Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Томас Гамарбэрг: Калі пагражаюць праваабаронцам, трэба рэагаваць


Томас Гамарбэрг

Томас Гамарбэрг

Калі праваабаронцаў перасьледуюць урады іх краін, яны маюць патрэбу ў салідарнасьці ўсёй Эўропы. Пра гэта заявіў Камісар па правах чалавека Рады Эўропы Томас Гамарбэрг ў артыкуле, які распаўсюдзіла Міжнародная назіральная місія.

«У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца ганеньні на праваабаронцаў», - адзначае спадар Гамарбэрг.

У пачатку жніўня быў арыштаваны старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Ён ўтрымліваецца ў СІЗА. Актывісты, якія патрабавалі яго вызваленьня, былі затрыманыя міліцыяй, і адзін зь іх чакае суду.

«Цягам многіх гадоў «Вясна» была на перадавой лініі абароны правоў чалавека ў Беларусі. Утрыманьне пад вартай Алеся Бяляцкага і цяперашні працэс крымінальнага перасьледу ствараюць сур’ёзную пагрозу дзейнасьці гэтай арганізацыі, што нанясе шкоду ахвярам парушэньняў правоў чалавека, якія залежаць ад той дапамогі, якую ім аказвае «Вясна», — адзначае Томас Гамарбэрг.

«Цяпер беларускія ўлады абвінавачваюць Алеся Бяляцкага „ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйных памерах“. Яны выкарыстоўваюць інфармацыю, прадстаўленую афіцыйнымі ўстановамі ў Вільні і Варшаве, у дачыненьні да банкаўскіх рахункаў, адкрытых на імя Бяляцкага, на якія могуць пасылаць свае ўнёскі замежныя донары.
Права на доступ да фінансаваньня абаронена на падставе міжнародных і рэгіянальных праваабарончых дагавораў.
Права на доступ да фінансаваньня абаронена на падставе міжнародных і рэгіянальных праваабарончых дагавораў. У Дэклярацыі ААН аб праваабаронцах гаворыцца, што кожны мае права „запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спэцыяльна для мэтаў заахвочваньня і абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў мірнымі сродкамі“.

Я ведаю, што ўрады ў Вільні і Варшаве шкадуюць аб тым, што абарона фізычнай недатыкальнасьці і працы праваабаронцаў ня ўлічвалася, калі беларускім уладам была прадстаўлена адпаведная інфармацыя, і зараз гэтыя ўрады спрабуюць абмежаваць нанесеную шкоду. На жаль, гэтая ненаўмысная памылка зараз выкарыстоўваецца ў справе супраць Алеся Бяляцкага, якому пагражае доўгае турэмнае зьняволеньне. І ён зьяўляецца не адзінай ахвярай палітыкі, накіраванай на тое, каб падарваць намаганьні добраахвотнай салідарнасьці з тымі, хто пакутуе ад парушэньняў правоў чалавека», — адзначае Томас Гамарбэрг.

Ён заяўляе, што галоўная адказнасьць ляжыць на ўрадах.

«Менавіта таму асабліва важна, каб абарона бясьпекі праваабаронцаў была пацьверджана як прынцыповая норма. І калі гэта ўнівэрсальна прызнанае абавязацельства парушаецца ў адной дзяржаве, урады ў іншых краінах — уключаючы дзяржавы-сябры Рады Эўропы — павінны рэагаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG