Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2 дні да 11 верасьня 2001 году ў Беларусі прайшлі другія прэзыдэнцкія выбары. Але і праз 10 гадоў у Беларусі на першы погляд нічога не зьмянілася: той жа правадыр, той жа рэжым, стаўшы толькі больш жорсткім. Ветры гісторыі здаецца абышлі краіну. Ці ўсё ж час пасьля ground zero ( ўзроўню нуль) зьмяніў і Беларусь ці прынамсі меры адбіўся на ёй?

доўгае рэха 9/11 ў выглядзе «арабскай вясны» сьведчыць пра тое, як раптоўна абрынаюцца рэжымы, якія здаваліся вечнымі, як піраміды

На Беларусі адбілася ня столькі сама па сабе амэрыканская трагедыя 9/11, колькі яго палітычнае рэха -- стратэгічны адказ ЗША на гэты выклік. На тэрарыстычную атаку Амэрыка адказала распаўсюдам дэмакратыі па ўсім сьвеце, ударам па сваіх ворагах і іх саюзьніках у іх дома. Можна спрачацца наконт таго, наколькі гэты адказ быў адэкватным і плённым, хаця, зразумела, вайна з тэрарызмам далёка не вычэрпвалася гэтым. Аднак менавіта гэта кампанэнт адказу наўпрост тычыўся і тычыцца аўтарытарнай дыктатарскай Беларусі.

У параўнаньні з канцом мінулага стагодзьдзя амэрыканскі ціск на Лукашэнку істотна ўзмацніўся – ўзмацніўся ў дыпляматычнай, палітычнай і эканамічнай сфэрах. Пазыцыя Эўропы заўсёды ў гэтым сэнсе была больш гнуткай, больш памяркоўнай, аднак Злучаныя Штаты задавалі кропку адліку: пазыцыя Эўропы была менш рашучай, чым амэрыканская, але больш рашучай, чым была б, калі б амэрыканцы не вялі свой дэмакратычны наступ.

Варта адзначыць, што рэакцыя ЗША, асабліва ў першыя гады пасьля тэрарыстычнага нападу, была дваістай: з аднаго боку, распаўсюд дэмакратыі як стратэгічная мэта, зь іншага – пошук саюзьнікаў і партнэраў у барацьбе з тэрарызмам, у шэрагу якіх аказваліся дзяржавы, лад якіх быў вельмі далёкім ад дэмакратыі: Саудаўская Арабія, Катар, Пакістан, Узбэкістан, нарэшце Расея.

Але Беларусь з гэтай дваістасьці не скарысталася, сымбалічнай была нават самая першая рэакцыя афіцыйнага Менску – адмова А.Лукашэнкі ехаць у амэрыканскую амбасаду і выказаць спачуваньні, калі стала вядома, што здымкі ў амбасадзе забароненыя.

сымбалічнай была нават самая першая рэакцыя афіцыйнага Менску – адмова А.Лукашэнкі ехаць у амэрыканскую амбасаду і выказаць спачуваньні, калі стала вядома, што здымкі ў амбасадзе забароненыя

Ускосным наступствам, праявай амэрыканскага адказу 9/11 стаў і шэраг «каляровых» рэвалюцыяў: у сярэдзіне стагодзьдзя на постсавецкай прасторы, напачатку новага дзесяцігодзьдзя – ў арабскім сьвеце. Ня тое, што ЗША іх арганізоўвалі, але тое што натхнялі, хай сабе і толькі ідэалягічна – гэта пэўна. Досьвед гэтых рэвалюцый у сваю чаргу адбілася і на Беларусі: ўзор Майдану – дагэтуль сцэнар, які натхняе апазыцыю і палохае ўладу.

У сваю чаргу адказам на адказ стаў пошук беларускім лідэрам новых сяброў, рэалізацыя перафразаванага марксавага лёзунгу «Аўтарытарыі ўсіх краін – яднайцеся»: Ірак Хусэйна, Іран, Вэнэсуэла – ўсе гэтыя сябры завяліся ў Лукашэнкі менавіта ў нулявыя гады, паводле формулы «вораг майго ворагу – мой сябра».

Зразумела, Беларусь ніколі не была мэтай наўпроставага адказу на 9/11: тэрарыстычная пагроза ад яе не сыходзіла, прытулку тэрарыстам яна не давала, нават у стасунках з дзяржавамі, якія лічацца спонсарамі тэрарызму, афіцыйны Менск не пераходзіў «чырвоную рысу».

Беларусь ніколі не была мэтай наўпроставага адказу на 9/11

Часткова гэтым тлумачыцца тое, што ў Беларусі ўсё засталося па-ранейшаму, як ў 2001 годзе. Праўда, доўгае рэха 9/11 ў выглядзе «арабскай вясны» сьведчыць пра тое, як раптоўна абрынаюцца рэжымы, якія здаваліся вечнымі, як піраміды.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG