Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску прайшлі першыя валютныя таргі на рынкавых умовах. На другой сэсіі Менскай валютна-фондавай біржы зафіксаваныя наступныя курсы: даляр ЗША — 8600 беларускіх рублёў, эўра — 12 100, расейскі рубель — 305. Тым ня меней кіраўніцтва Нацбанку сьцьвярджае, што гэта ня сьведчыць пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты.

Праца Менскай валютнай біржы асаблівага відовішча не ўяўляе — таргі адбываюцца дыстанцыйна праз кампутарную сыстэму, у біржавым пакоі ў часе таргоў знаходзіліся толькі тры маклеры. Прадстаўнікі банкаў зьвязваліся зь імі празь сеціва, а мадэраваў увесь працэс Нацыянальны банк. Спачатку прайшла першая сэсія МВФБ, на якой валюту па танным афіцыйным курсе зь ліку 30 працэнтаў абавязковага продажу атрымалі імпартэры энэрганосьбітаў і лекаў. Адразу за ёю пачалася рынкавая сэсія.

Як паведаміў намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны, прапанова на першых рынкавых таргах была невялікая, каля 8 мільёнаў даляраў, і попыт на валюту перавышаў прапанову ў 5 разоў, а па некаторых валютах і болей:

Тарас Надольны

"Удзельнікі таргоў, прадаўцы, занялі пазыцыю чаканьня. Таму можна казаць, што мы знаходзімся прыкладна на верхнім узроўні магчымага курсу. Мяркуем, што нават невялікі аб'ём прапановы здольны сёньня зьмяніць сытуацыю, і трэнд курсу будзе накіраваны ўніз".

Тарас Надольны чакае, што прадаўцы валюты актывізуюцца і беларускі рубель пачне расьці. Паводле ягоных слоў, Нацбанк сёньня не скарыстаў свайго права на валютныя інтэрвэнцыі, каб зьбіваць спэкуляцыйныя ўзроўні курсу. Намесьнік старшыні Нацбанку дэкляруе рынкавыя падыходы: попыт і прапанова на валюту — вольныя, ніякага штучнага ўтрыманьня курсу, ніякіх абмежаваньняў экспартэрам і банкам, вольнае курсаўтварэньне ў абменных пунктах. Спадар Надольны зазначыў, што для таго, каб выйсьці на адзіны раўнаважны курс і адзіную сэсію валютнай біржы, спатрэбіцца паўтара-два месяцы: маўляў, вострай неабходнасьці ў тым, каб хутка збліжаць цяперашнія два курсы, няма. Карціна з курсамі мае праясьніцца па выніках трох-чатырох сэсій:

"Мы цяпер не гаворым ні пра якую дэвальвацыю беларускага рубля з той простай прычыны, што няма зыходных пунктаў. Ёсьць афіцыйны курс, і нашая стратэгічная задача — зрабіць яго адзіным раўнаважным. А на якім узроўні ўдасца гэта ажыцьцявіць — вось для гэтага мы дадатковую сэсію і адкрылі".

Спадар Надольны зазначыў, што шэраг банкаў здолеў набыць валюту для абменных пунктаў, іншыя будуць працаваць на абароце, за кошт таго, што прынясуць грамадзяне, і цягам двух-трох дзён удасца забясьпечыць попыт грамадзян на валюту.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць сьмешнай пазыцыю Надольнага, што гаворкі пра дэвальвацыю няма: фактычна са студзеня рубель дэвальваваны амаль у тры разы, што і паказалі таргі, кажа ён:

Станіслаў Багданкевіч

"Я мяркую, што гэта крок да ўсталяваньня адзінага абменнага курсу, прынамсі прызнаньня рэалій, таго, што з пачатку году рубель абваліўся ў 2,8—2,9 раза. Гэта ўжо станоўча, таму што да гэтага часу нельга было зусім законна купіць валюту ні грамадзянам, ні малому ды сярэдняму бізнэсу. Гэты курс, безумоўна, вызначаны з выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу, але, на мой погляд, ён адпавядае тым рэаліям, якія ёсьць у беларускай эканоміцы".

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што для таго, каб стабілізаваць і ўтрымаць рынкавы курс нацыянальнай валюты, патрэбная комплексная праграма эканоміі, абмежаваньня рублёвай масы, якой урад пакуль не распрацаваў.

Фінансавы аналітык Валерый Палхоўскі, камэнтуючы сытуацыю на валютным рынку пасьля першай рынкавай сэсіі на біржы, разнабой курсаў у абменных пунктах камэрцыйных банкаў, зазначыў:

"Банкі проста няўпэўненыя і не сьпяшаюцца прымаць рашэньні, і ў цэлым сытуацыя адзначаецца няпэўнасьцю. Таму будзем чакаць. У бліжэйшыя дні, думаю, усё праясьніцца. У пэрыяды валютных крызісаў, калі рэгулятар адпускае курс у вольнае плаваньне, курсы праяўляюць сябе вельмі валятыльна, могуць агрэсіўна рухацца і ў адным, і ў другім кірунку. Хутчэй за ўсё, курсы стабілізуюцца цягам нейкага часу, каля аднаго месяца".



Па курсе 8600 рублёў за даляр сярэдні заробак у Беларусі за першае паўгодзьдзе складае 182 даляры (1 мільён 564 500 рублёў па зьвестках Белстату). Сярэдняя пэнсія — 600 тысяч 400 рублёў — па новым курсе складае 70 даляраў.

Курсы валют у некаторых банках, паводле infobank.by

Банк даляр ЗША (купля /продаж) Эўра (купля /продаж) расейскі рубель (купля /продаж)
Тэхнабанк 7850 / 8600 10600 / 11700 260 / 285
БелСьвісБанк 8200 / 8700 11200 / 12000 268 / 287
Дэльта Банк 8000 / 10000 10500 / 13500 280 / 310
ББМБ 8130 / 9630 11100 / 13100 265 / 320
БТА Банк 8500 / 9000 11500 / 12400 280 / 305
БПС Банк 8500 / 9000 11500 / 12300 270 / 310
Крэдэксбанк 8000 / 9000 10920 / 12330 270 / 310
Парытэтбанк 8000 / 9000 11300 / 12500 270 / 320
Сомбелбанк 8200 / 8700 11200 / 11900 282 / 310
Банк Масква-Мінск 8600 / 8700 11765 / 12000 285 / 290
Абсалютбанк 8300 / 8800 11300 / 12000 270 / 298
Альфабанк 7700 / 8700 10500 / 12000 252 / 288
Белросбанк 8550 / 8700 11500 / 12100 275 / 290


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG