Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаюць тое, што самі ж адбіралі


Да канца сёлетняга году кошт адной паездкі ў сталічным грамадзкім транспарце можа скласьці 1250 рублёў. Пра гэта сёньня паведаміў старшыня менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», ён таксама патлумачыў, чаму рашэньне пра бясплатны праезд прынялі на карысьць студэнтаў.

З гарадзкога бюджэту ў верасьні на падтрымку грамадзкага транспарту менскія ўлады перавялі 150 мільярдаў рублёў. Старшыня гарвыканкаму сказаў, што гэта дапаможа стрымліваць рост коштаў на праезд. Цана квітка можа дасягнуць 1250 рублёў, пры сёньняшнім сабекошце 2200 рублёў і цяперашняй цане 950 рублёў.

Бясплатным стане праезд для студэнтаў дзённай формы навучаньня, якіх у сталіцы 120 тысяч. Мікалай Ладуцька ацаніў гэтае рашэньне як «сацыяльна адказнае і дарагое»:

«Мы не прынялі яго для пэнсіянэраў… Мы падтрымалі актыўную частку людзей. Гэта падтрымка не для таго, каб сесьці ў тралейбус і езьдзіць па горадзе. А для таго, каб стварыць больш магчымасьцяў для самаадукацыі, самарэалізацыі, для творчай узьнёсласьці. Для таго, каб усё атрымлівалася, каб падрыхтоўка ў ВНУ прайшла больш эфэктыўна. З гэтых пазыцый падтрымаць моладзь. Тую моладзь, якая праз 2–3 гады ўвойдзе ў тое працоўнае жыцьцё, дзе ўжо ня будзе бясплатнага праезду».

Ці ёсьць у такім рашэньні жаданьне ўладаў перацягнуць на свой бок менавіта моладзь? А пэнсіянэры, маўляў, у любым выпадку больш ляяльныя. Прафэсар сацыялёгіі Алег Манаеў з гэтай нагоды адзначае:
Калі справа даходзіць да самога галасаваньня, то працэнт студэнцкай моладзі тут значна меншы, чым пэнсіянэраў.

«Тое, што студэнты традыцыйна больш крытычна ставяцца да ўладаў, да парадку і менш, чым пэнсіянэры, галасуюць за прэзыдэнта альбо за прадстаўнікоў улады на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах, гэта агульнае месца. Тут ніякі сацыёляг не патрэбны, гэта ўжо даўно так. Але, як паказваюць любыя дадзеныя, калі справа даходзіць да самога галасаваньня, то працэнт студэнцкай моладзі тут значна меншы, чым пэнсіянэраў. То бок вялікая колькасьць студэнцкай моладзі проста не галасуе».

Мікалай Ладуцька сёньня патлумачыў і стан рэчаў з сацыяльнай дапамогай са сталічнага бюджэту. Улады ўжо паабяцалі кожнаму пэнсіянэру і бюджэтніку краіны па 500 тысяч разавай дапамогі «на гародніну» . У Менску да іх хочуць дадаць яшчэ па 500 тысяч. Але іх атрымаюць толькі тыя, чый прыбытак на аднаго чалавека не перавышае ў месяц 441 тысячы рублёў, сказаў старшыня гарвыканкаму:

«Гэта ня кажа пра тое, што мы другі раз з гарадзкога бюджэту заплацім усім людзям пэнсійнага веку. Сюды ўвойдуць і частка пэнсіянэраў, і інваліды, і працоўныя. Усё залежыць ад іх прыбытку».

Такім чынам, сталічную дапамогу атрымаюць каля 50 тысяч пэнсіянэраў з 414 тысяч.

У такой сытуацыі было б лепей падвысіць пэнсіі, лічыць былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў:

«Людзі, якія не абіраюцца народам, перад ім і не адказваюць. Таму яны робяць так, як хочуць, а ня так, каб было лепей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG