Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Злучаных Штатах паўсюль прайшлі цырымоніі памяці загінуўшых: самыя маштабныя – у Нью-Ёрку, на Манхэтане, дзе стаялі вежы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру, у Вашынгтоне, ля Пэнтагону і ў штаце Пэнсільванія.

Як заўважыў былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні: «11 верасьня яшчэ ня стала часткай нашай гісторыі – гэта частка нашай сёньняшняй рэальнасьці».

Прэзыдэнт Барак Абама на працягу дня наведаў усе тры мэмарыялы ахвярам атакі 11 верасьня 2001 году.

Самае шматлюднае мерапрыемства прайшло на «нулявой адзнацы» на Манхэтане.

Чатыры разы цырымонія была перапыненая хвілінамі маўчаньня – роўна ў той час, калі 10 гадоў таму два самалёты адзін за адным урэзаліся ў вежы гандлёвага цэнтру, калі трэці авіяляйнэр абрынуўся на Пэнтагон, і калі чацьвёрты "Боінг" упаў і ўзарваўся ў штаце Пэнсільванія.



У цырымоніі ў Нью-Ёрку разам зь дзейным прэзыдэнтам узяў удзел Джордж Буш, які падчас трагічных падзей знаходзіўся на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

Выступаючы перад прысутнымі, Абама працытаваў Біблію: "Таму ня збаімся, хоць бы зямля і горы абрынуліся б у сэрцы мораў".

Мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг сказаў, што 10 гадоў таму "блакітнае неба" ператварылася ў "самую цёмную з начэй".

"Загінуўшыя былі нашымі суседзямі, нашымі сябрамі, нашымі мужамі, жонкамі, братамі, сёстрамі, бацькамі і дзецьмі", – сказаў ён і працягнуў, перафразавўшы Шэкспіра: "Смутак ня вымярайце па мужнасьці іх, бо тады быць ёй бязь меры".

У гадавіну тэрактаў у Нью-Ёрку быў урачыста адкрыты мэмарыял памяці ахвяр 11 верасьня – два басэйны, якія сваёй формай паўтараюць апірышчы вежаў-блізьнятаў. На мэмарыяле высечаныя імёны ўсіх, хто загінуў 11 верасьня, а таксама шасьцярых ахвяр выбуху ў Сусьветным гандлёвым цэнтры ў 1993 годзе.

"Дзякуючы намаганьням нашых вайскоўцаў і нашых спэцслужбаў, праваахоўных органаў і супрацоўнікаў нацыянальнай бясьпекі, няма ніякіх сумненьняў у тым, што Амэрыка стала мацней, а" Аль-Кайда "апынулася на шляху да паразы», – заявіў на адкрыцьці прэзыдэнт ЗША.

Ён сказаў, што за 10 гадоў у Амэрыцы зьмянілася многае, але ня ўсё: «Наш характар як нацыі не зьмяніўся. Наша вера ў Амэрыку, якая нарадзілася зь несьмяротнага ідэалу аб тым, што людзі павінны самі выбіраць сабе ўрад, што ўсе створаныя роўнымі і заслугоўваюць аднолькавай волі ў вызначэньні свайго лёсу – гэтая вера толькі ўмацавалася, прайшоўшы праз усё выпрабаваньні».
XS
SM
MD
LG