Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Барысаў: каманда, якая абабрала “Ювэнтус” і чэскую моладзеўку”


Чэскія СМІ шырока пішуць пра барысаўскі БАТЭ, адзначаючы посьпехі і амбіцыю сёньняшняга суперніка пльзенскай “Вікторыі”. Матч групавой фазы футбольнай Лігі чэмпіёнаў пачнецца ў Празе а 21.45.

“Вікторыя” і БАТЭ маюць шмат агульнага, – адзначае газэта “Hospodářské noviny”. – Абедзьве каманды мусяць гуляць з прычыны неадпаведнасьці ўласных стадыёнаў у іншым месцы (Пльзень – у Празе, Барысаў – у Менску), абедзьве выбілі на папярэднім этапе па тры супернікі. Абедзьве пасьля выхаду ў групавую фазу зьведалі вялікую эўфарыю, а па білеты на дамовыя матчы і ў першых, і ў другіх заўзятары выстойвалі ў доўгіх чэргах. “Вікторыя” і БАТЭ складаюцца перадусім з айчынных футбалістаў... БАТЭ – багацейшы, чым чэскі чэмпіён. Беларуская каманда ў сёлетнім сэзоне гаспадарыць зь бюджэтам з 6 мільёнаў эўраў, тады як заходнячэскі клюб мае бюджэт трохі большы за 3 мільёны”.

“Барысаў ня хоча быць ахвярным казлом. І мае досьведу болей, як Пльзень” – адзначае штодзёньнік “Dnes”. “Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталяваньня. Што мае гэты доўгі назоў агульнага зь Лігаю чэмпіёнаў? – ставіць пытаньне газэта і адказвае: – Пльзенскія футбалісты неўзабаве дазнаюцца пра гэта. (...) Хоць “трактарнае” азначэньне беларускага клюбу можа выклікаць усьмешку, лёгкі супернік чэскага чэмпіёна не чакае. Пльзень выйшла ў групавую фазу Лігі чэмпіёнаў упершыню, Барысаў жа не навічок: праз кваліфікацыю прабіваўся ў Лігу тры гады назад. І гэты факт можа перасьцерагаць”.

“У той час як беларускія гульцы за выхад у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў атрымалі ад клюбнага кіраўніцтва два мільёны эўраў, чэскі чэмпіён мусіў здаволіцца толькі адным мільёнам, – зазначае інтэрнэт-рэсурс sport.cz. – У аўторкавым матчы “Вікторыі” будуць процістаяць зусім ня ўломкі з Усходу. (...) Беларусы з Барысава перад гульнёю зь “Вікторыяй” маюць падставы пачувацца ўпэўнена. Бо выйграюць чэмпіянат сваёй краіны з той самай рэгулярнасьцю, зь якой заўзяты франт чаргуе каханак, пахаджаючы зь імі па курортнай набярэжнай. У Лізе чэмпіёнаў, у адрозьненьне ад каманды Вырбы, БАТЭ стартуе другі раз. І нат можа пахваліцца двума нічыімі з турынскім “Ювэнтусам”.

“У Прагу прыехаў найменш цікавы супернік на групавой стадыі, што Пльзень павінна трактаваць як сваю перавагу, – лічыць аглядальнік газэты “Lidové noviny”. – У параўнаньні з фаварытамі – “Барсэлёнаю” і “Мілянам” – “Вікторыю” чакае каманда, зь якой бы чэскія гульцы мелі даць рады”. Газэта зьвяртае ўвагу, што букмэкеры даюць БАТЭ і “Вікторыя” найніжэйшыя з усіх 32 удзельнікаў групавой фазы Лігі чэмпіёнаў шанцы на перамогу ў турніры. Пры гэтым у сёньняшнім процістаяньні букмэкеры аддаюць перавагу чэскай камандзе: каэфіцыент на яе перамогу вагаецца каля 2, на перамогу БАТЭ – блізка 4, на нічыю – каля 3,5.

“Малады, самаўпэўнены, а таксама пасьпяховы”, – так характарызуе 34-гадовага трэнэра БАТЭ Віктара Ганчарэнку штодзёньнік “Sport” і цытуе Ганчарэнкавы словы: “Усе нам гавораць, што мы ў групе можам змагацца максымум за трэцяе месца. Але чаму нам не падумаць пра лепшую пазыцыю? Заўжды лепей ставіць вышэйшыя мэты, а тады іх дасягаць”. “Ці будзе пасьпяховы трэнэр сьмяяцца і заўтра ўночы, ці ад’едзе з Прагі, як пабіты сабака – падобна, як ад’ехаў трэнэр “Капэнгагену” Нільсан”, – ставіць пытаньне аглядальнік газэты “Sport”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG