Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцы для Народнага сходу: стадыёны, паркі, плошчы


Плочша Бангалор

Плочша Бангалор

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да Народнага сходу, які прызначаны на 8 кастрычніка. Арганізатары вызначаюць месцы яго правядзеньня ў рэгіёнах, працягваюць збор подпісаў у падтрымку сходу.

Сустаршыня аргкамітэту Народнага сходу Генадзь Фядыніч паведаміў сёньня "Свабодзе", што, каб не парушаць заканадаўства, арганізатары павінны да 23 верасьня абвясьціць усе месцы правядзеньня акцыі. Іх вызначэньне амаль скончанае. Людзі будуць зьбірацца пераважна на стадыёнах, у парках, на пляцоўках каля дамоў культуры і кінатэатраў.

Паводле заканадаўства, для правядзеньня такіх сходаў дазволу ўладаў не патрэбна. Аднак актывісты працягваюць зьбіраць подпісы насельніцтва ў падтрымку акцыі. Некаторыя людзі з розных прычынаў ня змогуць 8 кастрычніка непасрэдна ўдзельнічаць у сходзе. Але іхны подпіс азначае падтрымку імі і самой акцыі, і патрабаваньняў да ўлады.

У некаторых месцах улады перашкаджаюць распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы пра Народны сход. Так сталася, напрыклад, у Ваўкавыску, дзе затрымалі і асудзілі Віталя Гуляку. "Сёньня з гэтай нагоды мы складалі скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі", — кажа Генадзь Фядыніч:

"Яго затрымалі, забралі ўлёткі. І ваўкавыскі суд прымусіў яго выплаціць 20 мінімальных заробкаў. Раздачу ўлётак прыраўнялі да незаконнага пікету. Такога яшчэ сучасная гісторыя Беларусі ня ведала".

Тым часам ідэя Народнага сходу атрымала новае разьвіцьцё ў звароце групы блогераў Жывога журналу. Яны прапаноўваюць ператварыць яго ў пэрспэктыве ў альтэрнатыву "лукашэнкаўскаму" Ўсебеларускаму народнаму сходу. Але для гэтага трэба абраць дэлегатаў такога форуму на дэмакратычнай аснове. Гэтую ідэю падтрымлівае і палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які далучыўся да ініцыятывы блогераў:

Уладзімер Мацкевіч

"Зараз пачынаюць актывізавацца людзі, якія ніколі раней сыстэмна ў грамадзкім ці палітычным жыцьці ня ўдзельнічалі. Гэтыя людзі больш-менш разумеюць сытуацыю, недарэчнасьць таго, што адбываецца ў нашай краіне. Але ў іх не хапае эмпірычнай інфармацыі. І таму гэтыя занепакоеныя людзі пачынаюць вылучаць свае ўласныя ініцыятывы.

Яны не гатовыя далучацца да сталых і ўжо часткова дыскрэдытаваных палітычных партыяў і груповак. Гэта — абуджэньне раней пасіўных людзей".

Спадар Мацкевіч тлумачыць, як разважаюць ініцыятары-блогеры:

"Паколькі парлямэнт у Беларусі ня дзейнічае, а ўзурпацыя выканаўчай улады відавочная, то сытуацыю трэба зьмяніць. Але ўжо склаўся мэханізм правядзеньня Ўсебеларускіх народных сходаў. І калі абраць дэлегатаў на дэмакратычнай аснове, то яны заменяць сабою "кішэнны" парлямэнт. Тут важна, што гэта адпавядае дзейнай Канстытуцыі і не патрабуе яе зьмены".
XS
SM
MD
LG