Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Выканаўчая рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду заявіла, што магчымасьць зноў прафінансаваць Беларусь залежыць ад узмацненьня жорсткасьці макраэканамічнай палітыкі ўладаў і іх прыхільнасьці да структурных рэформаў.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, якое распаўсюдзіла Рада па выніках абмеркаваньня постпраграмнага маніторынгу па Беларусі. Абмеркаваньне адбылося 29 жніўня.

Дырэктары адзначылі, што для атрыманьня фінансавай падтрымкі ад фонду «спатрэбіцца прадэманстраваць прыхільнасьць да моцнай эканамічнай палітыкі і структурных рэформаў».

«Комплексная макраэканамічная карэкціроўка і структурныя рэформы, а таксама цьвёрдая палітычная прыхільнасьць да іх правядзеньня прынцыпова важныя для ліквідацыі карэнных прычын уразьлівасьці і аднаўленьня зьнешняй стабільнасьці», — адзначаюць у МВФ.

МВФ вітае прынятыя беларускімі ўладамі абавязаньні па крэдытнай дамове з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС. Пры гэтым дырэктары адзначаюць «важнасьць іх цьвёрдага і пасьлядоўнага ажыцьцяўленьня». Яны назвалі пляны ўладаў зьменшыць дэфіцыт бюджэту, павысіць працэнтныя стаўкі, скараціць фінансаваньне дзяржпраграмаў і ўніфікаваць абменныя курсы — «крокамі ў слушным кірунку», паведамляе Інтэрфакс.

Дырэктары заклікалі ўлады аднавіць зьнешнюю стабільнасьць шляхам далейшага ўзмацненьня жорсткасьці падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі.

МВФ падтрымлівае «пераход на плаваючы курс рубля, каб усталяваць адзіны абменны курс і забясьпечыць магчымасьць правядзеньня неабходнай зьнешняй карэкціроўкі».

Дырэктары заклікалі ўлады прадэманстраваць непахісную прыхільнасьць да структурных рэформаў, актывізаваць лібэралізацыю цэнаў і неадкладна забясьпечыць поўную працаздольнасьць Банку разьвіцьця, які ствараецца цяпер, і Нацыянальнага агенцтва па інвэстыцыях і прыватызацыі.

Паводле МВФ, Беларусь перажывае эканамічны крызіс, а зробленыя ўладамі намаганьні былі недастатковымі, каб аднавіць давер рынкаў.
XS
SM
MD
LG