Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя, прысьвечаная 20-годзьдзю незалежнасьці, скончылася адключэньнем сьвятла


11 верасьня ў Менскім ДК Трактарнага заводу прайшла канфэрэнцыя “Незалежнасьць: здабыткі і пэрспэктывы”, прысьвечаная 20-годзьдзю наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Калі абмяркоўвалася пэнсійная рэформа, імпрэза была перарваная – у залі адключылі сьвятло.

Канфэрэнцыя была заплянаваная да 17-й гадзіны, адпаведна да гэтага часу была арэндаваная заля. Адміністрацыя ДК МТЗ папярэдне пагадзілася працягнуць яе яшчэ на гадзіну. Аднак зьявіўся невядомы (не прадставіўся і нічога не тлумачыў), які адключыў электрычнасьць у залі.

Намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч зазначыў, што “улады, на жаль, яшчэ не гатовыя да шырокай грамадзкай дыскусіі па праблемных для грамадзтва пытаньнях. Хаця, пры разумным падыходзе, яны першымі павінны быць зацікаўленыя ў напрацоўках кампаніі “Народная праграма”.

Мерапрыемства ладзілася ў межах кампаніі “Народная праграма”, ініцыяванай Рухам “За Свабоду”, пры ўдзеле аргкамітэта па сьвяткаваньні 20-годзьдзя незалежнасьці Беларусі. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел 260 грамадзкіх актывістаў, палітыкаў і экспэртаў, паведамляе прэсавая служба Руху “За свабоду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG