Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Брусэлі згадваюць беларускіх палітвязьняў


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

13 верасьня ў Брусэлі адбылася адмысловая прэс-канфэрэнцыя ў межах шэрагу мерапрыемстваў дзеля вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, у тым ліку віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH), кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Прэс-канфэрэнцыю, у якой узяў удзел намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, арганізавалі вядучыя праваабарончыя арганізацыі — FIDH, Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (OBS), Міжнароднае супрацоўніцтва за правы чалавека (IPHR) і «Міжнародная амністыя». На прэс-канфэрэнцыі прадэманстравалі дакумэнтальны фільм аб падзеях 19-га сьнежня і непасрэдна пасьля іх, які быў зьняты, калі місія FIDH працавала ў Беларусі.

Сёньня ж у Брусэлі заплянаваны шэраг сустрэчаў, у тым ліку з нацыянальнымі дэлегацыямі Эўрапейскага парлямэнту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

12 верасьня ў Брусэлі Валянцін Стэфановіч сустракаўся са старшынём офіса па правах чалавека Эўрапейскага парлямэнту Джэфры Гарысам. У сустрэчы таксама брала ўдзел кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Саша Кулаева.

15 верасьня ў Страсбуры Валянцін Стэфановіч возьме ўдзел у сустрэчы з эўракамісарам па правах чалавека Томасам Гамарбэргам. Менавіта 15 верасьня Эўрапарлямэнт плянуе прыняць адмысловую рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі.

20 верасьня ў Жэнэве адбудзецца брыфінг па сытуацыі ў Беларусі, арганізаваны FIDН з удзелам Валянціна Стэфановіча. Акрамя таго, заплянаваны выступ Стэфановіча на сэсіі Рады па правах чалавека ААН. 20 верасьня ў Радзе па правах чалавека адбудуцца слуханьні па сытуацыі ў Беларусі.

Паводле Стэфановіча, праваабаронцы імкнуцца прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да сытуацыі ў Беларусі. Яны патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, якія дагэтуль знаходзяцца ў беларускіх турмах. Асабліва важна, адзначыў Стэфановіч, данесьці да краінаў ЭЗ інфармацыю пра тое, што адбываецца зь вязьнямі, пра той ціск, які на іх чыніць адміністрацыя турмаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG