Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выпівакаў — штраф альбо прэмія


На Гомельскім хімзаводзе плянуюць увесьці салідарную адказнасьць за выпівакаў, якіх узяў на парукі калектыў. Зрабіць так прапанаваў былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля, старшыня заводзкай камісіі барацьбы з п’янствам і алькагалізмам Мікалай Малы — ён пасьля кадравага абнаўленьня адміністрацыі ўладкаваўся на працу на хімзавод.

Спадар Малы хоча падзяліць адказнасьць між штрафніком і калегамі, якія паручыліся за яго. Пра гэта ён апавёў мясцовай прэсе. Калі, напрыклад, выпівака паўторна зьявіцца на працу нападпітку, то паручальнікаў пазбавяць прэміі. А калі год міне спакойна, то яны, наадварот, атрымаюць надбаўку да заробку.

Такія меры адміністрацыйнага ўзьдзеяньня зьвязаныя з пашырэньнем ужываньня алькаголю сярод працаўнікоў хімзаводу. Ад пачатку году на прахадной затрымалі 34 рабочых, якія ішлі на працу з «алькагольным душком». Яшчэ двух працаўнікоў, якія былі нападпітку, адхіліў ад працы майстар на падставе правілаў бясьпекі.
XS
SM
MD
LG