Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 11 асуджаных па «справе 19 сьнежня», паведамілі ў прэсавай службе кіраўніка дзяржавы.








Памілаваныя:

  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Дзьмітрый Буланаў
  • Ільля Васілевіч
  • Павал Вінаградаў
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Мікіта Ліхавід
  • Уладзімер Лобан
  • Аляксандар Малчанаў
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Дзьмітрый Новік
  • Алег Федаркевіч

Аляксандар Атрошчанкаў (зьлева)
Дзьмітрый Буланаў
Павал Вінаградаў
Аляксандар Класкоўскі
Мікіта Ліхавід
Уладзімер Лобан
Аляксандар Малчанаў
Фёдар Мірзаянаў
Дзьмітрый Новік
Алег Федаркевіч
«Кіруючыся прынцыпамі гуманнасьці, прэзыдэнт падпісаў Указ аб памілаваньні 11 асоб, асуджаных за ўдзел у вулічных беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году», — піша прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

2:40 Ільля Васілевіч: «Турма не спужала. Жахнуўся ад прававога бязьмежжа»

2:15 Фёдар Мірзаянаў: «Ад мяне патрабавалі падпісаць паперу супраць кандыдатаў»

1:30 Мікіта Ліхавід. Першыя фатаздымкі на волі

0:00 Аляксандар Класкоўскі. Першыя фота і відэа на волі


23.45 Павал Вінаградаў на волі. Першыя фатаздымкі

22:20 У раёне вёскі Сарочына Мікіта Ліхавід сустрэўся з маці. Спадарыня Алена ехала насустрач сыну зь Менску, а з Полацку яго падвезьлі мясцовыя актывісты Васіль Главацкіх і Ўладзімер Кунцэвіч.

21:50 Алег Федаркевіч, Ільля Васілевіч, Дзьмітрый Буланаў і Аляксандар Малчанаў. Першыя фота і відэа на волі

21:40 Мікіту Ліхавіду перш як вызваліць загадалі зьбірацца «на этап»

20:50 Наваполацкія сябры руху «За Свабоду» спрабавалі сустрэць Мікіту Ліхавіда каля Наваполацкай калёніі, але вызваленага вязьня на той час ужо завезьлі на полацкі чыгуначны вакзал. Там яны і мяркуюць цяпер сустрэцца, пакуль па Мікіту прыедзе маці, распавёў мясцовы актывіст Уладзімер Кунцэвіч.

20:36 Аляксандар Атрошчанкаў. Першыя фатаздымкі на волі

20:30 Мікіта Ліхавід патэлефанаваў маці з вакзалу. Маці едзе яго забіраць.

19:50 Фёдар Мірзаянаў кажа, што бачыў сьпіс памілаваных, і паводле ягоных слоў, адзінаццаты памілаваны — Мікіта Ліхавід.

19:40 Вызваленыя таксама Алег Федаркевіч, Дзьмітрый Буланаў, Аляксандар Малчанаў і Ільля Васілевіч.

Алег Федаркевіч: «Я не пісаў прашэньне пра памілаваньне. Хоць падыходзілі шмат разоў».

Ільля Васілевіч: «Прыйшоў начальнік атраду. Проста паклікаў з сабой. Мы пайшлі ў кабінэт. Ён сказаў: Гэта твой сьветлы дзень, ты свабодны. Далей была звычайная прадцэдура. Я наднаразова казаў, што ня буду пісаць памілваньне».

Аляксандар Малчанаў: «Прыемна, што вызваліўся. Я здагаваўся, што такое можа адбыцца у любы дзень. На Лукашэнку моцна ціснулі. Адміністрацыя паводзіла так, што можна было здагацца. Шмат разоў прасілі падпісаць прашэньне пра памілаваньньне. Я нічога не падпсіваў. Калі Лукашэнка памілаваў мяне, ён зноў парушыў закон. Я буду абскарджваць у пракуратуры».

Дзьмітры Буланаў: «Пра памілаваньне я ведаў за некалькі дзён. Я падпісаў прашэньне без прызнаньня сваёй віны. Я так вырашыў, бо гэта было ў інтарэсах маёй сям'і».

Бацька Аляксандра Атрошчанкава паведаміў, што сын вызвалены з калёніі, ён едзе сустракаць яго ў Віцебск.

19:25 З Магілёўскай калёніі №15 вызвалілі Аляксандра Малчанава. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода маці Аляксандра Галіна Андрэеўна. Яна датэлефанавалася ў калёнію, ёй дзяжурны сказаў, што каля 19 гадзін Аляксандра выпусьцілі. Ён ужо едзе ў Барысаў.

19:00 Аляксандар Класкоўскі-старэйшы паведаміў, што ягоны сын вяртаецца з калёніі ў Менск. Са шклоўскай калёніі выпусьцілі разам з Аляксандрам Класкоўскім, Уладзімера Лобана і Дзьмітрыя Новіка. Вязень Класкоўскі асобна адзначыў, што прашэньне аб памілаваньні ён не падпісваў.

17:44 Рым Мірзаянаў паведаміў з Сахаліну (Расея), што вызваляюць ягонага сына Фёдара Мірзаянава. Фёдара разам з Паўлам Вінаградавым з калёніі абяцаюць завезьці з калёніі ў Івацэвічы (Берасьцейская вобласьць).

17:30 Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў: «Нам яшчэ не даслалі ўказ аб памілаваньні»

17:17 Сьвятлане Вінаградавай паведамілі ў івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы», што яе мужа Паўла Вінаградава вызваляюць каля 19:00. Яго абяцалі давезьці да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі.

Класкоўскі: Лукашэнка ідзе на саступкі Захаду, таму што яму патрэбныя грошы

Бацька аднаго з палітвязьняў Аляксандар Класкоўскі ў сувязі зь сёньняшнім рашэньнем аб памілаваньні 11 асуджаных за Плошчу згадвае, што 9 верасьня Лукашэнка заявіў пра патрабаваньне МВФ вызваліць палітычных зьняволеных.

Тацяна Севярынец: «Няхай ён просіць Бога, каб яго памілавалі ў будучым»

«Вядома, я б хацела, каб мой сын быў на волі. Таму я, з аднаго боку, у радасным прадчуваньні, з другога боку — мне ўсё гэта вельмі прыкра, таму што — хто б мілаваў».

Алесь Міхалевіч: «Кандыдаты ў прэзыдэнты пакуль будуць заставацца за кратамі»

«Мне вельмі прыемна, што чарговыя палітычныя вязьні выйдуць на свабоду. Зь іншага боку, абсалютна ўпэўнены, што гандаль працягваецца».

Уладзімер Някляеў: Вызваляе не Лукашэнка, вызваляе сытуацыя

Сытуацыя міжнароднай ізаляцыі, сытуацыя крызысу, кепскае фінансавае і эканамічнае становішча краіны — вось што дыктуе Лукашэнку тыя крокі, якія ён робіць.

Марына Адамовіч: «Калі злачынца мілуе невінаватых — гэта абраза»

Грамадзянская жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча Марына Адамовіч перакананая, што кандыдатаў у прэзыдэнты ў сьпісе памілаваных няма.

Рымашэшскі: «Улада будзе баяцца выпускаць кандыдатаў у прэзыдэнты да 8 кастрычніка»

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі выказаў меркаваньне, што кандыдатаў у прэзыдэнты улада ня выпусьціць да даты правядзеньня Народных сходаў
Да памілаваньня ў вязьніцах заставаліся 15 вязьняў, асуджаных за Плошчу, і 2 актывісты, асуджаныя нібыта за хуліганства за дзень да выбараў: Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Застаюцца за кратамі таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі, якіх міжнародная супольнасьць таксама разглядае як палізьняволеных.

За Плошчу адбываюць пакараньне ў вязьніцы Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксандар Малчанаў, Дзьмітрый Новік, Мікіта Ліхавід, Зьміцер Бандарэнка, экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, Фёдар Мірзаянаў, Ільля Васілевіч, экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус, Аляксандар Класкоўскі, Дзьмітрый Буланаў, Павал Вінаградаў, Уладзімер Лобан, Алег Федаркевіч. Нібыта за хуліганства адбываюць тэрміны Дзьмітрый Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

На «хіміі» знаходзіцца ўдзельнік Плошчы Павал Севярынец. Да «хіміі» без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы асуджаныя таксама Дзьмітрый Мядзьведзь і Андрэй Пазьняк.

11 жніўня былі памілаваныя 9 асуджаных па справе аб масавых беспарадках, 1 верасьня яшчэ 4 — як паведамлялася, пасьля іх прашэньня аб памілаваньні. У сёньняшнім паведамленьні прэс-службы А.Лукашэнкі ня ўзгадваецца, што памілаваныя вязьні прызналі сваю віну.

У жніўні яшчэ супраць 6 чалавек былі спыненыя крымінальныя справы па падзеях 19 сьнежня.

Памілаваньню ўдзельнікаў Плошчы папярэднічала таемная сустрэча Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Баўгарыі Мікалаем Младэнавым у Менску 26 жніўня.

Па выніках сустрэчы Младэнаў у лісьце на імя вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан інфармаваў яе, што ўсіх палітвязьняў Аляксандар Лукашэнка абяцаў вызваліць да пачатку кастрычніка.

Пазьней польская газэта Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцу ў МЗС Польшчы паведаміла, што на сустрэчы з Лукашэнкам Младэнаў павінен быў прапанаваць беларускаму лідэру аднаўленьне адносінаў з Эўразьвязам і 2 млрд. эўра ў абмен на вызваленьне ўсіх палітвязьняў да канца 2011 году. Аднак МЗС Баўгарыі катэгарычна абвергла гэтыя зьвесткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG