Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: 2 мільярды эўра за вызваленьне палітвязьняў


На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам міністар замежных спраў Баўгарыі Мікалай Младэнаў павінен быў прапанаваць аднаўленьне стасункаў з Эўразьвязам і 2 мільярды эўра ў абмен на вызваленьне ўсіх палітвязьняў да канца бягучага году. Пра гэта піша польскае выданьне Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцу ў польскім МЗС.

Аўтар артыкула лічыць, што ініцыятыва апублікаваць таемныя дамоўленасьці Лукашэнкі і Младэнава магла паходзіць ад міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які меў на мэце прысьпешыць такім чынам вызваленьне палітвязьняў.

Мы катэгарычна абвяргаем гэтую інфармацыю. Такой прапановы не было
Па выніках перамоваў з Лукашэнкам Младэнаў накіраваў ліст Вярхоўнаму прадстаўніку Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і кіраўнікам зьнешнепалітычных ведамстваў краін ЭЗ. Кіраўнік баўгарскай дыпляматыі паведаміў, што Лукашэнка паабяцаў вызваліць усіх палітвязьняў на пачатку кастрычніка.

Ад пачатаку ў міністэрствах замежных спраў Польшчы і Баўгарыі гэтую інфармацыю не камэнтавалі, піша БелаПАН.

Аднак пазьней зьявілася рэакцыя зьнешнепалітчнага ведамства Баўгарыі. "Мы катэгарычна абвяргаем гэтую інфармацыю. Такой прапановы не было", – заявіла БелаПАН прэсавая сакратарка МЗС Баўгарыі Весела Чарнева.

Пры канцы жніўня кіраўнік баўгарскага МЗС наведаў Менск з таемным візытам і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Інфармацыя пра гэта зьявілася 2 верасьня, яе пацьвердзілі ў прэсавай службе МЗС Беларусі. Аднак гэтую інфармацыю ніяк не пракамэнтавалі ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Дзевяць фігурантаў крымінальнай справы пра падзеі на Плошчы 19 сьнежня былі памілаваныя прэзыдэнтам 11 жніўня.

1 верасьня Лукашэнка памілаваў яшчэ чатырох асуджаных.

Усяго ў вязьніцах застаюцца 15 вязьняў, асуджаных за Плошчу, і 2 актывісты, пакараныя нібыта за хуліганства за дзень да выбараў.

За Плошчу адбываюць пакараньне:
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Дзьмітрый Новік
  • Мікіта Ліхавід
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Андрэй Саньнікаў
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Ільля Васілевіч
  • Мікалай Статкевіч
  • Дзьмітры Вус
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Дзьмітрый Буланаў
  • Павал Вінаградаў
  • Уладзімер Лобан
  • Алег Федаркевіч

З тых, хто застаецца ў зьняволеньні, 3 былыя кандыдаты на прэзыдэнта: Мікола Статкевіч, Дзьмітры Вус, Андрэй Саньнікаў.

Нібыта за хуліганства адбываюць тэрміны Дзьмітры Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG