Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Старыкевіч: “І гулец, і заўзятар вырашае сам”


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч, які прыехаў у Прагу на матч Лігі чэмпіёнаў, у інтэрвію нашаму радыё пракамэнтаваў шанцы барысаўскга БАТЭ ў процістаяньні з чэскай “Вікторыяй” і рэкамэндацыю ўстрымацца ў сэктары БАТЭ ад выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі.

Свабода: Прадстаўнікі клюбу БАТЭ перад лігачэмпіёнскім матчам барысаўцаў у Празе з пльзенскай “Вікторыяй” папрасілі заўзятараў па магчымасьці абысьціся без ужываньня беларускай нацыянальнай сымболікі, матывуючы просьбу тым, што гэта не гульня нацыянальных зборных, а матч на клюбным узроўні. Як вы лічыце, ці апраўдана такая рэкамэндацыя, ці сапраўды на клюбным футболе павінна быць толькі сымболіка клюбу?

Старыкевіч: Гэта, хутчэй, адлюстраваньне сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі. Кожны выбірае сам: зьвяртацца з такой просьбаю ці не. Але, прынамсі, зразумела, чаму наагул паўстала такое пытаньне, якое ў абсалютнай большасьці іншых краінаў выглядала б дзіўна.
БАТЭ – ня проста галоўны беларускі футбольны праект, а той праект, што пакінуў далёка за сабою ўсе іншыя.

Свабода: На вашую думку, БАТЭ сёньня ў Беларусі – гэта нешта большае, чымся проста футбольны клюб? Ці стаў БАТЭ камандаю, за якую перажывае ўся краіна, як гэта было ў пару посьпехаў, скажам, менскага "Дынама", калі за яго ў 1980-я перажывала ўся Беларусь?

Старыкевіч: Наўрад ці можна казаць пра ўсю краіну, бо ёсьць людзі, якія папросту не цікавяцца футболам. Ёсьць прынцыповыя заўзятары іншых камандаў, напрыклад менскага Дынама. Частка з іх не падтрымлівае БАТЭ нават на міжнароднай арэне. Аднак тое, што сёньня БАТЭ – ня проста галоўны беларускі футбольны праект, а той праект, што пакінуў далёка за сабою ўсе іншыя, уключна з нацыянальнай зборнай па футболе, гэта, на маю думку, відавочна.

Свабода: Які ваш прагноз на сёньняшні матч?
Складана будзе ня тое што з “Барсэлёнаю” і “Мілянам” гуляць у такіх умовах, але і зь “Вікторыяй”.

Старыкевіч: Спадзяюся на лепшае. Ясна, што БАТЭ знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі: каманда напярэдадні Лігі чэмпіёнаў страціла па ключавым гульцу ў кожнай лініі: адышлі ў маскоўскае "Дынама" абаронца Шытаў і паўабаронца Няхайчык, форвард Радзівонаў атрымаў цяжкую траўму.

Вядома, складана будзе ня тое што з “Барсэлёнаю” і “Мілянам” гуляць у такіх умовах, але і зь “Вікторыяй”. Аднак БАТЭ ня раз даводзіў, што ў самых складаных сытуацыях ён, тым ня менш, здольны парадаваць беларускіх заўзятараў.

Свабода: Калі вярнуцца да пераходу Шытава і Няхайчыка ў маскоўскае “Дынама”, то што прадвызначыла гэты пераход? Чаму гульцы асноўнага складу каманды, якая прабіваецца ў Лігу чэмпіёнаў, пакідаюць яе?

Старыкевіч: Наколькі я ведаю, прапановы, па-першае, былі з сэрыі “мы не прапануем вам шмат грошай, мы прапануем вам шалёную кучу грошай”. Такую прапанову можна атрымаць ня так шмат разоў за футбольную кар'еру. Пагатоў, нягледзячы на самыя розныя размовы, эўрапейскія гранды беларускімі футбалістамі цікавяцца ня так часта. Калі далёка заглянуць, акрамя Аляксандра Глеба і Віталя Кутазава, якога некалі запрасілі ў “Мілян”, то й цяжка прыгадаць, каб гранды цікавіліся беларускімі гульцамі. А прапанова ад маскоўскага “Дынама”, мяркуючы з усяго, была досыць прывабная. Расейскі чэмпіянат, хоць і знаходзіцца на пэрыфэрыі эўрапейскага футболу, але, безумоўна, мацнейшы за беларускі.

У кожнага чалавека ёсьць свая пэўная мяжа, калі супадае шэраг нейкіх акалічнасьцяў. Той самы Няхайчык у клюбе гуляў агулам ужо 8 гадоў. Гэта вялікі тэрмін. Ня выключана, што на пэўным этапе ён усё-такі вырашыў зьмяніць абставіны. Гэта момант важны і ў выпадку пытаньня пра заўзятараў: як ім ставіцца да тых ці іншых абмежаваньняў. Кожны чалавек – вольная асоба са сваімі поглядамі – вырашае сам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG