Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У многіх шпіталях Беларусі хворыя вымушаны за ўласныя грошы набываць дарагія лекі, посуд для харчаваньня і сродкі асабістай гігіены. Ці можна ў такім разе лічыць беларускую мэдыцыну бясплатнай, як тое гарантавана нацыянальным заканадаўствам?

ВІЦЕБШЧЫНА


"Казённыя ў лякарні — халат і ручнік, але хворыя асьцерагаюцца імі карыстацца"

Спадар Аляксей з Воршы, уладкоўваючы ў шпіталь маці-пэнсіянэрку, быў вымушаны сам набываць неабходныя лекі. У шпіталі сказалі, што могуць забясьпечыць лекаваньне прэпаратамі беларускай вытворчасьці, бо імпартных тут няма:

"Яны сказалі, што ў іх усё ёсьць. Але ў маёй маці досыць спэцыфічнае захворваньне. І на маю просьбу, нават на патрабаваньне, яны склалі іншы сьпіс — і, дзякуй Богу, за той пэрыяд, пакуль яна ляжала, станоўчыя зьмены адбыліся! Я ж разумею: тэрмін лекаваньня ў шпіталі абмежаваны. І калі ты не настойваеш, то там здымаюць толькі вострыя сымптомы — і будзь здароў дахаты!".

"Пакарміце вы дзядулю, ён жа з голаду памрэ!"

Спадар Аляксей распавёў, што з хаты давялося браць і сродкі асабістае гігіены, і міску з лыжкай, і халат з ручніком. Зрэшты, халат і ручнік прапанавалі казённыя, але карыстацца "шпітальнымі" рэчамі многія хворыя проста грэбуюць. Бо ня вераць нават у якаснае мыцьцё бялізны, убачыўшы, як тут абыходзяцца з хворымі.

Спадар Аляксей таксама ня верыць. Некалькі год таму ён перажыў сапраўдны шок, калі ў шпіталі адведваў свайго дзядулю:

"Яму цяжка было падымацца. І вось, калі я прыйшоў, дзядуля ляжаў нават абмачыўшыся, а побач стаяла місачка зь ежай. І мне кажуць: "Пакарміце вы дзядулю, ён жа з голаду памрэ!" Аказваецца, яны ставяць ежу, а потым забіраюць — ці еў ты, ці не!".

Спадар Аляксей пэўны: з хворымі абыходзяцца абы-як, бо ў шпіталях бракуе малодшага мэдпэрсаналу, а таксама кваліфікаваных лекараў. Незадаволеныя нізкімі заробкамі, беларускія адмыслоўцы звальняюцца ды едуць на працу, да прыкладу, у Расею. Таму, уладкаваўшы маці ў шпіталь, спадар Аляксей мусіў пайсьці ў адпачынак на працы, каб дапамагаць мэдыкам:

"У іх няма каму пераносіць хворых, а маці мая была ляжачая! Дзяўчаты цягаюць іх, але гэта ж ня праца мэдсясьцёр. Аднойчы я не прыйшоў — мяне пераканалі, што ўсё зробяць самі — да прыкладу, быў заплянаваны агляд у гінэколяга... І што, зрабілі? Не! Я тэлефаную з працы і кажу: там ад аднаго аддзяленьня да другога 10 мэтраў усяго! Але — нічога. Я прыеду за 5 кілямэтраў і вам дапамагу: ці то лекараў данясу да маці, ці то яе да лекара!".

Два тыдні спадар Аляксей прыходзіў, як на працу, штораніцы разам з мэдыкамі, прыносячы ў шпіталь дарагія імпартныя лекі, і сыходзіў увечары. Пасьля таго як маці выпісалі дахаты, прасьцей ня стала — неабходныя прэпараты падаражэлі. І спадар Аляксей шчыра абураны: калі ў дзяржаве такі нізкі афіцыйны курс даляра, то зь якой прычыны так падвышаюцца цэны на замежныя лекі?

"Такое ўражаньне, што дзяржава зарабляе на хворых грошы"

"Калі выпісалі яе, то не хацелася ж спыняць курс лекаваньня дастаткова дарагімі імпартнымі лекамі. А цэны ў два разы падняліся: што было 20 тысяч, цяпер каштуе 48 тысяч. Такія во кошты, і ўвогуле гэта лічыцца спэкуляцыяй, якая каралася — быў адпаведны артыкул. Але ж тут не давядзеш, што ёсьць спэкуляцыйны складнік. Такое ўражаньне, што дзяржава на нас проста зарабляе грошы і можа рабіць усё што хоча!".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Усё платнае цяпер: аналізы атрымаць, даведку, прайсьці абсьледаваньні розныя…"

Нягледзячы на тое, што ў кожным раённым цэнтры ёсьць свае лякарні, пры сур’ёзных захворваньнях людзі мусяць ехаць лячыцца альбо ў абласны цэнтар, альбо ў сталіцу, што цяперашнім часам даволі дорага.

Спадар са Сьвіслачы распавядае, што некалі іх бальніцу ведалі ва ўсёй рэспубліцы, а цяпер, маўляў, мала таго што лекі зрабіліся недаступнымі па коштах, дык яшчэ і дактары ў раённым цэнтры ня могуць паставіць дакладны дыягназ.

Ён кажа, што нядаўна ледзь выжыў ягоны малады сваяк, якому навыпісвалі таблетак, а потым уначы схапіў прыступ — і ўратавалі тэрміновай апэрацыяй толькі ў Горадні. Асабліва яго абурыла тое, што называюць мэдыцыну бясплатнай, а насамрэч нічога бясплатнага, кажа ён, ужо даўно няма:

"Ды ўсё ўжо там платнае стала: аналізы атрымаць — платныя, даведку нейкую атрымаць — платная, унутраныя органы свае хочаш абсьледаваць — таксама ўсё гэта платнае".

"Нават першае лячэньне абышлося ў мільён рублёў"

Спадарыня зь Лідзкага раёну распавядае, што ейная дачка некалькі разоў ляжала з запаленьнем вока, але мясцовыя лекары нічога не маглі прызнаць, давялося тры разы вазіць у Менск. А гэта, зь яе слоў, усё каштуе грошай:

"Там амаль усё платнае. Першы раз паклалі ў шпіталь, то нам гэтае лячэньне яшчэ ўвесну абышлося недзе ў мільён. А цяпер выявілі нешта з хрыбетнікам, то ўжо папярэдзілі, што будзем купляць самі кропельніцы і ўсё астатняе".

Сталая спадарыня са Смаргоні распавядае, што лекі ў аптэках сталі недаступнымі для людзей. Ратуе яе толькі тое, што яна мае другую групу інваліднасьці і таму набывае іх са зьніжкай. Але ж амаль перастала бачыць, і мясцовыя лекары накіроўваюць на апэрацыю ў Менск, а там, маўляў, трэба плаціць.

"Людзі ня могуць купіць лекаў — вараць нейкія настоі на травах"

Спадарыня: "І ў аптэках тое самае — людзі ўжо перасталі купляць лекі, вараць нейкія настоі на травах. Набываць лекі бязь зьніжак — гэта страшна. Я вось думаю, калі скажуць за апэрацыю некалькі мільёнаў, то ня буду рабіць ніякай апэрацыі".

У амбуляторыі вёскі Суботнікі Івейскага раёну мэдсястра мне сказала, што людзей кожны дзень да іх прыходзіць нямала. Усім аказваюць дапамогу, толькі таксама не бясплатна.

Спадарыня: "Ведаеце, у нас цяпер прыходзяць са сваімі лекамі. Хіба калі застаюцца на дзённым стацыянары, то некаторыя лекі ў нас ёсьць, мы іх колем, а калі чалавеку патрэбны дарагія лекі, то даводзіцца купляць самім".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У шпіталь — з гаманцом грошай, каб плаціць за лекі

У некаторыя магілёўскія бальніцы трэба класьціся з тугім гаманцом грошай, каб потым набыць сабе неабходныя прэпараты.

Пэнсіянэрку Раісу паклалі ў бальніцу праз павышаны ціск. Неабходны прэпарат для кропельніцы ёй прапанавалі купіць самой:

"Запыталі: "У вас ёсьць грошы з сабой?". — "Ёсьць трохі", адказваю. Кажа: "Дарагавата, пятнаццаць тысяч пяць ампул". Напісала. Я пайшла і набыла. Там жанчыны цяжэйшыя былі, дык доктар пыталася: "А дзе вашы дзеці працуюць? Вось лекі дарагія можна выпісаць ці дастаць", — згадвае спадарыня Раіса.

"Лекі коштам звыш 25 тысяч рублёў яны ня хочуць ужо выпісваць"

У бязногага інваліда Ўладзімера Вусікава хворае сэрца. Яму неабходныя дарагія лекі для расшырэньня судзінаў. Патрэбныя інваліду прэпараты й для падтрыманьня жыцьцядзейнасьці мочапалавой сыстэмы.

"Звыш дваццаці пяці тысяч яны ня хочуць ужо выпісваць. Лічаць, што беларускія замяняльнікі прыдатныя, але яны кепска дзейнічаюць. Бінты набывай сам. У мяне стаіць катэтэр, дык катэтэр набывай. Фурацылін, прамываньне набывай за свае грошы. Мачазборнік за свае грошы набывай. Няма ў нас бясплатнай мэдыцыны", — падсумоўвае Ўладзімер Вусікаў.

У лякарнях скаргі пацыентаў на тое, што няма неабходных бясплатных лекаў, называюць выдумкай. Заяўляюць: "Усё ў нас бясплатнае". Пры гэтым прызнаюць, што платныя паслугі ёсьць. Вось як гэтая лекарка.

