Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Кулаева: «Выпадак Алеся Бяляцкага выходзіць за рамкі беларускай сытуацыі»


Аляксандра Кулаева, архіўнае фота FIDH.

Аляксандра Кулаева, архіўнае фота FIDH.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) плянуе шэраг захадаў дзеля вызваленьня свайго віцэ-прэзыдэнта, кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека разглядае змаганьне за вызваленьне Алеся Бяляцкага як прыярытэт, маючы на тое шэраг прычынаў. Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведаміла кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Саша Кулаева. Асабліва ўлічваючы тыя абставіны, пры якіх быў арыштаваны вядомы праваабаронца.

«Паколькі гэта ўздымае вельмі важнае пытаньне, як Эўрапейскі Зьвяз павінен наагул супрацоўнічаць з аўтарытарнымі рэжымамі. Падзеі ў арабскім сьвеце паказваюць, што падтрымка грамадзянскай супольнасьці больш прадуктыўная для стабільнасьці ў рэгіёне, чым перамоўны фармат з аўтарытарнымі рэжымамі. Выпадак Алеся Бяляцкага, які б ён ні быў нам дарагі і каштоўны як калега, выходзіць за рамкі самога Бяляцкага і нават беларускай сытуацыі».

Паводле Сашы Кулаевай, лёс Бяляцкага ў пэўным сэнсе вырашаецца цяпер, да пачатку судовых дзеяньняў, калі ідзе торг зь Беларусьсю ў пытаньнях эканомікі, санкцый і ўмоваў вызваленьня палітвязьняў.

«Мы плянуем вельмі актыўную працу ў Брусэлі, куды я выяжджаю ў бліжэйшы час, з Эўразьвязам. Пасьля гэтага мы працягнем працу ў Страсбуры над тэрміновай рэзалюцыяй Эўрапейскага парлямэнту, якая, як мы спадзяемся, выйдзе ў бліжэйшыя дні. Менавіта па справе Бяляцкага і сытуацыі ў Беларусі. Мы таксама плянуем сустрэчу з камісарам Рады Эўропы Хаманбэргам. І ўва ўсіх гэтых сустрэчах будзе браць удзел наша сяброўская арганізацыя ў Беларусі „Вясна“. Таксама мы будзем актыўна працаваць з Радай па правах чалавека ААН, якая будзе разглядаць даклад па Беларусі вярхоўнага камісара па правах чалавека 20 верасьня ў Жэнэве. Месяц скончыцца паездкай у Варшаву, дзе будзе праходзіць штогадовая сустрэча па чалавечым вымярэньні АБСЭ, дзе таксама пытаньне пра Беларусь і пра Алеся будзе, як мы спадзяемся, стаяць на самым высокім узроўні. І мы, вядома, будзем падтрымліваць і саму „Вясну“, і сям’ю Алеся ўсім, чым можам».

Ад афіцыйнага Менску праваабаронцы патрабуюць ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і зьменаў самой сыстэмы, якія змогуць прадухіліць палітычныя рэпрэсіі ў будучыні. Паводле Сашы Кулаевай, аўтарытарныя рэжымы фармальнай падставай для арышту праваабаронцаў называюць, як правіла, не праваабарончую дзейнасьць.
Я ўпэўнена, што ніхто не падмануты гэтым абвінавачаньнем, ніхто не расцэньвае яго так, як хацелася б тым, хто наладжвае паклёпніцкія кампаніі ў беларускай прэсе.

«У гэтым выпадку парадокс у тым, што тыя самыя краіны, якія імкнуцца, як могуць, падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, прывялі да таго, што самыя сьмелыя мары беларускага рэжыму збыліся і далі ім магчымасьць арыштаваць Алеся. Але я ўпэўнена, што ніхто не падмануты гэтым абвінавачаньнем, ніхто не расцэньвае яго так, як хацелася б тым, хто наладжвае паклёпніцкія кампаніі ў беларускай прэсе. Бо роля Алеся ў дапамозе ахвярам працягваецца ўжо 15 гадоў».

Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч паведаміў, што Алесь у сваіх лістах ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, на здароўе. Ён удзячны ўсім тым, хто піша яму за краты. Як улада адказвае на паручальніцтвы за яго вызваленьне з-пад арышту?

«Прыходзяць фармальныя адпіскі, якія нават складзеныя з парушэньнем працэсуальнага заканадаўства. Дзе абсалютна не матывавана, чаму сьледзтва ня бачыць магчымым прымяненьне да спадара Бяляцкага такой меры стрыманьня, як паручальніцтва. Мы з самага пачатку не разглядалі гэта як юрыдычную працэдуру, а выключна як грамадзкую акцыю падтрымкі. Мы ведаем, што спадар Бяляцкі безумоўна ўдзячны ўсім тым людзям, якія за яго падпісаліся. Мы разглядаем яго як аднаго з найбольш каштоўных палітычных закладнікаў, якіх сёньняшні рэжым захапіў дзеля гандлю. І таму вызваленьне Бяляцкага і ягонае пакараньне — гэта выключна будзе пралічвацца з палітычнай мэтазгоднасьцю сёньняшняга рэжыму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG