Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Мікалай Статкевіч пераведзены ў атрад, але вызвалены ад працы. Аляксандар Класкоўскі зноў адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Зьмітра Дашкевіча пасьля ПКТ зноў будуць судзіць. Дзьмітры Новік пазваніў дамоў пасьля амаль месяца маўчаньня. У Андрэя Саньнікава было сапраўднае за 9 месяцаў спатканьне з жонкай Ірынай Халіп.

Зьміцер Дашкевіч

10 верасьня заканчваецца месячны тэрмін знаходжаньня Зьмітра Дашкевіча ў ПКТ – памяшканьні камэрнага тыпу. Лідэра "Маладога фронту" зьмясьцілі ў ПКТ калёніі ў Горках за шэраг парушэньняў рэжыму, пра якія, аднак, дакладна невядома. Але ці выйдзе сёньня Зьміцер Дашкевіч з ПКТ ў атрад? Гэта застаецца пад пытаньнем для ягонага адваката і нявесты, Насты Палажанкі. Учора ім стала вядома, што 13 верасьня ў калёніі адбудзецца новы суд над Дашкевічам. Кажа Наста Палажанка.

"Прыйшло паведамленьне адвакату, што ў аўторак адбудзецца судовае
Зьмітра Дашкевіча могуць накіраваць для адбыцьця пакараньня ў турму ў Гародні ...

паседжаньне паводле пытаньня аб зьмене месца адбыцьця пакараньня Зьмітром, паколькі ён нібыта зьяўляецца злосным парушальнікам рэжыму і двойчы асуджаным. Хутчэй за ўсё там вырашаць пра ягоны перавод у закрытую турму".

Наста Палажанка не выключае, што ў выніку Зьмітра Дашкевіча могуць накіраваць для адбыцьця пакараньня ў турму ў Гародні, дзе сядзяць рэцыдывісты.

Нагадаю, Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны ў 2006 годзе на паўтары гады за удзел ў незарэгістраванай арганізацыі і адбыў у калёніі амаль 17 месяцаў. Другі раз актывіста асудзілі сёлета ў сакавіку на 2 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, нібыта зьдзейсьненым 18 сакавіка. Зьміцер Дашкевіч сваёй віны не прызнаў і заявіў пра правакацыю спэцслужбаў напярэдадні выбараў.

Мікола Статкевіч

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч сустрэўся ў калёніі з адвакатам. Стала больш падрабязна вядома пра стан здароўя Мікалая Статкевіча, які параніў руку на разгрузцы лесу. Жонка палітыка Марына Адамовіч паведаміла дэталі.

"Рука, дзякуй Бога, не пераламаная, прыціснуты мяккія тканіны левай рукі. Рука зараз у гіпсе, Мікола не працуе. Што да працы, ён працаваў на лесапілцы, падцягваў бярвеньні і дошкі. Ён адзначае такі момант, што як яго прызначылі на лесапілку, нагрузка там павялічылася ўдвая, а як зь ім здарылася траўма, дык працы амаль ня стала".

Марына Адамовіч падзялілася таксама інфармацыяй, што палітвязьням Шклоўскай калёніі, дзе знаходзіцца яе муж, прапаноўваюць падпісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Пры гэтым прашэньні сталі стандартныя, ў якіх недапушчальна не прызнаваць сваёй віны.

У Шклоўскай калёніі яшчэ ўтрымліваюць палітвязьняў Дзьмітрыя Новіка, Аляксандра Класкоўскага і Ўладзімера Лобана. Жонка Аляксандра Класкоўскага даўно не атрымлівала ад яго лістоў, а апошні тэлефонны званок быў болей за 2 тыдні таму. Маці Дзьмітрый Новіка распавяла, што сын званіў напярэдадні пасьля некалькіх тыдняў маўчаньня. "Але размова была вельмі кароткай,"—кажа Натальля Новік.

"Званіў учора. Нічога асаблівага не распавядаў. Дык там і не распавядзеш, бо над імі стаяць...Спытаў, ці даслала я пасылку і сказаў, што крыху прыхварэў, прастыў".

Андрэй Саньнікаў

Вязень Наваполацкай калёніі экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў меў доўгатэрміновае спатканьне з жонкай, журналісткай Ірынай Халіп. Яны ўпершыню за 9 месяцаў змаглі пабыць разам, а ня толькі пабачыцца праз шкло. Ірына Халіп, калі прыехала дамоў, паведаміла, што яе муж трымаецца добра і папрасіла журналістаў нейкі час яе не турбаваць з пытаньнямі. Маці палітвязьня Ала Ўладзіміраўна распавяла.

"Праз тэлефон яна мне сказала, што сустрэча прайшла вельмі добра. Сказала, што настрой у яго бадзёры, верыць ў сваю свабоду".

Аляксандар Атрошчанкаў

Дар'я Корсак, жонка прэсавага сакратара Саньнікава Аляксандра Атрошчанкава паведаміла са спасылкай на званок ад мужа, што на наступным тыдні ён пачынае вучыцца на курсах на наладчыка станкоў. Адміністрацыя калёніі "Віцьба-3" цікавілася ў Аляксандра, ці будзе ён падпісваць прашэньне аб памілаваньні. "Атрымаўшы адмову, ад яго адчапіліся і больш не прапаноўваюць", — кажа Дар'я Корсак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG