Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дудуткі» пасьля пажару


На мінулых выходных у прыватным музэйна-этнаграфічным комплексе «Дудуткі», што ў Пухавіцкім раёне, згарэла некалькі музэйных і вытворчых памяшканьняў, у агні загінула вялікая частка экспанатаў, архіваў, асабістых рэчаў заснавальніка комплексу Яўгена Будзінаса.

Дырэктар Музэйнага комплексу старажытных народных рамёстваў і тэхналёгій «Дудуткі» Сяргей Дзюкараў распавёў, што ад агню пацярпела некалькі аб’ектаў:

«На першым паверсе выгарала заля калекцыі машын аўтарэтра, сама калекцыя захавалася, выгарала хлебапякарня. На другім паверсе выгарала этнагалерэя і сталярная майстэрня. Усё астатняе засталося цэлым».

Сярод іншага, полымя зьнішчыла аўтамабіль «Horch-850» 1937 года выпуску, старое піяніна, музэйную калекцыю. У этнагалерэі згарэў і мэмарыяльны куток заснавальніка комплексу, вядомага журналіста і пісьменьніка Яўгена Будзінаса. Гаворыць удава апошняга Валерыя Кліцунова:

«Там былі ягоныя асабістыя рэчы, пісьмовы стол, рукапісы, яго люлькі, лямпа, пінжак, крэсла — карацей, частка ягонага працоўнага кабінэта».

Спадарыня Кліцунова асабліва шкадуе, што страчана музэйная калекцыя:

«Згарэла, я думаю, самая каштоўная частка музэю, бо яна была навукова-дасьледніцкай: архівы, інвэнтарныя кнігі, ня кажучы пра ўнікальныя экспанаты, якія нельга аднавіць. Будынкі, дах, сьцены і мэблю адрамантуюць, а гэтыя рэчы страчаныя. Таму будзем думаць, як гэта ўсё, у якім фармаце замяніць, хаця б часткова».

Перад пажарам у комплексе адзначалі вясельле. А сёмай вечара ў суботу ахоўнік выклікаў пажарнікаў. Усю нядзелю на пажарышчы працавалі экспэрты. Пра вэрсіі здарэньня гаворыць Сяргей Дзюкараў, дырэктар музэйнага комплексу:

«Асноўныя вэрсіі дзьве: чалавечы фактар і тэхнічны. Наконт тэхнічнага я перакананы, што ён ня мог спрычыніцца да ўзгараньня, таму што ўсё было ў парадку, тым больш не было людзей, ніякіх энэрганагрузак тут не было. Застаецца чалавечы фактар».

Дырэктар Дудудак Сяргей Дзюкараў.

Сяргей Дзюкараў таксама выключае наўмысны падпал, а найбольш верагоднай вэрсіяй лічыць неасьцярожнае абыходжаньне з агнём. Але апошняе слова будзе за экспэртамі.

Спадар Дзюкараў перакананы, што пашкоджаныя памяшканьні зь цягам часу адновяць. Комплекс працягвае працу ўжо цяпер, толькі ў сувязі з пажарам тут адкарэктуюць праграму экскурсіяў:

«Не скажу, што жыцьцё завяршаецца, тым больш што музэй не зачыняецца, усё ў асноўным цэлае і працуе, ужо заўтра музэй будзе прымаць гасьцей і экскурсіі. Магу вас запрасіць на млын, які мы толькі што адрэстаўравалі. Гэта больш сур’ёзная падзея, чым пажар. Таму што такі вятрак застаўся адзін у Беларусі, і музэй сваімі сіламі яго адрамантаваў. Мы зьбераглі ўнікальны аб’ект 1905 году пабудовы».

Дапамагчы ў адбудове прыватнага музэйнага комплексу абяцалі кіраўніцтва Пухавіцкага райвыканкаму, мясцовы фэрмэр. Сродкі ад канцэрту, які пройдзе ў комплексе 17 верасьня, таксама пойдуць на адбудову страчанага.

Пажар адбыўся на плошчы 600 квадратных мэтраў.
Матэрыяльныя страты ад пажару — 200 мільёнаў рублёў.
Страты экспанатаў пакуль не ацэненыя.
На другім паверсе месьцілася выставачная заля. Разглядаецца 3 вэрсіі прычынаў зарэньня, у тым ліку і падпал.
Малады чалавек глядзіць на рэшткі музэю.
Асноўную частку аўтамабіляў з музэю ўдалося выратаваць.
У драўлянай майстэрні згарэлі ўсе станкі.
Ля музэйнага комплексу нядаўна пабудавалі царкву.
Амаль скончана рэстаўрацыя млыну 1905 году.
Згарэў нямецкі аўтамабіль «Horch-850» і два матацыклы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG