Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель на чорным рынку ўмацоўваецца, на афіцыйным — абясцэньваецца


Курс беларускага рубля да асноўных валют дэманструе на чорным і на афіцыйным рынку адваротныя тэндэнцыі. Калі яшчэ тыдзень таму рубель ушчыльную падабраўся да 9000 за даляр, то сёньня апусьціўся да адзнакі ў 7500. Тым часам афіцыйны курс за гэты ж пэрыяд штодня страчваў па некалькі дзясяткаў рублёў, зафіксаваўшыся 12 верасьня на лічбе ў 5271 рубель; камэрцыйныя банкі набываюць даляр па 5375 рублёў. Ці сапраўды ўлады намагаюцца разьвярнуць чорны рынак да ўзроўню травеньскай дэвальвацыі?

Сяргей Балыкін

Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць умацаваньне беларускага рубля ў ценявым сэгмэнце фінансавага рынку ня болей чым фарсам. Па яго словах, пасьля беспрэцэдэнтнага 300-працэнтнага абвалу, які трываў паўгода, невялікае падвышэньне не павінна ўводзіць у зман:

"Паглядзіце, што адбылося: ад сакавіка-красавіка, за некалькі месяцаў, — падзеньне ў 2,5—3 разы. У маштабах любой дзяржавы гэта нацыянальная катастрофа, і тое, што здарыўся невялічкі адкат, не павінна нікога падманваць, не павінна спараджаць ніякіх ілюзій. Таму што курс беларускага рубля рухнуў. Зараз ён крыху падняўся, але ж у параўнаньні з тым, што было, гэта ўсё роўна нашмат ніжэйшы курс. І ён будзе ісьці ўніз і надалей, бо заўсёды беларускі рубель, за ўсю гісторыю свайго існаваньня, толькі падаў. Так, узвышаўся на кароткі тэрмін, гэта было, але потым усё роўна падаў, падаў і падаў. З усімі дэнамінацыямі пры цяперашнім чорным курсе маем ужо 80 мільёнаў за даляр! Няма такой валюты на пасьлясавецкай прасторы, якая падала б так, як беларускі рубель. Няма! Ні расейскі рубель, ні ўкраінская грыўня, ні сярэднеазіяцкія ці каўкаскія грошы. Няма нідзе такой абясцэненай валюты".

Экспэрты схільныя меркаваць, што зьнешняму ўмацаваньню рубля спрыяюць спадзяваньні на стабілізацыю валютнага рынку. Прынамсі, апошнім часам такіх абяцаньняў ад чыноўнікаў гучала шмат. У прыватнасьці, прадстаўнікі ўраду і Нацбанку заяўляюць, што паступовы выхад на раўнаважны курс пачнецца ўжо 14 верасьня, калі на Беларускай валютна-фондавай біржы стартуе дадатковая сэсія таргоў, дзе курс будзе фармавацца на паставе попыту і прапановы на асноўныя валюты.

Пасьля гэтага, як мяркуецца, пачне вымалёўвацца рэальны рынкавы курс рубля. Яго закладуць, у прыватнасьці, і ў апэрацыі з наяўнай валютай, якая будзе рэалізоўвацца праз банкаўскія абменныя пункты. Нармалізацыю сытуацыі дзяржаўныя фінансісты прадказваюць цягам двух месяцаў. Дарэчы, менавіта за два месяцы чыноўнікі розных рангаў абяцаюць справіцца з крызісам яшчэ з сакавіка. Аднак за прамінулыя паўгода сытуацыя ня толькі не палепшылася, але фактычна зайшла ў тупік. На думку фінансавага кансультанта Сяргея Чалага, ня варта надта давяраць і цяперашнім абяцаньням. Бо ня раз так здаралася, што, зрабіўшы першы крок, улады чамусьці не адважваюцца на другі:

Сяргей Чалы

"1,5—2 месяцы — гэта тэрмін да ліквідацыі двух курсаў, то бок тэрмін выхаду на адзіны курс. Мяркуецца, што цягам некалькіх тыдняў "устаканяцца" ваганьні, якія будуць на дадатковай сэсіі, там гэты курс будзе зьніжацца, і пасьля таго як ён дзесьці больш-менш усталюецца, можна будзе да яго падцягваць афіцыйны. Але менавіта з-за таго, што тут маса этапаў, на любым зь іх можна сустрэць рашэньне кшталту "ай, і так добра, далей ня трэба". Мы ж гэта ўжо праходзілі. Такое было ў красавіку, калі нам абяцалі сэсію, а потым аказалася, што яна непатрэбная. 20 траўня Мясьніковіч казаў, што ў два этапы выйдзем на раўнаважны курс — спачатку дэвальвацыя, а потым яго плаваньне, вызначэньне на падставе попыту і прапановы. Дэвальвацыю зрабілі, а другі крок — не. У нас ужо вялікі вопыт такіх рэчаў. Тым ня меней думаю, што трэба быць настроеным аптымістычна, бо столькі ўжо разоў на граблі наступалі, што ўжо мэтадам спробаў і памылак трэба разумець, што рабіць можна, а што нельга".

Аналітыкі прагназуюць: выхад на раўнаважны курс, які будзе істотна перавышаць вызначаны Нацбанкам, працягне гонку цэнаў на тавары і паслугі. Паводле Сяргея Балыкіна, цэны будуць падцягвацца пад новы камэрцыйны курс, а не пад паралельны афіцыйны, па якім набываць валюту зможа толькі абмежаванае кола асобаў, набліжаных да ўлады:

"Гэта натуральна, таму што набыць валюту можна будзе толькі на дадатковай сэсіі. На асноўнай сэсіі, як і дагэтуль, паспрабуй ты гэтыя
без датацыяў з боку Расеі, нейкіх іншых дзяржаў ці міждзяржаўных аб'яднаньняў мы існаваць ужо ня можам ...

грошы набыць; зараз жа яе немагчыма купіць. Таму пагроза інфляцыйных працэсаў ды іншых наступстваў застаецца — усё будзе залежаць ад таго, якую макраэканамічную палітыку будзе праводзіць наша дзяржава. Але, на маю асабістую думку, стрымліваць інфляцыю дзяржава больш-менш працяглы час ня здолее. Таму што эканоміка ў нас насамрэч хворая, без датацыяў з боку Расеі, нейкіх іншых дзяржаў ці міждзяржаўных аб'яднаньняў мы існаваць ужо ня можам. Так што тут пытаньне такое, неадназначнае".

Карэспандэнт: "Ці можа быць вяртаньне да пасьлядэвальвацыйнага, афіцыйнага курсу — пяцітысячнага?".

"Ні ў якім разе. Калі ён і стабілізуецца, то дзесьці на ўзроўні 7500—8000. Гэта на маю думку і, натуральна, з умовай, што дзяржава зноў не пачне друкаваць грошы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG