Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) зоймецца кантролем за правапарадкам у сацыяльных сетках, каб не дапусьціць "паўтарэньня масавых беспарадкаў на ўзор Тунісу і Эгіпту".

Пра гэта «Известиям» распавяла крыніца ў АДКБ, падкрэсьліўшы, што «размовы аб увядзеньні цэнзуры ня йдзе, зрэшты, як і аб барацьбе з іншадумствам». Паводле суразмоўцы, над гэтай задачай ужо працуюць «экспэрты высокага ўзроўню».

«Справа ў тым, што ў сучасных умовах існуе інфраструктура, якая дазваляе дэстабілізаваць сытуацыю ў любой, нават пасьпяховай краіне. Для падобнай мэты могуць быць выкарыстаныя мабільная сувязь, сацыяльныя сеткі, пры неабходнасьці прыцягнутыя няўрадавыя арганізацыі», - заявіла крыніца.

Небясьпека распальваньня беспарадкаў празь Сеціва звонку ня проста існуе, а ўжо неаднаразова назіралася, пацьвердзіў «Известиям» дырэктар Цэнтру геапалітычных экспэртыз Валеры Каровін. Ён называе гэты працэс сеткавымі войнамі. Паводле экспэрта, падобныя тэхналёгіі вельмі актыўна выкарыстоўваліся падчас так званых арабскіх рэвалюцый, якія ахапілі Туніс, Эгіпет, Лібію, Сірыю і іншыя краіны.

«На апошнім саміце АДКБ быў прыняты дакумэнт, які прызнае рэальную небясьпеку выкарыстаньня такіх тэхналёгій для Расеі», - паведаміў Каровін, дадаўшы, што гэта варта было зрабіць «яшчэ ўчора».
Найбольшую небясьпеку сцэнар "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" нясе для тых членаў АДКБ, якія займаюць «пазыцыю балянсаваньня» паміж Расеяй і Захадам.

У гэтым сэнсе небясьпеку ўяўляюць Facebook, Twitter і ўсе астатнія сацыяльныя сеткі без выключэньня, лічыць Каровін, які зьяўляецца сталым удзельнікам экспэртнай рады пры АДКБ.

Ён заявіў, што мэханізм падрыхтоўкі масавых хваляваньняў даволі просты, а вось супрацьстаяць яму нашмат складаней. «У Сеціве пры дапамозе робатаў ствараецца нэгатыўны фон у адносінах да лідэра якой-небудзь краіны. У інтэрнэт-карыстальніка ўзбнікае меркаванбне, што ўсе вакол так думаюць. Напрыклад, Кадафі павінен сысьці, таму што ён нягоднік, злачынец, злодзей», - прыводзіць прыклад экспэрт. Паводле яго, у гэтым выпадку ў людзей узьнікае дысананс з афіцыйнай пазыцыяй уладаў. «Гэта стварае глебу для масавых хваляваньняў, фон для зрынаньня таго альбо іншага палітычнага рэжыму», - распавёў Каровін. Ён прагназуе, што найбольшую небясьпеку такі сцэнар нясе для тых членаў АДКБ, якія займаюць «пазыцыю балянсаваньня» паміж Расеяй і Захадам.

На думку Каровіна, адзінай стратэгіяй супрацьстаяньня зьяўляецца выкарыстаньне падобных сыстэм супраць свайго геапалітычнага апанэнта на яго тэрыторыі.

Кіруючы партнэр агенцтва "Сацыяльныя сеткі» Дзяніс Церахаў лічыць перабольшанай ролю сацыяльных сетак у «арабскіх рэвалюцыях».
Калі ўсё гэта зачыніць ці спрабаваць кантраляваць, гэта можа выклікаць хвалю абурэньня.

«Twitter або Facebook - гэта ўсяго толькі інструмэнт. І ў справе «арабскіх рэвалюцый» яны ўсяго толькі сьледзтва, а не прычына», - кажа ён «Известиям».

Церахаў мяркуе, што для барацьбы з падобнымі працэсамі на тэрыторыі АДКБ трэба манітараваць, што пішуць, пра што гавораць, і потым апэратыўна ўсё аналізаваць. Аднак гэта няпростая задача: «Немагчыма мець мільён "маніторшчыкаў", якія будуць чытаць мільярд запісаў», - агаворваецца экспэрт. Ён рэзюмуе, што адзіным выйсьцем зьяўляецца стварэнне нейкай сыстэмы сацыяльнага маніторынгу, калі аб нейкіх падазроных дзеяньнях паведамляюць самі карыстальнікі.

На думку сябра камітэту Дзярждумы па бясьпецы Генадзя Гудкова, увядзеньне такіх мер можа мець непрадказальныя наступствы. «Сэрвэры ўсіх гэтых сетак знаходзяцца ня ў нас. Калі ўсё гэта зачыніць ці спрабаваць кантраляваць, гэта можа выклікаць хвалю абурэньня», - прагназуе экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG