Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтам вярнулі тое, што чатыры гады таму адабралі


На распараджэньне кіраўніка краіны Менгарвыканкам адмяняе плату за праезд у гарадзкім грамадзкім транспарце для студэнтаў. Раней быў адменены, а затым ізноў вернуты бясплатны праезд для школьнікаў. Эканамісты і палітыкі заяўляюць, што гэтыя рашэньні прымаліся не з эканамічных меркаваньняў, а былі выкліканыя палітычнымі працэсамі ў краіне.

Амаль пяць гадоў — са сьнежня 2007 году — менскія студэнты мусілі аплачваць поўны кошт праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце. Адмену льготаў улады тады тлумачылі эканамічнай мэтазгоднасьцю, не зважаючы на хвалю пратэстаў сярод моладзі і крытыку з боку палітыкаў. Вяртаньне ільготы на праезд падчас абвалу рубля і паўсюднага росту цэнаў эканаміст Леанід Злотнікаў пракамэнтаваў гэтак:

Леанід Злотнікаў

"Гэта такая дробязь для дзяржавы — 100 тысяч ці 200 тысяч студэнтаў, якія будуць езьдзіць бясплатна. Калі падлічыць, то стане зразумелым, што гэта каштаваць будзе мала і тут дзяржава ня тое што губляе, а знаходзіць. Бо ўлады з трывогай чакаюць восені, ведаючы, наколькі панізілі жыцьцёвы ўзровень насельніцтва. Таму цяпер стараюцца штосьці зрабіць, каб не было выступаў, пратэстаў і незадавальненьня. Палітычныя прычыны тут на першым месцы".

Гэткім чынам, бясплатны праезд атрымліваюць 120 тысяч студэнтаў, якія вучацца на дзённых аддзяленьнях ВНУ Менску. Сёлета таксама адмянілі былі, але неўзабаве вярнулі бясплатны праезд для менскіх школьнікаў. Не эканамічным, а палітычным рашэньнем вяртаньне ільготаў называе таксама старшыня партыі БНФ, эканаміст паводле адукацыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

"Такія рашэньні прымаюцца толькі з усёй сукупнасьцю эканамічных паказьнікаў. І такія крокі ня маюць эканамічнага эфэкту да тае пары, пакуль яны не дапаўняюцца адпаведнымі эканамічнымі рэформамі і адпаведным ладам гаспадараньня. Таму гэтая мера ня можа лічыцца сыстэмным крокам, а крокам палітычным. Безумоўна, студэнтам будзе выгодна не плаціць за гэты праезд, але нельга казаць, што гэта сыстэмная дапамога нават для гэтай катэгорыі беларускіх грамадзян".

Эканаміст і палітык Леў Марголін мяркуе, што ільготы на праезд — важны складнік сацыяльнай палітыкі, які варта вітаць, але эканамічных падставаў у Беларусі ён ня мае і прадыктаваны выключна палітычнымі меркаваньнямі:

Леў Марголін

"Новыя сацыяльныя захады прымаюцца тады, калі эканоміка бярэ новыя рубяжы, а гэтага сёньня, як вядома, няма. Мы вітаем усе такія сацыяльныя захады, галоўнае, каб яны былі пралічаныя, а вось у гэтым ёсьць сумнеў. Студэнты проста вельмі небясьпечная для ўлады група насельніцтва. Таму вось такія захады робяцца і па праезьдзе, і па стыпэндыях, якія будуць прывязаныя да бюджэту пражытковага мінімуму. Вядома, што ніякіх эканамічных прычын для гэтага няма".

Праезд у грамадзкім транспарце Менску для грамадзян падаражэў з 10 верасьня: кошт адной паездкі ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і мэтро складае цяпер 950 рублёў (раней квіток каўтаваў 900 рублёў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG