Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет моцна зьмяніўся за 10 гадоў, якія мінулі пасьля тэрарыстычных атакаў на ЗША 11 верасьня 2001 году. Крыстыян Кэрыл, шэф вашынгтонскага бюро Радыё Свабода, спрабуе адказаць, у які бок пайшлі гэтыя зьмены.



Сілы ЗША забілі Ўсаму бін Лядэна. Садам Хусэйн і яго рэжым сталі гісторыяй. Арабская Вясна сказала красамоўнае «не» прыхільнікам крывавага джыхаду. Заклік да сьвятой вайны супраць Захаду паблякнуў.

Аднак, 10 гадоў пасьля фатальнага дня 11 верасьня 2001, поўная перамога ў гэтак званай «вайне супраць тэрору» застаецца недасягальнай, як і раней. Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі выйгралі некалькі бітваў. Але ланцуг падзеяў, які быў прыведзены у рух у той фатальны дзень, яшчэ не знайшоў свайго завяршэньня.

Ва Аўганістане талібы, якіх амэрыканцы разам з аўганцамі адсунулі ад улады ў лістападзе 2001 году, зноў падымаюць галовы. Урад прэзыдэнта Хаміда Карзая, які прыйшоў да ўлады з амэрыканскай дапамогай у пачатку 2002 году, вядзе перамовы з ваеўнікамі мулы Амара.

У Іраку, дзе кіраваная амэрыканцамі інвазія ў 2003 годзе адсунула ад улады Садама Хусэйна, пагроза грамадзянскай вайны, якая магла б разьдзяліць краіну на часткі, паменшала. Але стабільная улада і бясьпека ўсіх грамадзянаў – усё яшчэ недасяжныя.

І ў самых Злучаных Штатах пачуцьцё палёгкі, што краіна пражыла гэтыя 10 гадоў без яшчэ адной тэрарыстычнай атакі, якая пацягнула б за сабою масавыя ахвяры, мяшаецца з горыччу ўсьведамленьня коштаў – эканамічных, палітычных і асабістых – глябальнай вайны супраць няўлоўнага ворага.

Мы пазычалі грошы на гэтыя войны, упершыню ў амэрыканскай гісторыі здарылася так, што краіна не павысіла падаткаў, каб заплаціць за сваю вайну, і гэта надзвычай дрэнна

Прафэсар Майкл Мандэлбаўм з унівэрсытэту Джонса Гопкінса, адзін зь вядучых амэрыканскіх экспэртаў у пытаньнях замежнай палітыкі, лічыць, што найбольш сур’ёзным наступствам атакаў 11 верасьня 2001 было тое, што яны адвярнулі ўвагу кіраўнікоў ЗША ад неадкладных унутраных праблемаў і прыярытэтаў, такіх як рэформы сыстэмаў аховы здароўя і адукацыі ды павышэньне эканамічнай канкурэнтаздольнасьці краіны ў сьвеце.

– Адным з найбольшых выклікаў зьяўляецца дэфіцыт бюджэту фэдэральнага ўраду, пабольшаны войнамі ў Аўганістане і Іраку, за якія краіна не плаціла. Мы пазычалі грошы на гэтыя войны, упершыню ў амэрыканскай гісторыі здарылася так, што краіна не павысіла падаткаў, каб заплаціць за сваю вайну, і гэта надзвычай дрэнна» – сказаў Мандэлбаўм нашаму радыё.

Сёньня вайсковыя выдаткі ЗША складаюць прыблізна 46% сусьветных выдаткаў на гэтыя мэты. Бюджэт выведкі падвоіўся за апошняе дзесяцігодзьдзе. Паводле ацэнкі газэты The Washington Post, 854 тысячы амэрыканцаў маюць допускі да працы з дакумэнтамі найвышэйшай ступені сакрэтнасьці.

Зразумелае памкненьне прадухіліць наступную тэрарыстычную атаку давяло адміністрацыю прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага да сэрыі драконаўскіх захадаў, уключна з «паглыбленымі допытамі» вязьняў – якія кваліфікуюцца некаторымі як катаваньні – і праграмамі сачэньня за амэрыканскімі грамадзянамі ўнутры краіны.

Адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы адкінула гэтую празьмерную інтэрпрэтацыю паўнамоцтваў выканаўчай улады, якую прапанаваў папярэдні прэзыдэнт, і спыніла некаторыя практыкі эпохі Буша. Аднак Абаму не ўдалося выканаць сваё абяцаньне і зачыніць славутую турму ў Гуантанама (хоць ён спыніў наплыў новых вязьняў у тую турму).

Эпоха, якая наступіла пасьля 11 верасьня 2001, усё яшчэ трывае

Ніхто ня ведае колькасьці цывільных ахвяраў баявых дзеяньняў ЗША на Блізкім Усходзе і ў паўночна-заходняй Азіі. Але яны напэўна вымяраюцца дзясяткамі тысяч чалавек. Гэтыя сьмерці – разам з паведамленьнямі аб дрэнным абыходжаньні зь вязьнямі ў амэрыканскай турме Абу-Грайб у Іраку – прычыніліся да ўздыму антыамэрыканскіх настрояў у сьвеце.

Шмат амэрыканцаў, стомленых дзесяцігодзьдзем панурых паведамленьняў, перасталі цікавіцца падзеямі ва Аўганістане і Іраку. Але гэтая штораз большая апатыя не спыніла росту колькасьці ахвяраў. Больш чым 6 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў загінулі ў гэтых дзьвюх войнах, а 43 тысячы сталі інвалідамі.

Ніхто ня ў змозе сказаць, калі гэтае змаганьне закончыцца – асабліва ў Аўганістане, дзе ЗША ўсё яшчэ не перадалі поўнай адказнасьці за краіну ў рукі ураду Карзая, які знаходзіцца ў штораз мацнейшай аблозе.

Тым часам Аль-Каіда, паводле аналітыкаў, знаходзіць сабе новыя прыстанішчы ў Емэне і Самалі.

Эпоха, якая наступіла пасьля 11 верасьня 2001, усё яшчэ трывае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG