Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кэмэран быў бы добрым агентам КДБ”


Кэмэран і Мядзьведзеў у часе сустрэчы ў Маскве, 12 верасьня 2011 году

Кэмэран і Мядзьведзеў у часе сустрэчы ў Маскве, 12 верасьня 2011 году

Падчас панядзелкавых перамоваў прэм’ера Вялікай Брытаніі Дэйвіда Кэмэрана з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым была дасягнутая дамоўленасьць аб партнэрстве ў сфэры гандлю і інвэстыцыяў, аднак пазыцыі бакоў у справе Аляксандра Літвіненкі ня зблізіліся.

Інтанацыя сустрэчы Дэйвіда Кэмэрана зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым была больш як прыяцельскай. Магчыма, за зачыненымі дзьвярыма яны й гаварылі адзін аднаму рэзкасьці, аднак пасьля перамоваў, назіраючы, як расейскія і брытанскія чыноўнікі і прадпрымальнікі падпісваюць пагадненьні аб супрацоўніцтве, Кэмэран і Мядзьведзеў весела жартавалі і жэстыкулявалі. Кантактуючы з журналістамі, брытанскі прэм’ер адмаўляў, што забойства крытыка крамлёўскага рэжыму Аляксандра Літвіненкі, у якім Лёндан вінаваціць былога супрацоўніка спэцслужбаў Расеі Андрэя Лугавога, стала для ўладаў Брытаніі нечым неістотным:
Мы не зьмянілі свайго падыходу да праблемы Літвіненкі, як і расейскі бок не зьмяніў свайго падыходу.

“Гэтая праблема застаецца важнай для Вялікай Брытаніі, і я не зьбіраюся неяк зьніжаць гэтую важнасьць. Мы не зьмянілі свайго падыходу да яе, як і расейскі бок не зьмяніў свайго падыходу. Але я ня думаю, што праз гэта мы павінны цалкам замарозіць дачыненьні. Мы павінны, як дзьве сталыя і разумныя дзяржавы, будаваць нашыя дачыненьні на базе ўзаемных інтарэсаў у важных галінах...”

Мядзьведзеў па пытаньні аб справе Літвіненкі выказаўся даволі жорстка, а ў канцы яго адказу нават прагучалі пагрозьлівыя ноткі:

“Артыкул 61-ы расейскай Канстытуцыі проста ўстанаўляе, што расейскі грамадзянін ня можа быць паддадзены экстрадыцыі або выдадзены замежнай дзяржаве для ажыцьцяўленьня суду або сьледзтва над ім. Ніколі гэтага не будзе, што б ні здарылася! І мы гэта павінны з вамі разумець і паважліва ставіцца да гэтага. У нас таксама хапае ўсякага роду пытаньняў у дачыненьні да таго, як выконваюцца тыя ці іншыя рашэньні, дапусьцім, на тэрыторыі Брытаніі, але мы ж пра гэта не гаворым. Таму мы, яшчэ раз падкрэсьліваю, павінны паважліва ставіцца да нашых прававых сыстэм. І перад кім бы ні ставілася гэтае пытаньне, адказ будзе адзін – гэта немагчыма!”
Перад кім бы ні ставілася гэтае пытаньне, адказ будзе адзін – гэта немагчыма!

Сьмерць Аляксандра Літвіненкі не забытая ў Вялікай Брытаніі, і пра гэта сьведчыць як мінімум тое, што абодва дазволеныя пытаньні брытанскай прэсы двум лідэрам датычыліся гэтага забойства. Карэспандэнт Бі-Бі-Сі, апрача таго, спытаўся ў расейскага прэзыдэнта, чаму ён спадзяецца, што ў краіну, дзе няма вяршэнства права, а ёсьць карупцыя і непамерны ціск на бізнэс, нехта будзе ўкладаць грошы. Заразом карэспандэнт пацікавіўся і думкаю Мядзьведзева пра тое, ці быў бы Кэмэран добрым агентам КДБ, калі б спроба яго завербаваньня чэкістамі ў сярэдзіне 1980-х, пра якую расказваў сам брытанскі прэм’ер, аказалася б пасьпяховай. Мядзьведзеў сьпярша раздражнёна заўважыў, што і ў Брытаніі ёсьць праблемы з карупцыяй, а пасьля, відаць, пастанавіў зрабіць Кэмэрану камплімэнт:

“Я ўпэўнены, што Дэйвід быў бы вельмі добрым агентам КДБ, але ў гэтым выпадку ён ніколі б ня стаў прэм’ер-міністрам Брытаніі”.
XS
SM
MD
LG