Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням калёніі ў Івацэвічах зноў прапанавалі напісаць прашэньні пра памілаваньне


У кароткай тэлефоннай размове дамоў вязень калёніі "Ваўчыныя норы" Эдуард Лобаў паведаміў, што 10 верасьня яго і яшчэ трох палітвязьняў гэтай калёніі — Фёдара Мірзаянава, Паўла Вінаградава і Аляксандра Францкевіча — зноў угаворвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла маці палітвязьня Марына Лобава.

"Сын сказаў, што яны адмовіліся. І што форма прашэньня не абмяркоўваецца — абавязкова трэба прызнаць сваю віну. А больш нічога не пасьпеў сказаць — раптам яго стала дрэнна чуваць і размова прыпынілася", — распавяла Марына Лобава.

Раней Эдуарду Лобаву і Фёдару Мірзаянаву прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні яшчэ ў жніўні і тады яны таксама адмовіліся. Пра тое, што аналягічная прапанова паступіла таксама Паўлу Вінаградаву і Аляксандру Францкевічу, стала вядома ўпершыню.

Фёдар Мірзаянаў і Павал Вінаградаў асуджаныя за падзеі 19 сьнежня адпаведна на 3 і на 4 гады зьняволеньня.

Эдуарда Лобава асудзілі на 4 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве за інцыдэнт, які здарыўся за дзень да выбараў.

Актывіст анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч асуджаны на 3 гады зьняволеньня за ўдзел ў нападах на будынкі.
XS
SM
MD
LG