Акрамя дарагіх лекаў, пацыентаў просяць набываць паперу, клей і іншыя канцылярскія прылады

"Дыягнастычныя маніпуляцыі праводзяцца ў асноўным платна. Ёсьць абавязковае абсьледаваньне, а ёсьць — на жаданьне пацыента. Вось ён хоча хутка нешта зрабіць, альбо ён хоча больш разгорнуты аналіз зрабіць, а яму яго не прызначылі. Такіх у нас дужа шмат паслугаў у дыягностыцы", — зазначае лекарка адной з магілёўскіх бальніц.

Хворых, якіх кладуць у лякарню, мэдыкі просяць мець пры сабе сшытак, дзе-нідзе — канцылярскі клей. Могуць папрасіць набыць паперы. Аргумэнтацыя простая — нестае фінансаваньня.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Хочаш жыць — плаці за лекі"

Найбольшая сьмяротнасьць назіраецца ў Нараўлянскім, Хойніцкім, Мазырскім раёнах, а таксама ў абласным цэнтры.

За лекаваньне, якое фармальна лічыцца бясплатным, людзі апошнім часам усё больш мусяць плаціць. Зусім нядаўна пацыентка гарадзкога шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі паскардзілася на тое, што дзеля дасьледаваньня ёй трэба было купляць рэнтгенаўскую плёнку.

Інвалід Чарнобылю Павал Давыдзенка зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну апавёў пра свой досьвед лекаваньня ва ўчастковым шпіталі:

Тэрапэўт прыйшла і кажа: "Павел Андрэевіч, табе хутка будзе капец"

"Усё ў нас платнае — за наяўныя грошы ўсё. Лыжку бяры, лекі бяры, бінтоў не даюць. Эўфілін купляў — уколы за свае грошы. Імпартныя лекі мне не выдаюць, а лечаць толькі беларускімі. А беларускія мне толькі шкодзяць — разьядаюць страўнік, печань садзяць. Яно не дапамагае. Наадварот, у мяне расстроіўся страўнік, што я не знаходзіў ужо сабе месца. Я пачаў церці бульбу і піць бульбяны сок. Ледзьве-ледзьве спыніў".

Інвалід кажа, што кропельніцы яму ставілі ў такім памяшканьні, якое нагадвае карцэр. А тэрапэўт наагул папярэдзіла інваліда, што доўга той са сваімі "балячкамі" не працягне:

За скаргі ў міністэрства сказалі, што я "дрэнны чалавек, паклёпнік"

"Тэрапэўт прыйшла й кажа: "Павел Андрэевіч, табе хутка будзе капец". Так і сказала, проста ў вочы. Я патэлефанаваў у раённы шпіталь намесьніку ці хто ён там такі — ён прыяжджаў па маёй скарзе ў Міністэрства аховы здароўя аб тым, што трэба ў шпіталях купляць лекі за свае грошы. Дык ён сказаў, што я дрэнны чалавек, паклёпнік".

Адна з пацыентак паліклінікі чыгуначнікаў у абласным цэнтры таксама кажа, што, каб лячыцца, часьцяком даводзіцца купляць лекі для кропельніц:

"Лекі даводзіцца купляць — не даюць лекаў, сваё купляем. Напрыклад, мне мілдранат, пірацэтам калолі. Дык усё гэта я сама купляла. Лекі ўсе купляюць. Але калі ляжыш па "хуткай дапамозе", то тады бясплатна".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Ад лета цэны на беларускія лекі павялічыліся на 20%, на імпартныя — на 60%

Напрыклад, папулярны болесуцішальны прэпарат "Нош-па" вугорскай вытворчасьці падаражэў з 6380 да 10 190 рублёў, нямецкія таблеткі "Халіксол" ад кашлю каштавалі ў траўні 10 800 рублёў, цяпер жа — 17 110.

Таму берасьцейцы заўважаюць крызіс у мэдыцыне, найперш калі зьвяртаюцца ў аптэку.

Спадарыня: "Мне часта даводзіцца набываць розныя лекі — абязбольвальныя, або гэта замарозка, або нейкая мазь ад удараў. Калі раней звычайная такая мазь каштавала 10—15 тысяч, то цяпер каштуе каля 30 тысяч".

"Лепей боль ператрываць, чым задорага плаціць за лекі"

Другая спадарыня: "Напрыклад, тое ж абязбольвальнае каб набыць, то лепей, напэўна, ператрываць боль, чым заплаціць 20—30, а то і 50 тысяч за нейкія нармальныя таблеткі".

"Для доктара трэба прыносіць свае пальчаткі"

Скардзяцца берасьцейцы і на звычайныя праблемы лякарняў — чэргі.

Спадарыня: "Вечныя ў нас чэргі ў траўмапунктах, там ніколі не даседзісься. І, канешне ж, з траўмапункту цябе накіроўваюць у аптэку набыць мазь, бінт або яшчэ нешта. А калі лекар нешта аглядае, то трэба прыносіць свае пальчаткі. А пытаньне са шпрыцамі — пастаяннае…"

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG