Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя памілаваныя: месяц на волі


Васіль Парфянкоў і Зьміцер Дрозд, 13 жніўня 2011

Васіль Парфянкоў і Зьміцер Дрозд, 13 жніўня 2011

Месяц таму Аляксандар Лукашэнка памілаваў першых дзевяць палітвязьняў, якія былі зьняволеныя за падзеі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. Як правялі яны гэты першы месяц на свабодзе, ці адаптаваліся, ці ўладкаваліся на працу?

Гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд літаральна за некалькі дзён да арышту выдаў кнігу «Земляўласьнікі Менскай губэрні 1861–1900 гадоў». І вельмі перажываў, што ў зьняволеньні ня зможа працаваць над працягам — трэба наведваць архівы:

«На зоне здавалася: хутчэй бы да працы! Дык я як з ланцуга сарваўся, дарваўся да працы, начамі сяджу, працую. У архіў, праўда, яшчэ не хаджу: чакаю, калі валасы адрастуць, саромеюся лысым хадзіць. У бліжэйшы час буду займацца напісаньнем ужо другой кнігі пра землеўладальнікаў больш позьняга пэрыяду. Яшчэ хаджу па стаматолягах: за гэтыя паўгода ў мяне зубы так сапсаваліся, што ўжо месяц не магу ніяк іх залячыць. Сустракаюся зь сябрамі, усе хацелі са мной пабачыцца. Пазнаёміўся зь людзьмі, якіх я раней і ня ведаў, але яны дапамагалі, зьбіралі грошы для маёй маці. Дзякуй ім усім!».

Сяргей Казакоў
19-гадовы Сяргей Казакоў папрасіў патэлефанаваць позна ўвечары ці раніцай — ён вельмі заняты на працы. Сяргеева маці спадарыня Ганна распавяла:

«Другі дзень на працы, таму размаўляць можа толькі раніцай ці вечарам. Сяргей вярнуўся на ранейшую працу — фасуе садавіну і гародніну ў фірме „Садавіна-імпарт“. Усё нармальна, адаптаваўся ўжо».

Карэспандэнтка: «А музыкай працягвае займацца?».

«Так, так. Я думаю, з-за музыкі ён ня хоча нікуды зьяжджаць. Я хацела б, каб ён паехаў некуды вучыцца. У яго ўжо 2 верасьня канцэрт быў. Але ўсё адно трэба ж будзе атрымаць адукацыю. Будзем штосьці думаць далей…».

Уладізмер Яроменак
20-гадовага Ўладзімера Яроменка пасьля Плошчы адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі:

«Мяне аднавілі на факультэт кампутарнага праектаваньня ва ўнівэрсытэце. Прычым я прыйшоў па дакумэнты, не разьлічваючы, што адновяць. А дэкан кажа: „Можаш аднаўляцца“. Я вырашыў, што зь Беларусі зьяжджаць не хачу, таму буду працягваць вучыцца тут. Толькі я страціў курс — то бок мяне адлічылі летась падчас зімовай сэсіі з трэцяга курсу і цяпер аднавілі на трэці курс. Слухаю тыя ж лекцыі, раблю тыя ж лябараторныя працы, якія я год таму здаваў».

Карэспандэнтка: «А вершы пішаце?».

«Цяпер часу меней стала, але час ад часу натхненьне прыходзіць і пішу вершы. Я зноў вярнуўся да дзейнасьці ў „Маладым фронце“. Карацей, усё як звычайна. Я ўжо цалкам адаптаваўся, прычым адаптаваўся вельмі хутка, думаў, гэта больш часу зойме. Але вось так…».

Аляксандар Квяткевіч
А вось Аляксандар Квяткевіч, які прайшоў СІЗА КДБ, «Валадарку» і івацэвіцкія «Ваўчыныя норы», да канца яшчэ не адаптаваўся, распавяла ягоная маці спадарыня Алена:

«Саша ўладкаваўся на тую ж працу, дзе раней працаваў. Аказваецца, яго і не звальняў ніхто да таго часу, пакуль прысуд не ўступіў у сілу. Начальнік — дзякуй яму вялікі — адразу ўзяў Сашу на працу. Але Саша ніяк ня можа адыйсьці ад таго, што было зь імі ў СІЗА КДБ. Іх жа там катавалі, на „расьцяжкі“ ставілі. Ён нават „Народную волю“ баіцца ў рукі ўзяць пачытаць. Ён ня хоча нічога распавядаць. Я таксама стараюся ў душу да яго ня лезьці. Ён вельмі перажывае. Я таксама вельмі за яго баюся».

Многіх былых вязьняў, якіх памілавалі, вельмі хвалюе маральнае пытаньне, распавёў Зьміцер Дрозд:

«У „Народнай волі“ выйшаў камэнтар чытача, што, маўляў, іх сустракалі як герояў, з кветкамі, а насамрэч яны здраднікі… І, вядома, гэта ўсіх, так бы мовіць, „прыбіла“, і нас, і, тым больш, тых, хто яшчэ сядзіць. Чытач піша, што „гэтыя людзі павінны былі ўпасьці на калені і прасіць прабачэньня, маўляў, даруйце, мы ня вытрымалі…“. Гэта самы непрыемны момант, які, я ведаю, і мяне, і Сяргея Казакова, і Андрэя Пратасеню хвалюе… Але здароўе на зоне можна вельмі хутка падарваць, а колькі часу потым ідзе на адаптацыю! Да таго ж ня ўсё можна потым і вярнуць…».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG