Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рускі мядзьведзь на Каралеўскай гары. Убачанае на ўласныя вочы. Ч.2. Малыя гарады Кёнігсбершчыны


У Калінінградзе сканцэнтраваная амаль палова мільённага насельніцтва вобласьці, астатняе рассыпана па невялікіх гарадах і пасёлках. Некаторыя зь іх адкрыліся для наведваньня толькі праз 65 гадоў пасьля далучэньня часткі былой Усходняй Прусіі да СССР.
Ваенныя караблі на рэйдзе

Шэрая падводная лодка

Балтыйск. Самы заходні горад Расейскай Фэдэрацыі, да 1946 году меў назву Пілаў. Цяпер трапіць у Балтыйск без папярэдне аформленага дазволу ў вайсковай камэндатуры можа любы замежнік, а да 2010-га сюды не пускалі нават жыхароў рэгіёну, такую магчымасьць даваў толькі адмысловы пропуск. Сакрэтнасьць не выпадковая: менавіта тут — найбуйнейшая база ваенна-марскога флёту Расеі на Балтыйскім моры.

Берагавы пірс высунуты далёка ў мора

У мінулыя часы горад меў іншую сэнсавую нагрузку. Да ІІ Усясьветнай вайны Пілаў быў папулярным месцам адпачынку, у яго ваколіцах разьмяшчаўся вядомы курорт Нойхойзэр. З прыходам саветаў горад ад зьнешняга сьвету быў практычна ізаляваны. А ў яшчэ даўнейшыя часы — да сярэдзіны XVI стагодзьдзя — тут месьцілася так званая "бурштынавая адміністрацыя": управа здабычы бурштыну. Увесь стратэгічны запас бурштыну захоўваўся ў спэцыяльных сховішчах, а асабліва каштоўныя экзэмпляры браліся пад ахову ў "Бэрнштайнкамэр". Бэрнштайн — гэта і ёсьць па-нямецку бурштын, што сугучна ў абедзьвюх мовах.

Караблі перад парадам

Больш чым паўвекавая ізаляцыя не спрыяла разьвіцьцю нейкіх іншых сфэраў, акрамя вайсковай. Балтыйск дагэтуль адметны тым, што тут ладзіцца вялікі водны парад, прымеркаваны да Дня ваенна-марскога флёту. Сёлета яго прымаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. "Разаграваць" караблі пачалі за некалькі дзён да прыезду высокіх гасьцей. Можна было пабачыць і рэдкае відовішча — праз заліў праплыла ваенная падводная лодка.

гэтыя землі ўжо былі ў складзе Расейскай імпэрыі

Рыбакі вяртаюцца з уловам

Цяпер у Балтыйск заходзяць і танкеры

На пачатку 2000-х побач зь пірсам, які заходзіць далёка ў мора і адкуль адміралы прымаюць ваенны парад, зьявіўся напамін пра раньняе расейскае мінулае гэтых тэрыторый — конны помнік імпэратрыцы Лізавеце Пятроўне. Менавіта пры ёй Усходняя Прусія на некалькі гадоў стала адной з правінцыяў Расейскай імпэрыі. Скульптура сустракае ўсе караблі, якія ўваходзяць у Калінінградзкі заліў. Цяпер на Балтыйск ускладзеныя функцыі ня толькі ваеннага порту, але таксама рыбалавецкага і транспартнага. У бухту заходзяць кантэйнэравозы і нафтаналіўныя танкеры, вяртаюцца з паходу і выпраўляюцца ў мора рыбацкія катэры.

Яшчэ ня Юрмала, але дзесьці блізка

Мясцовая архітэктура захавала адметнасьць

Сьветлагорск. Да 1946 году — Раўшэн. Самая "вылізаная" ў параўнаньні з усімі астатнімі мясьцінамі Калінінградзкай вобласьці. Яшчэ не латыская Юрмала ці літоўская Паланга, але і ня тое, што ўкладаюць у паняцьце "курорт" на беларускай Нарачы. Курортны статус, як і амаль усё на гэтай тэрыторыі, атрыманы ў спадчыну ад ранейшых гаспадароў. Курортам нацыянальнай значнасьці Раўшэн баў абвешчаны ў першай палове XIX стагодзьдзя каралём Фрыдрыхам-Вільгельмам V. Пасьля гэтага горад пачаў імкліва разьвівацца, тут пачалі будаваць вілы тагачасныя VIP-пэрсоны. Як і паўсюль на Калінінградчыне, гэтыя будынкі дагэтуль уяўляюць найбольшую цікавасьць.
Арыгінальная вежа водалячэбніцы


Прывітаньне з Раўшэну

Архітэктурны сымбаль гораду – вежа водалячэбніцы, якую дабудавалі паводле праекту архітэктара Ота Вальтэра Кукука ў 1908 годзе. Увогуле Раўшэн-Сьветлагорск у розныя гады аблюбавала вайсковае камандаваньне. Падчас І Усясьветнай вайны на ўзьбярэжжы лекаваліся і праходзілі рэабілітацыю кайзэраўскія афіцэры, а пасьля ІІ Усясьветнай тут разьмясьціўся Цэнтральны ваенны санаторый Міністэрства абароны СССР, цяпер падначалены расейскаму абароннаму ведамству.

Гандаль практычна не спыняецца
Месца збору кінэматаграфістаў


Спуск да мора вымагае падрыхтоўкі

У Сьветлагорску любяць зьбірацца кінэматаграфісты — тут праводзіцца кінафэстываль "Балтыйскія дэбюты". А ў сэзон цэнтральная вуліца гораду ператвараецца ў суцэльны намётавы гарадок, дзе практычна круглыя суткі ідзе бойкі гандаль — як правіла, бурштынавымі вырабамі. Сярод тых, хто адпачывае, нямала немцаў. Прынамсі, нямецкая мова гучыць рэгулярна. Сустракаюцца і беларусы — як правіла, госьці калінінградзкіх сваякоў. Адпачынак у Сьветлагорску лічыцца самым цывілізаваным (ня лічачы Курскай касы), таму сюды намагаюцца прывезьці ўсіх, хто наведаў рэгіён.


Куршская каса. Беларусам больш вядомая літоўская частка касы, якая мае нашмат больш цывілізаваны выгляд. Аднак расейская абыякавасьць, магчыма, пайшла на карысьць — зялёнаградзкі кавалак Курскай касы ўражвае якраз сваёй першароднасьцю. Увесь 100-кілямэтровы ўчастак да літоўскай мяжы — вузкая дарога без узбочыны, зь нізка навіслымі дрэвамі і рэдкімі праявамі чалавечай прысутнасьці. Некалькі забягалавак, краязнаўчы музэй, невялікі санаторый; самае буйнае паселішча — Рыбачы (на месцы замка Россытэн) — налічвае 1500 жыхароў. Магчыма, людзкі прыток стрымлівае экалягічны збор за ўезд на тэрыторыю нацыянальнага парку. Раней — у эквіваленце 10 даляраў з машыны, цяпер гэтую суму спаганяюць з кожнага пасажыра.

…але ўбачанае таго варта. Кожны начальнік хацеў бы жыць у такой ідыліі

Затое мясцовую грамадзкасьць раз-пораз скаланаюць скандалы, зьвязаныя з тым, што нехта з высокіх дзяржаўных чыноўнікаў ці мясцовых алігархаў намагаецца пабудаваць на касе "загарадны домік" пакояў на 10—15. Пры тым, што статус Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА падобную самадзейнасьць катэгарычна забараняе. За нямецкімі часамі каса разглядалася перадусім як прыродная лябараторыя. Прыкладам, у згаданым Рыбачым у 1901 годзе была заснаваная адна зь першых у сьвеце арніталягічных станцый, каб вывучаць шляхі міграцыі птушак з Эўропы ў Афрыку.
Асабліва рухавыя дзюны бяруць у "палон"

Назва касы паходзіць ад племені куршаў, якія насялялі вузкі пясчаны насып яшчэ да калянізацыі Прусіі немцамі. Але ўва ўсе часы розных насельнікаў паўвыспы турбавала агульная праблема — абараніць яе ад размываньня водамі Балтыйскага мора ды выдзіманьня верхняга пласта ветрам. Пасьля зьнішчэньня значных лясных тэрыторый у XIX стагодзьдзі, у выніку чаго пад пяском былі пахаваныя многія вёскі, уратаваньне ўнікальнага прыроднага ляндшафту стала справай гонару нямецкіх уладаў. Дзеля ўмацаваньня берагавой лініі высадзілі сотні гектараў расьліннасьці, а найбольш рухавыя дзюны ўзялі ў каркас з лазовых галінак.

Дзюна Эфа – гонар касы

Рух празь "дзікія" тэрыторыі – толькі па дошках

Блукаючыя дзюны — сапраўдны унікум Курскай касы. На расейскай тэрыторыі месьцяцца адны з самых адметных у Эўропе пясчаных гораў, Найбольш папулярная зь іх — самая высокая на кантынэнце рухомая дзюна Эфа, названая ў гонар свайго дасьледчыка. Яе вышыня — 64 мэтры. Агледзець прыродны цуд можна з адмысловай агляднай пляцоўкі, але ўсялякі самавольны шпацыр па пяшчанай пустэчы забаронены. Толькі па драўляных насьцілах.

Гармонія прыроды і чалавека

Курская каса — безумоўна, лепшае месца для рэляксу. Дробны белы пясочак, бурлівае мора і адсутнасьць вялікай колькасьці лішніх вачэй — што яшчэ трэба для адчуваньня гармоніі з прыродай?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG