Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 верасьня дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў справаздачу «Рэлігійная свабода–2010» пра стан свабоды веравызнаньня ў амаль 200 краінах і тэрыторыях сьвету. Зьнешнепалітычнае ведамства ЗША публікуе гэтыя даклады штогод у адпаведнасьці з законам аб рэлігійнай свабодзе.

Сёлетні разьдзел справаздачы, які тычыцца Беларусі, налічвае 17 старонак.

Асноўныя высновы і тэзы гэтага разьдзелу:

У Беларусі Канстытуцыя абараняе свабоду веравызнаньня, але іншыя законы і палітычныя рашэньні абмяжоўваюць гэтую свабоду. Улады за справаздачны пэрыяд абмяжоўвалі рэлігійную свабоду ў заканадаўстве і на практыцы.

Асобы статус праваслаўнай царквы


Яны выкарыстоўвалі палажэньні закону аб рэлігіі, каб перашкаджаць дзейнасьці рэлігійных груп, якія не належаць да Беларускай праваслаўнай царквы, якая мае асаблівы статус у сілу асобага пагадненьня з урадам. У прыватнасьці, закон абмяжоўвае магчымасьць рэлігійных арганізацый даваць рэлігійную адукацыю, патрабуе ўхвалы ўладаў на ўвоз і распаўсюд літаратуры, забараняе замежнікам узначальваць рэлігійныя арганізацыі. Улады перасьледавалі і штрафавалі чальцоў некаторых рэлігійных груп, асабліва тых, якія лічацца носьбітамі замежнага культурнага ўплыву або якія маюць палітычныя памкненьні. Замежныя місіянэры, духавенства і супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, зьвязаныя з пратэстанцкімі цэрквамі, сутыкнуліся са шматлікімі, зробленымі дзяржавай, перашкодамі, уключаючы дэпартацыю і адмовы ў выдачы візы або ануляваньні іх. Былі паведамленьні аб дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасьці і перакананьняў.

У адпаведнасьці з дадзенымі студзеня 2011 апарату Паўнамоцнага прадстаўніка ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, каля 58,9% грамадзян лічаць сябе рэлігійнымі і 12,3 адсоткаў не вызнаюць ніякай рэлігіі.

Паўнамоцнае прадстаўніцтва ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў рэгулюе ўсе рэлігійныя пытаньні. Закон 2002 году аб свабодзе веравызнаньня прызнае вызначальную ролю праваслаўнай царквы ў разьвіцьці традыцый беларускага народу, а таксама гістарычнае значэньне груп, якія прынята называць традыцыйнымі канфэсіямі – каталіцызму, юдаізму, ісламу і эвангелісцкага лютэранства.

Закон абмяжоўвае "нетрадыцыйныя" канфэсіі


Закон забараняе любую рэлігійную дзейнасьць незарэгістраваных груп. Дзейнасьць незарэгістраваных рэлігійных груп караецца ў адпаведнасьці з артыкулам 193 КК (дзейнасьць, зьвязаная з гвалтам у дачыненьні да асоб, парушэньне іх правоў, свабод і інтарэсаў, а таксама перашкода асобам выконваць іх дзяржаўныя, грамадзкія, сямейныя абавязкі) і падпункту 1 гэтага артыкулу (арганізацыю або дзейнасьць ад імя незарэгістраваных груп, у тым ліку рэлігійных груп). Пакараньня вар'ююцца ад буйных штрафаў да трох гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, закон 2002 году абмяжоўвае дзейнасьць рэлігійных суполак і аб'яднаньняў у раёнах, дзе яны зарэгістраваныя, і ўстанаўлівае складаныя патрабаваньні да рэгістрацыі, якія некаторым грамадам, як "традыцыйным", гэтак і "нетрадыцыйным", цяжка выканаць.

На працягу справаздачнага пэрыяду (ліпень – сьнежань 2010 году) не было зарэгістравана ніводнай рэлігійнай суполкі, якія належаць да новых веравызнаньняў. Былі зарэгістраваныя 56 рэлігійных грамадаў, адзін праваслаўны манастыр, адно сэстрынства, і адна пратэстанцкая місія на працягу году. Некаторыя хрысьціянскія абшчыны сьцьвярджаюць, што закон моцна абмяжоўвае іх дзейнасьць, падаўляе свабоду веравызнаньня, і легалізуе крымінальны перасьлед асобаў за іх рэлігійныя перакананьні.
Не было зарэгістравана ніводнай рэлігійнай суполкі, якія належаць да новых веравызнаньняў.

Толькі зарэгістраваныя рэспубліканскія рэлігійныя аб'яднаньні могуць зьвяртацца да Паўнамоцнага прадстаўніцтва ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў па дазвол запрашаць замежных сьвятароў у краіну, і неабходна атрымаць дазвол, перш чым замежныя рэлігійныя дзеячы змогуць служыць у мясцовай кангрэгацыі, вучыць ці вучыцца ў мясцовых установах, удзельнічаць у дабрачыннай дзейнасьці.

Паўнамоцнае прадстаўніцтва ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў мае права адмовіць у просьбе без тлумачэньня прычын. Закон 2002 году забараняе замежнікам узначальваць рэлігійныя арганізацыі і адмаўляе рэлігійным грамадам ў праве ствараць навучальныя ўстановы для падрыхтоўкі сьвятароў.

Улады часта называюць рэлігійныя групы, акрамя праваслаўя, каталіцызму, лютэранства, юдаізму і ісламу, нетрадыцыйнымі і шырока выкарыстоўваюць прыніжальны тэрмін «сэкта» адносна такіх груп, хоць гэта і не афіцыйная назва.

Рэлігійная нецярпімасьць


Улады працягвалі выкарыстоўваць падручнікі, якія спрыяюць рэлігійнай нецярпімасьці, асабліва ў адносінах да нетрадыцыйных рэлігійных груп. Міністэрства адукацыі працягвала выкарыстоўваць падручнік «Чалавек, грамадзтва і дзяржава», які называе некаторыя пратэстанцкія канфэсіі і крышнаітаў сэктамі, нягледзячы на пратэсты рэлігійных груп.

На працягу справаздачнага пэрыяду захоўваліся цяжкасьці, асабліва для незарэгістраваных груп, у арэндзе грамадзкіх памяшканьняў і атрыманьні афіцыйных дазволаў на правядзеньне набажэнстваў у арандаваных аб'ектах. Пратэстанцкія суполкі найбольш пацярпелі ад гэтых абмежаваньняў.
Захоўваюцца антысэмітызм і нэгатыўнае стаўленьне да рэлігійных меншасьцяў.

Улады не вярталі будынкі, захопленыя падчас савецкага і нацысцкага пэрыядаў, калі невядома было, куды перамясьціць іх цяперашніх жыхароў. Напрыклад, на большасьць запытаў габрэйскай грамады аб вяртаньне сынагогаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці тэатраў, музэяў, спартыўных комплексаў і рэстарацыяў, былі дадзеныя адмоўныя адказы. Няма ніякага рашэньня наконт былога кляштару бэрнардынцаў у цэнтры Менску, на месцы якога плянуецца збудаваць гатэль і забаўляльны цэнтар.

Захоўваюцца антысэмітызм і нэгатыўнае стаўленьне да рэлігійных меншасьцяў. Паводле шырока распаўсюджанага меркаваньня, нэанацысты адказныя за шматлікія акты вандалізму, асабліва супраць габрэйскіх могілак.

9 лістапада МУС абвясьціла, што былі распачатыя 40 крымінальных спраў аб актах вандалізму на могілках па ўсёй краіне на працягу году. Дасьледаваньні ў 12 выпадках былі прыпыненыя, і адна крымінальная справа была закрытая.

Паўнамоцнае прадстаўніцтва ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў паведамляла ў сьнежні, што 21 выпадкаў вандалізму на могілках адбыліся ў другім паўгодзьдзі 2010 году.

Гістарычна склалася, што краіна была і застаецца тэрыторыяй як ўзаемадзеяньня, гэтак і канфлікту паміж беларускім праваслаўем і рымскім каталіцызмам, хаця адносіны паміж гэтымі дзьвюма групамі палепшыліся на працягу справаздачнага пэрыяду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG