Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Алкаеў: «Ня думаю, што справа з прысудам зацягнецца…»


Алег Алкаеў

Алег Алкаеў

«Ня думаю, што справа з вынясеньнем выраку зацягнецца. Вельмі яна заблытаная. Таксама не адыгрывае аніякай ролі, хто будзе старшынём на працэсе: Федарцоў ці нехта іншы. Ролю адыгрывае тое, што скажуць у адміністрацыі прэзыдэнта», — пра гэта з нагоды пачатку суду над абвінавачанымі ў тэракце токарам Дзьмітрыем Канавалавым і электрыкам Уладам Кавалёвым заявіў «Свабодзе» колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў.

Абодвух жыхароў Віцебску абвінавачваюць у тэракце, учыненым у менскім мэтро 11 красавіка, у выніку якога на месцы загінулі 11 чалавек, а 4 памерлі ў шпіталях.

Старшыняваць на працэсе будзе першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў.

Як мяркуе Алег Алкаеў, аднаму з абвінавачаных — Уладу Кавалёву, «які спадзяецца на лепшае», хутчэй за ўсё, захаваюць жыцьцё і ён будзе адыгрываць ролю «станоўчага сьведкі».

Адрозна ад Дзьмітрыя Канавалава, Уладу напярэдадні дазволілі спатканьне з маці, таксама яму дазволеная перапіска з сваякамі. У адным з сваіх апошніх лістоў да сваякоў (яны зьмешчаныя ў інтэрнэце) Кавалёў напісаў, што будзе «драпацца да канца», тым болей, што шанец мае.

«Такое «драпаньне» — гэта стары прыём, калі ад аднаго абвінавачанага патрабуюць здаць іншага і ўзяць адпаведныя паказаньні.

Што тычыцца другога, Канавалава, то, паводле колішняга начальніка «Валадаркі», «згодна з існуючымі законамі — толькі сьмяротнае пакараньне. Улічваючы колькасьць ахвяраў, якіх магло быць і болей, — толькі сьмяротнае пакараньне. Бо людзей у Беларусі расстрэльваюць нават за адно забойства. А тут такі крывавы тэракт. Аднак, зразумела, потым прэзыдэнт можа памілаваць ці не памілаваць. Гэта ягонае права».

Расповед пра тое, як у Беларусі выконваецца сьмяротны прысуд, пра тое, што мяркуюць адносна такіх прысудаў у грамадзтве, — у новай праграме «Свабода ў турмах» у гэтыя выходныя.

Сярод іншых тэмаў праграмы «Свабода ў турмах»:

  • «Пра што паведаміў падчас спатканьня мой сын» — ліст ад маці асуджанага, які адбывае тэрмін у Мазырскай калёніі.

  • «Ці патрэбныя экскурсіі ў турмах?» — апытаньне на гарадзкіх вуліцах.

  • «Паэт за кратамі». Уладзімер Някляеў пра «амэрыканку» і эсэ Бродзкага «Пісьменьнік у турме».
XS
SM
MD
LG