарплата людзей ператвараецца ў тры капейкі, за якія пражыць нельга. Хто быў бедны, стане зусім жабраком. А хто меў, то і будзе мець».

Хлопец: «Няма баксаў у абменьніку і ня будзе. Зараз зноў што-небудзь наша ўлада прыдумае. Ну няма валюты, адкуль ёй узяцца?».

Дзяўчына: «Для мяне галоўнае, каб былі даляры, каб была нейкая стабільнасьць, няхай сабе і па новым курсе. Каб можна было свабодна купіць валюту, каб можна было неяк плянаваць сваё жыцьцё і каб не было вось гэтай мітусьні».

Спадар: «Народ, як звычайна, апошні і сам-насам застаўся з гэтай праблемай, і сам будзе разграбаць сытуацыю. Уяўляеце, з такім курсам якія пэнсіі будуць у людзей? Па 50–60 даляраў. Як можна пражыць за 60 даляраў?».

Юнак: «Нічога ў гэтай краіне ня зьменіцца, пакуль ня прыйдзе новы гаспадар, нічога добрага ня будзе».

Спадар: «Валюта, канечне, зьявіцца. Пытаньне — па якой цане. Банкі валюту апошнім часам не закуплялі, бо ня бачылі сэнсу. А валюта зьявіцца. На колькі яе хопіць — гэта ўжо іншае пытаньне. Таму што калі валюта зьявіцца па гэтым курсе — трэба падымаць заробкі. Падымуцца заробкі — трэба ўключаць друкарскі станок. Уключаць станок — зноў уздымецца курс даляра».

Юнак: «Па мне дык лепш высокі курс, але наяўнасьць валюты, чым такая сытуацыя, як была».

Карэспандэнтка: «Спадзеяцеся, што стабілізуецца сытуацыя з валютай?».

Юнак: «Так. Прынамсі, крокі робяцца слушныя. Раней толькі трэба было гэта зрабіць. Крыўдна, што паўгода ўсё было для некага, а не для народу».
Пакуль мы тут, валюта ў абменьніку ня зьявіцца.

Цікавая размова з так званым валютчыкам у мяне адбылася каля абменьніка ва ўнівэрсаме «Цэнтральны», дзе а 13-й гадзіне валюты не было. Хлопец быў з ноўтбукам і ўважліва сачыў за курсамі праз інтэрнэт.

«Пакуль мы тут, валюта ў абменьніку ня зьявіцца. І ніхто асабліва ня будзе сьпяшацца здаваць, таму што па чорным курсе будзе яшчэ даражэйшая валюта».

Карэспандэнтка: «А ваш прагноз: да якой мяжы дойдзе?».

«Афіцыйны курс спыніцца, а чорны — дойдзе да 15 тысяч рублёў за даляр».

Пасьля абеду ў абменьніках валюта пачала зьяўляцца. У «Белпрамбудбанку», да прыкладу, прадавалі тое, што людзі здалі. У банку «Масква — Менск» не было беларускіх рублёў. І толькі ў «Белсьвісбанку», што на плошчы Свабоды, можна было прадаць і купіць неабмежаваную колькасьць валюты, хоць 10 тысяч даляраў, як сказала касірка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG