Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне пра бясплатны праезд студэнтаў у Менску афіцыйна пакуль не зацьверджана


Рашэньне пра бясплатны праезд студэнтаў у Менску праходзіць узгадненьні ў Міністэрстве юстыцыі.

У прэсавай службе Менгарвыканкаму паведамілі, што на ўзгадненьне спатрэбіцца некалькі дзён. Прадстаўнікі Мін’юсту запэўнілі, што "экспэртыза пройдзе хутка".

Аляксандар Лукашэнка 10 верасьня даручыў Менгарвыканкаму разгледзець магчымасьць скасаваць для студэнтаў плату за праезд у гарадзкім грамадзкім транспарце.

Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька паведаміў, што рашэньне прынятае 12 верасьня.

Гэтую заяву Ладуцькі шырока распаўсюдзілі мэдыі, аднак і 12-га, і 13-га верасьня ў грамадзкім транспарце па-ранейшаму патрабуюць ува ўсіх студэнтаў плату за праезд.

Ладуцька сказаў, што гэты бясплатны праезд будзе распаўсюджвацца на студэнтаў толькі дзённай формы навучаньня "па студэнцкіх пасьведчаньнях".

Выдаткі будуць пакрывацца за кошт бюджэтных датацыяў на працу грамадзкага транспарту.

На дзённых аддзяленьнях ВНУ Менску вучыцца каля 120 тысяч студэнтаў.

10 верасьня ў Менску праезд у грамадзкім транспарце падаражэў. Кошт адной паездкі ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і мэтро складае цяпер 950 рублёў.
XS
SM
MD
LG