Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага тэлеапэратара намінуюць на ўзнагароду за рэпартаж пра Плошчу


У кадры - Уладзімер Косьцін

У кадры - Уладзімер Косьцін

Фонд Роры Пэк абвясьціў фіналістаў Rory Peck Awards 2011 — адзінага прафэсійнага конкурсу ў сьвеце, прысьвечанага майстэрству і дасягненьням апэратараў-фрылянсэраў, што рыхтуюць навіны і матэрыялы пра бягучыя падзеі. Фіналісты 2011 году, абраныя сярод вялікай колькасьці ўдзельнікаў, паходзяць зь Беларусі, Эгіпту, Эўразьвязу, Лібіі, Вялікабрытаніі ды Злучаных Штатаў, паведамляе БАЖ.

«Выбітны рэпартаж беларускага фіналіста Ўладзімера Косьціна распавядае пра менскія акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. На кадрах Уладзімера адлюстраваныя як эмоцыі пратэстоўцаў, гэтак і страх у вачах прадстаўнікоў дзяржаўных сілаў бясьпекі, якія спрабавалі спыніць націск людзей. Асабліва ўзрушваюць эпізоды, на якіх „ціхары“ выхопліваюць людзей і валакуць у невядомым напрамку», — паведамляецца на сайце Rory Peck Trust.

Урачыстае абвяшчэньне пераможцаў сёлетняга конкурсу і ўручэньне ўзнагародаў адбудзецца ў Лёндане 16 лістапада 2011 г.

Уладзімір Косьцін працуе тэлеапэратарам ад 1996 г. Супрацоўнічаў зь Беларускай Асацыяцыяй Незалежнага Тэлебачаньня, тэлеканаламі REN-TV, TВ-6, TВ-3, РТР, НТВ, «Первый канал» (Расея), TVP (Польшча), Reuters Television. У 2005 годзе атрымаў прэмію Дзьмітрыя Завадзкага «За мужнасьць і прафэсіяналізм».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG